Top.Mail.Ru

Чаму ў Польшчы абвяргаюць інфармацыю аб правозе больш чым паўтоны ўзрыўчаткі?

Як ужо паведамляла «Звязда», 2 красавіка ў пункце пропуску «Брэст» быў затрыманы мікрааўтобус на малдаўскіх нумарах з 580 кілаграмамі ўзрыўчаткі, які ехаў з Польшчы. Машыну транзітам пераганялі з Літвы ў Расію.


Як адзначыў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» расійскі эксперт, у галіне мінна-падрыўной справы Уладзімір Грубнік, «гэта быў не проста пентаэрытрыттэтранітрат, а ўжо яго пластыфікаваная версія — падрыхтаваная пластыфікаваная ўзрыўчатка. Трэба зразумець, што падобныя мерапрыемствы пластыфікацыі выбуховых рэчываў у такіх колькасцях магчымыя толькі сур’ёзным заводскім спосабам. І падобнымі рэчамі непасрэдна займаюцца ў краінах НАТА. Эквівалент да тратылу 1,3 — ён на 30 % больш эфектыўны за тратыл па сваіх брызантных і фугасных уласцівасцях. Адпаведна 580 кг рэчыва можа быць скарыстана, напрыклад, каб вы разумелі памеры аб’ектаў, пры падрыве вялікага маста, вялікага шматкватэрнага будынка, гандлёвага цэнтра, падрыву дамбы, ці ж скарыстана рэальна ў сотнях розных тэрактах і акцый прамога дзеяння, ліквідацыях».

Ваеннаслужачы спецыяльнага сапёрнага падраздзялення ўнутраных войскаў МУС Беларусі заўважыў у эфіры «Першага інфармацыйнага»: «Можна меркаваць, што неабходна было даставіць гэту вельмі вялікую колькасць рэчыва ў Расійскую Федэрацыю. Далей, падзяліўшы яе на некалькі сотняў тысяч частак, можна было зрабіць вельмі шмат нестандартных самаробных выбуховых прыстасаванняў. Або падрыхтаваць машыну непасрэдна ўжо ў той дзяржаве, дзе яна прызначалася, і здзейсніць тэракт, разбурэнне. Так, разбурэнні былі б вельмі вялікія».

Філігранная прафесійная аперацыя беларускіх мытнікаў, якія папярэдзілі катастрафічную па сваіх маштабах бяду (або нават шмат асобных тэрактаў), ва ўсіх нармальных людзей выклікае толькі адну рэакцыю — павагу. І разуменне таго, што б магло здарыцца, калі б не ўдалося абысці ўсе зламысныя хітрасці арганізатараў выбуховага транзіту. Як вядома, рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП. Для таго каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай. Але, дзякуй богу, смяротна небяспечны груз быў знойдзены.

Навіна, вядома, апынулася ў топе інфармацыйных агенцтваў. Польскія ж медыя падзею, якая напрамую іх датычылася, — груз без перашкод прайшоў праз пункт пропуску «Цярэспаль» — паставілі пад сумнеў. У прыватнасці, выданне Wіadomoscі нагадала, «што інфармацыя, якая прадстаўляецца беларускімі службамі, можа мець прапагандысцкі характар або з’яўляцца элементам інфармацыйнай вайны з краінамі Захаду». Далей — больш. «Мы не каменціруем матэрыялы, якія публікуюцца службамі Беларусі, разглядаючы іх як элементы дэзынфармацыі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзела пагранічнай службы Дарыюш Сеніцкі. А прэс-сакратар палаты падатковай адміністрацыі ў Любліне Міхал Дзярусь і ўвогуле абверг падзею, якая, да слова, адбывалася літаральна ў прамым эфіры — пад шматлікімі відэакамерамі: «Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы не пацвярджае інцыдэнт з вывазам з Польшчы ў Беларусь 580 кг выбуховых рэчываў. Паведамленне беларускай мытнай службы — частка прапагандысцкіх намаганняў рэжыму. Нацыянальная падатковая адміністрацыя прымае ўсе неабходныя меры па забеспячэнні бяспекі і эфектыўнага кантролю на граніцы».

Ну нічога сабе «эфектыўны кантроль» і «забеспячэнне бяспекі»... А ведаеце, усё гэта вельмі нагадвае сімптомы цяжкага псіхічнага захворвання, сярод якіх ёсць і перабольшванне сваіх магчымасцяў і дасягненняў, і беспадстаўныя асцярогі нападзення, пошук ворагаў, і пастаянны страх, а таксама адмова прызнаць відавочнае (як вядома, вясной хвароба абвастраецца). Менавіта такімі выглядаюць цяперашнія бязглуздыя дзеянні польскіх афіцыйных асоб і прадстаўнікоў медыя — трызненне паньства, не інакш. Чарговая кампанія, якая зноў накіраваная на тое, каб «на калене» зляпіць фэйк і (з дапамогай нашых збеглых, куды ж без іх) імкнуцца «скарміць» яго аўдыторыі. Але ж нават непрафесіяналу ў медыясферы бачна, што ўсё гэта «шытае белымі ніткамі».

А сляды вядома куды вядуць. «Польскія спецслужбы актыўна супрацоўнічаюць з украінскімі, таму варыянт іх сумеснай тэрарыстычнай аперацыі не выключаны, — заўважыў БелТА польскі экс-суддзя Томаш Шміт, якому добра вядомы „адваротны бок“ афіцыйнай Варшавы. — Відавочна, тое, што адбылося, выклікала паніку ў некаторых польскіх колах, асабліва ў тых, якія звязаныя з аперацыямі разведкі і контрразведкі. Развал усёй аперацыі адбыўся дзякуючы бездакорнай рабоце беларускіх пагранічных службаў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю