Беларуская навуковая супольнасць усё часцей звяртае ўвагу на паўночныя шыроты. Хоць асноўны вектар працы айчынных палярнікаў сёння скіраваны на Антарктыду, арктычная тэматыка для Беларусі не з’яўляецца новай. Пра гэта расказаў начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі Уладзімір РЫЖЫКАЎ.
Паводле яго слоў, калі звярнуцца да гісторыі, можна ўбачыць, што імёны выхадцаў з Беларусі прысутнічаюць на карце Арктыкі — імі названы моры, астравы, горныя масівы. Сярод вядомых асоб — Ота Шмідт, ураджэнец Магілёва, а таксама даследчык Артур Чылінгараў, які меў беларускія карані па матчынай лініі і шмат зрабіў для развіцця палярных даследаванняў.
Беларускія спецыялісты неаднаразова ўдзельнічалі ў арктычных экспедыцыях. Адна з найбольш адметных — «Паўночны полюс — 2015», калі 18 красавіка на дрэйфуючай ільдзіне была разгорнута навуковая інфраструктура. У складзе каманды працаваў беларускі біёлаг Уладзімір Тышкевіч. Асноўная ўвага даследчыкаў такіх экспедыцый была скіравана на праблему інтэнсіўнага раставання льдоў.
Няпросты, але важны рэгіён
Арктыка цікавіць беларускіх вучоных не толькі з кліматычнага пункту гледжання. Рэгіён мае значэнне і ў эканамічным, і ў геапалітычным вымярэннях. Асобная ўвага — Паўночнаму марскому шляху, значная частка якога праходзіць уздоўж узбярэжжа Расійскай Федэрацыі.
У сучасных умовах ён разглядаецца як перспектыўны лагістычны напрамак для паставак беларускіх грузаў праз паўночныя парты, у тым ліку Санкт-Пецярбург і Мурманск, у Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
Пры гэтым супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі застаецца ключавым. Як падкрэсліў Уладзімір Рыжыкаў, Арктыка — тэрытарыяльны рэгіён, звязаны з такімі дзяржавамі, як Расія, Нарвегія, Данія, Канада і ЗША. Разам з тым расійскія калегі прапануюць беларускім даследчыкам карыстацца сваёй навуковай інфраструктурай — у тым ліку лядовай базай «Мыс Баранава» і сучаснымі навуковымі суднамі.
Цікавыя праекты ахопліваюць не толькі кліматычныя даследаванні. Перспектыўнымі лічацца мікрабіялагічныя кірункі — вывучэнне арганізмаў, прыстасаваных да суровых умоў, параўнанне іх з антарктычнымі штамамі. Досвед, атрыманы ў Антарктыдзе, ужо мае прыкладное значэнне: айчыннымі вучонымі распрацаваны прэпараты для сельскай гаспадаркі.
Уладзімір Рыжыкаў нагадаў, што сёння Паўночны марскі шлях — гэта ўжо не толькі найкарацейшы маршрут паміж еўрапейскай часткай Расіі і Далёкім Усходам. З улікам знешніх абмежаванняў ён набывае стратэгічнае значэнне.
— Дадзенаму кірунку сёння ўдзяляецца пільная ўвага, бо гэта эканоміка, рэсурсы і фінансы, — адзначыў Уладзімір Рыжыкаў. — Што да навуковых даследаванняў Беларусі, то яны маглі б датычыцца стану льдоў і пракладкі праз іх з дапамогай навігацыйных, у тым ліку спадарожнікавых сістэм, лагістычных шляхоў. Ключавы момант і праблематыка гэтай тэрыторыі — ільды, дарогу праз якія спачатку павінна пракласці ледакольнае судна. Праблематыка Паўночнага марскога шляху актыўна разглядаецца Расійскай Федэрацыяй. Паводле прагнозу расійскіх калег, да 2030 года будзе наладжана гэта марская суднавая інфраструктура, у тым ліку задзейнічаны флот МНС.
Таксама, паводле меркавання Уладзіміра Рыжыкава, веды беларускіх спецыялістаў маглі б быць важнымі ў даследаванні карысных выкапняў рэгіёна.
— Арктыка — няпросты рэгіён, і здабыча карысных выкапняў там таксама выбарачная. Той жа Кольскі паўвостраў — ключавы арктычны рэгіён Расіі, Мурманск — найбуйнейшы горад за Палярным кругам, іншыя рэгіёны. Іх асаблівасць — суровы клімат, цяжкадаступная тэрыторыя, — адзначыў Уладзімір Рыжыкаў. — Там мала знайсці карысныя выкапні, трэба яшчэ распрацаваць тэхналогіі па іх здабычы.
Такім чынам, хоць Беларусь не з’яўляецца арктычнай дзяржавай, інтарэс да паўночнага рэгіёна паступова ўзрастае. Кліматычныя працэсы, эканамічныя маршруты, біярэсурсы і міжнароднае супрацоўніцтва — усё гэта робіць Арктыку перспектыўным аб’ектам даследаванняў для беларускіх вучоных.
Унікальны досвед
Навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Ганна ДАРАШЭНКА стала ўдзельніцай Пятай навукова-асветніцкай экспедыцыі Дзяржкарпарацыі «Расатам» «Ледакол ведаў — 2024». Пра шлях да Паўночнага полюса, работу з таленавітымі школьнікамі і ўражанні ад Арктыкі яна расказала падчас размовы з журналістамі.
Экспедыцыя «Ледакол ведаў» перадусім мае асветніцкі характар. Яе асноўныя ўдзельнікі — школьнікі ад 12 гадоў, якія праходзяць сур’ёзны шматэтапны адбор. У 2024 годзе ў склад міжнароднай экспертнай групы ўвайшлі 15 спецыялістаў, у тым ліку тры прадстаўнікі НАН Беларусі. Адбор праходзіў у рамках Сусветнага фестывалю моладзі ў Сочы. Кандыдаты павінны былі за кароткі час прэзентаваць сябе, свае даследаванні і адказаць на пытанне, чым могуць быць карыснымі юным удзельнікам.
Маршрут экспедыцыі пачынаўся ў Мурманску. Ледакол накіроўваўся да Паўночнага полюса і вяртаўся праз Зямлю Франца-Іосіфа. Паводле слоў Ганны Дарашэнка, маштаб ледакола цяжка ўявіць, пакуль не апынешся побач: на фоне людзей ён выглядае гіганцкім.
Плаванне доўжыцца каля дзесяці дзён у залежнасці ад надвор’я. Увесь гэты час школьнікі слухаюць экспертаў з розных сфер — фізікі, хіміі, медыцыны, а таксама прадстаўнікоў творчых прафесій і інш. Мэта — дапамагчы падлеткам вызначыцца з будучай прафесіяй, атрымаць жывую кансультацыю і натхненне.
Асобнае ўражанне пакінула прырода Арктыкі. «Здаецца, што там нічога няма — толькі лёд, акіян і неба. Але гэта адно з самых прыгожых месцаў, якія я бачыла», — адзначыла даследчыца. Падчас рэйса ўдзельнікі назіралі за марскімі жывёламі і птушкамі. Ледакол падыходзіў да птушыных базараў на мінімальнай хуткасці, каб не спалохаць калоніі.
Адбор у склад суправаджэння патрабуе не толькі прафесійных ведаў, але і здольнасці зацікавіць маладых людзей. «Трэба быць чалавекам, які насамрэч любіць сваю справу і ўмее пра яе расказваць», — адзначыла Ганна Дарашэнка. Камунікацыя з маладымі талентамі і экспертамі з розных краін працягваецца і пасля вяртання дадому, ствараючы новыя прафесійныя сувязі.
Інфармацыя пра адбор і тэрміны публікуецца на афіцыйных рэсурсах праекта «Ледакол ведаў». Як падкрэсліла Ганна Дарашэнка, гэта ўнікальны шанц, які для многіх можа стаць адным з самых яркіх у жыцці.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ