Top.Mail.Ru

Чаму негатыўныя фактары стымулююць, як не баяцца вялікіх мэт і што галоўнае для ЕЭАС

Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім Кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.

Калі б трэба было ахарактарызаваць мінулы рабочы тыдзень беларускага лідара адным словам, гэта было б слова «міжнародны». Хоць за межы краіны ён не выязджаў. Напачатку тыдня Аляксандр Лукашэнка правёў перегаворы з губернатарам Кемераўскай вобласці. У цэнтры ўвагі Прэзідэнта было і супрацоўніцтва з больш далёкімі партнёрамі — у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы са сваім кубінскім калегам. А канец тыдня прайшоў пад знакам еўразійскай інтэграцыі — у Мінску прайшоў Еўразійскі эканамічны форум і Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет. У гэтых мерапрыемствах Аляксандр Лукашэнка прымаў удзел як кіраўнік дзяржавы, што старшынствуе ў ЕАЭС. На палях саміту, акрамя асноўных мерапрыемстваў Прэзідэнт паспеў правесці двухбаковыя сустрэчы з Наследным прынцам Абу-Дабі і Прэм’ер-міністрам М’янмы. Гэты тыдзень адназначна ўвойдзе ў гісторыю.

1. «Паўмільярда стабільна мы можам мець тавараабарот. І мы ад гэтага адыходзіць не павінны. Я разумею складанасці і цяжкасці, аб якіх кажуць сёння ўсе (толькі лянівы не кажа): вось у Расіі — і стаўкі, і тое, і іншае. Заўсёды можна на нешта спаслацца. Але калі мы паставім перад сабой мэту — пераўзысці ўсё гэта, нівеліраваць — мы гэта можам зрабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Кемераўскай вобласці — Кузбаса Ільёй Серадзюком. Тым больш, што па яго словах, Сібір нам не чужая, таму перашкод для плённага супрацоўніцтва і актыўнага гандлю быць не павінна, калі, канешне, працаваць і не баяцца амбіцыйных мэт.

2. «Незаконны санкцыйны ціск на нашы дзяржавы не толькі не слабее, але і ўзмацняецца. Асабліва гэта датычыцца механізмаў фінансавых разлікаў. Але негатыўныя знешнія фактары толькі стымулююць нас да сумеснага пошуку эфектыўных рашэнняў. Работа беларуска-кубінскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве выйшла на рытмічны штогадовы графік. Гэта сведчыць аб узаемнай цікавасці да ўмацавання адносін», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Дыяс-Канелем Бермудэсам. Беларускі лідар звярнуў увагу, што з улікам узаемадапаўняльнасці эканомік Беларусі і Кубы вызначаны шэраг перспектыўных пунктаў росту ў гандлёва-эканамічнай сферы. Па словах Прэзідэнта, развіццё гэтых накірункаў дасць самае галоўнае — станоўчы сацыяльны эфект для народаў абедзвюх дзяржаў.

3. «Нельга ператварыць саюз у пляцоўку для пустых размоў — ён павінен стаць максімальна прывабным для новых удзельнікаў. Колькасць краін, прадстаўленых на Форуме, паказвае вялікую цікавасць да нашага аб’яднання. Давайце скарыстаемся гэтым момантам па максімуму!», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка сваіх калег і ўдзельнікаў Еўразійскага эканамічнага форуму, выступаючы на пленарнай сесіі. Ва ўласцівай яму шчырай манеры беларускі лідар звярнуў увагу на дасягненні Саюза, якіх за 10 гадоў нямала, але большы акцэнт зрабіў на праблемах, якіх па яго словах трэба вырашаць. Таксама Аляксандр Лукашэнка адкрыта заявіў, што ў сучасным свеце ЕЭАС павінен ставіць перад сабой новыя задачы і вырашаць іх, каб дасягнуць галоўнай мэты — павысіць дабрабыт грамадзян. Тым больш, усе інструменты для гэтага ёсць. 

4. «Наша аб’яднанне прыцягвае да сябе ўвагу ў свеце. Адны па-добраму глядзяць, як мы нядрэнна набіраем абароты і падключаюцца да нашага Саюза. другія прадчуваюць момант, калі мы спатыкнёмся ці ўвогуле разыдземся. Чые чаканні апраўдаюцца, залежыць выключна ад нас», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў вузкім складзе. 

5. «Геапалітычная напружанасць, якая расце, і фрагментацыя сусветнай эканомікі дысануюць з запытам глабальнай большасці. Мы павінны ўсё-ткі імкнуцца адкінуць убок дэструктыўны парадак, які навязвае так званы „залаты мільярд“ (хоць ужо ён ніякі не залаты). Трэба павышаць канкурэнтаздольнасць эканомік, развіваць прамысловасць, дабівацца тэхналагічнага суверэнітэту, забяспечваць харчовую бяспеку, ствараць умовы для мірнага і спакойнага жыцця нашых народаў», — аб гэтым кіраўнік дзяржавы казаў ўжо на пасяджэнні ў шырокім складзе. Ён запэўніў, што беларускі бок будзе прымаць усе неабходныя меры для ўзмацнення эканамічнага патэнцыялу ЕАЭС, умацавання яго міжнароднага аўтарытэту — усё, як і было раней. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю