Праходзіць дыспансерызацыю летам, калі колькасць вірусаў мінімальная, вельмі зручна, сцвярджаюць медыкі. Чаму не варта грэбаваць дыспансерызацыяй і як прайсці яе ў найкарацейшыя тэрміны, паведамляюць «Минск-Новости».
Дыспансерызацыя прызначана для папярэджання і ранняга выяўлення захворванняў — анкалагічных, сардэчна-сасудзістых, эндакрыннай сістэмы і органаў дыхання, — і заклікана выявіць хваробы на ранняй стадыі, калі можна абысціся мінімальным лячэннем.
— Пасля таго, як былі прыняты змяненні ў Працоўны кодэкс, і ў наймальніка з’явіўся абавязак выдзяляць работнікам аплатныя дні для праходжання гэтага комплексу мерапрыемстваў, актыўнасць людзей узрасла, адзначыла загадчыца аддзялення агульнаадукацыйнай практыкі № 2 19-й цэнтральнай раённай паліклінікі Алена Залеская.
Пералік неабходных абследаванняў залежыць ад узросту і полу пацыента, а таксама ад выяўленых фактараў рызыкі. У гэты спіс уваходзяць:
- агульныя аналізы крыві і мачы;
- аналіз крыві на цукар і біяхімічны — па паказаннях;
- флюараграфія;
- ЭКГ;
- агляд гінеколага.
Таксама прадугледжаны візіт і да отарыналарынголага, стаматолага або ўрача агульнай практыкі, які здольны выконваць функцыю лора, для ранняй дыягностыкі пухлін поласці рота. Акрамя таго, пасля 40 гадоў жанчынам трэба зрабіць мамаграфію, а мужчынам — здаць кроў на простатспецыфічны антыген. Усё гэта можна прайсці ў паліклініцы.
У адпаведнасці з Працоўным кодэксам, пры праходжанні дыспансерызацыі спецыялістам гарантуецца права на вызваленне ад працы з захаваннем сярэдняга заробку.
Вызваленне прадастаўляецца:
- тым, хто не дасягнуў 40 гадоў, — на адзін дзень раз на тры гады;
- людзям, якія дасягнулі 40 гадоў, — на адзін дзень раз у год;
- тым, хто дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, а таксама на працягу пяці гадоў да дасягнення такога ўзросту — на два дні раз у год.
Наймальнік не мае права адмовіць супрацоўніку ў прадастаўленні дня (дзён) для праходжання дыспансерызацыі, аднак у лакальным прававым акце арганізацыі можа быць прадугледжаны абавязак работніка прад’явіць наймальніку пацвярджаючыя дакументы.