Як адзначыў Павел Ткач, пытаннем роўмінгу займаліся дастаткова доўга.
— Пытанне вырашалася, напэўна, цягам пяці гадоў. І ў снежні 2024 года рэзалюцыяй Вышэйшага дзяржсавета было прынята фундаментальнае рашэнне ў сферы роўмінгу, якое ўступіла ў сілу з 1 сакавіка 2025 года. Згодна з ім абанентам беларускіх сетак альбо абанентам Расійскай Федэрацыі пры паездцы на тэрыторыях Саюзнай дзяржавы прадастаўляецца 150 хвілін уваходных бясплатна ў месяц, 150 выходных за кошт хвілін, уключаных у тарыфны пакет, і да 5 гігабайт інтэрнэт-трафіку па тарыфах, параўнальных з тарыфамі ў дамашняй сетцы, — нагадаў ён.
Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі патлумачыў, чаму гэты працэс заняў так шмат часу:
— Неабходна было вырашаць шэраг пытанняў тэхнічнага, прававога характару, у тым ліку пытанні барацьбы з фродам. Гэта значыць, калі мы разумеем, што ў нас ёсць танныя размовы па сетках сотавай сувязі, могуць з’явіцца нядобрыя людзі, ашуканцы, якія будуць выкарыстоўваць гэтыя сеткі для перакідання дарагога камерцыйнага трафіку.
Павел Ткач таксама адказаў на пытанне, якое часта задаюць: чаму не зрабілі поўную адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй:
— Найперш пытанне тэхнічнае. Калі мы ў роўмінгу, у нас заўсёды працуюць як мінімум тры аператары. Гэта аператар дамашняй сеткі, аператар гасцявой сеткі і транзітны аператар. І, адпаведна, выдаткі крыху вышэйшыя, чым калі вы размаўляеце ў сваёй уласнай сетцы. Таму, так, мы абмежавалі пэўны прыбытак для аператараў, але тым не менш мы змаглі ўстанавіць, што тое рашэнне, якое было прынята, было прынята абсалютна ўзважана і правільна. Таму што цяпер няма ніводнай скаргі на тое, што дзесьці альбо тарыфы высокія, альбо гэтага трафіку недастаткова. Гэта можа адчуць абсалютна кожны грамадзянін Саюзнай дзяржавы, незалежна ад таго, ён едзе па бізнесе, у асабістых мэтах, у водпуск, на адпачынак.