Top.Mail.Ru

Чаму нацыянальны конкурс на «Лістападзе» — праграма з асаблівай місіяй?

Код адраджэння


Напярэдадні адкрыцця міжнароднага кінафоруму мы распыталі ў праграмнага дырэктара нацыянальнага конкурсу «Лістапад» Аляксандра ПЯТРОВІЧА і яго асістэнта — рэжысёра Настассі МУЛЯРОВАЙ, ці праяўляюць цікавасць да фестывалю беларускія рэжысёры, што яны імкнуцца распавесці шырокай аўдыторыі і на якія сеансы абавязкова трэба купіць квіткі?

Пра адбор у лічбах і асобах

— Лічбы ў нас у гэтым годзе, мабыць, прыкладна такія ж, як і былі летась на этапе адбору. Мы тады атрымалі каля 40–50 заявак ад беларускіх рэжысёраў. Гэта, я лічу, менавіта тыя работы, якія падыходзілі пад наш рэгламент: калі аўтар павінен быць беларусам, жыць у нашай краіне і каб фільм быў зняты ў нас. У выніку ў праграму мы тады адабралі недзе каля двух дзясяткаў карцін. А сёлета ў праграму ўвайшлі 14 фільмаў, — расказвае Настасся Мулярова. — Але гэта ўжо не толькі работы кароткага хронаметражу, а больш працяглыя карціны. Увогуле сёлета ў нас больш аб’ёмных фільмаў. Калі казаць пра змест, то таксама ёсць адрозненні. У мінулым годзе, напрыклад, было шмат работ, прысвечаных асэнсаванню Вялікай Айчыннай вайны, прычым і ў нашу праграму трапіла 5–6 такіх работ. А сёлета ўжо некаторыя аўтары звярнулася да тэмы Чарнобыля. І дзве адпаведныя стужкі мы адабралі для паказу.

Фільмы «Палескі запаведнік. Жыццё пасля Чарнобыля» Ігара Бышнёва і «Чарнобыль — 40. Код адраджэння» гомельскага рэжысёра Алены Трацэнка пакажуць 31 кастрычніка ў рамках цырымоніі адкрыцця нацыянальнага конкурсу.

— Летась мы адкрылі і далі дарогу фільмам вельмі маладых рэжысёраў — узрост аўтараў складаў 14–16 гадоў. І мы падумалі, што нельга спыняць творчыя парывы, а наадварот, трэба дапамагаць і падтрымліваць такіх рэжысёраў. Відаць, прыклад Уладзіслава Белавуса і яго фільма «Гучыць як каханне» натхніў многіх у мінулым годзе, таму што гэтым разам у нас ужо быў проста аншлаг зусім маладых аўтараў. І дзве такія работы — «Рагнеда» і «Сумленне» — таксама ўключаныя ў нашу праграму, — працягвае Настасся Мулярова. — Акрамя гэтага, ёсць і студэнцкія работы, іх узровень ужо бліжэй да прафесійнага кіно, але яны зняты маладымі рэжысёрамі. Адабралі мы для паказу і два мультфільмы — «Добрае стаўленне да музыкі» Алісы Лісок і «Мой звер» Аляксандры Татур, яна беларуска, але вучыцца ва Усерасійскім дзяржаўным універсітэце кінематаграфіі. Пакажам і дзве дыпломныя работы выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — «Асколак сонца» Паліны Арцюкоўскай і «Элегію» Элана Лыскова.

Пра важнае — на кантрасце

— Увогуле ў гэтым годзе нацыянальны конкурс у нас істотна амаладзіўся. Калі год таму сярод удзельнікаў былі людзі сярэдняга і больш сталага ўзросту, то сёлета асноўны касцяк нашай праграмы складае моладзь. Думаю, што гэта добра, бо за маладымі людзьмі — будучыня кіно ў нашай краіне, — упэўнены Аляксандр Пятровіч.

— Значыць, захоўваецца місія нацыянальнага конкурсу на «Лістападзе» як пляцоўкі па падтрымцы і прасоўванні маладых беларускіх кінематаграфістаў?

— Гэта асноўны прынцып нашага конкурсу, які першапачаткова і закладваўся. На кінафестывалі ёсць многа конкурсаў, у якіх могуць удзельнічаць і беларускія рэжысёры. Асноўны конкурс — гэта больш для масцітых майстроў, неігравое кіно — таксама для профі пэўнага ўзроўню, анімацыя ўвогуле — мастацтва штучнае. А вось нацыянальны конкурс якраз і дае магчымасць усім спрабаваць свае сілы, — лічыць Аляксандр Пятровіч.

Уважлівы глядач заўважыць у праграме конкурсу і фільм Настассі Муляровай «Надзея, наперад!». Адметна, што паказ яго адбудзецца разам са стужкай «Маё прозвішча» маладога рэжысёра Яніны Данілевіч, якая працуе аператарам на студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Гэта дэбютная карціна аўтара.

— У гэтых двух фільмах вельмі моцны сацыяльны кантраст. Насціна работа — гісторыя пра дзяўчыну, якая з’яўляецца прыкладам чалавека з моцным характарам: нягледзячы на абмежаваныя магчымасці і недахоп бацькоўскай любові, яна не страціла свой стрыжань і па волі лёсу стала спартсменкай. Не ўсім увогуле шчасціць знайсці сябе ў жыцці, а гераіні ўдалося, — кажа Аляксандр Пятровіч. — А другі фільм — «Маё прозвішча» — наадварот, пра сямейную цеплыню, пра традыцыі і пра добрыя ўзаемаадносіны паміж роднымі людзьмі. Таму падчас іх паказаў мы прапануем гледачам пранікнуцца аўтарскімі поглядамі на сямейную тэматыку.

Суразмоўцы адзначаюць, што пры выбары фільмаў для конкурснай праграмы ім было вельмі важна знайсці тыя, якія змогуць зачапіць гледачоў. Пасля ўжо, вядома, аналізавалі з пазіцыі рэжысуры, аператарскага мастацтва і інш. Галоўная задача на этапе адбору — выбраць з патоку кінаработ, дасланых на конкурс, менавіта тыя, якія зацікавяць гледача і будуць годна прадстаўлены міжнароднаму журы.

— Канкурэнцыя ў нас сумленная, нягледзячы ні на ўзрост, ні на магчымасці для стварэння фільма, — дадае Аляксандр Пятровіч. — Таму што і дакументалістыка, і анімацыя, і ігравое кіно, і тэлежурналістыка — гэта ўсё розныя падыходы, розныя фарматы падачы матэрыялу. Але менавіта за кошт гэтага мы можам сабраць шырокую і разнастайную палітру фільмаў для нашых гледачоў.

А калі паспрабаваць скласці партрэт сучаснага маладога беларускага кінематаграфіста з праграмы нацыянальнага конкурсу гэтага года, то там у кожнага аўтара будзе нешта адметнае, аднак ёсць і тое, што іх аб’ядноўвае.

— Падабраліся вельмі розныя рэжысёры, але калі прааналізаваць, то гэта малады чалавек, які ў сваёй творчасці закранае і даследуе важныя для яго тэмы, незалежна ад таго, фільм на сацыяльную тэматыку альбо ў ім даследуецца жыццё ці гісторыя нашай краіны, — разважае Настасся Мулярова. — Напрыклад, летась сярод удзельнікаў быў рэжысёр Антон Яфіменка, і сёлета ўбачым яго новы фільм «Опціна Белай Русі». Ён працуе выкладчыкам у духоўнай семінарыі. Зразумела, гэтым людзям важна асэнсаванне пэўных хрысціянскіх, духоўных традыцый, таму і фільмы здымаюцца на такія тэмы. Альбо ўзяць школьнікаў, для іх характэрны юнацкі максімалізм, што таксама знойдзе адлюстраванне ў фільмах. 

Запрашаем усіх на паказы!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю