У красавіку 2025 года ў Асіповічах адбылася трагедыя: у маладых бацькоў памерла іх паўтарамесячная дачка. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі.
На месцы здарэння працавалі следчыя, міліцыя і эксперты.
Падчас следства ўстаноўлена, што маладыя бацькі выпусцілі з рук дзіця на падлогу днём 17 красавіка. Гэта здарылася па неасцярожнасці падчас кармлення ддзяўчынкі. Дзіця знаходзілася на штучным выкормліванні. Маці ўзяла дачку з ложка і села на канапу, каб пакарміць яе сумессю з бутэлькі. Побач знаходзіўся яе муж, які таксама хацеў пакарміць дачку. Падчас спрэчкі яны сталі цягнуць дзіця ў розныя бакі і адначасова адпусцілі з рук. Дзяўчынка скацілася па краі канапы і ўпала на падлогу. Нягледзячы на падзенне, бацькі не звярнуліся па дапамогу да ўрачоў.
20 красавіка да пляменніка з гасцінцамі зайшоў дзядзька з малалетняй дачкой, якія пражывалі непадалёк. Ён дапамог маладому мужчыну разабрацца з бытавым пытаннем. Пасля чаго яны выпівалі, пры гэтым бацькі па чарзе заходзілі ў дом, каб дагледзець дзіця, якое спало.
Калі ў чарговы раз бацька ўвайшоў у пакой, дзе знаходзілася дзяўчынка, ён убачыў, што дзіця не дыхае. Разам з жонкай яны спрабавалі прывесці дзіця ў прытомнасць, выносілі на свежае паветра і рабілі штучнае дыханне, але гэта не дапамагло. Урачы канстатавалі яе смерць.
На першых допытах маці дзяўчынкі казала, што падзенне дзіцяці адбылося з рук мужа.
Па выніках псіхолага-псіхіятрычных экспертыз, маладыя бацькі прызнаны разумнымі і здольнымі ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў.
Суседзі зазначаюць, што маладыя бацькі перыядычна ўжывалі спіртное.
Cудом Асіповіцкага раёна кожнаму з маладых бацькоў прызначана пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Прыгавор у законную сілу не ўступіў.
Фота: СК