Тыя, у каго дагэтуль фантомныя болі ад даты 17 верасня 1939 года, спрабуюць распаўсюдзіць меркаванне, што беларусы паланізацыі асабліва і не супраціўляліся, што нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі адсутнічаў. Але факты гавораць аб адваротным. Яскравым доказам магутнага супраціўленчага духу была дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай грамады, членамі гэтай партыі былі сотні тысяч беларусаў, якія адстойвалі свае правы ў самых складаных умовах.
Ад клуба да партыі
Пра падрабязнасці «Звяздзе» расказаў студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Васількоўскі. Звярнуцца да Міхаіла параіў спікер нашай публікацыі пра Гродзенскую турму, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Горны. Ён адзначыў, што моладзь актыўна цікавіцца міжваенным перыядам і адкрывае грамадскасці новыя факты аб жыцці беларускага народа ў складзе Польшчы.
Як раней гаварылася, першы час польскія ўлады хоць бы фармальна імкнуліся выконваць правы беларусаў. Гэта было звязана з умовамі Версальскага мірнага дагавора. Менавіта таму ў складзе польскага сейма былі беларусы.
— Гісторыя грамады пачалася з Беларускага пасольскага клуба, які сфарміраваўся ў польскім сейме, яго ўзначаліў будучы лідар партыі Браніслаў Тарашкевіч. У гэты клуб уваходзілі прадстаўнікі зусім розных палітычных плыняў: ад хрысціянскіх і сацыял-дэмакратаў да сацыялістычных рэвалюцыянераў і пазапартыйнай інтэлігенцыі. Аднак з часам пачалі нарастаць глыбокія супярэчнасці. Некаторыя дэпутаты былі расчараваныя эфектыўнасцю выключна парламенцкай барацьбы за правы беларусаў, у той час як астатнія падтрымлівалі больш радыкальныя настроі. З часам здарыўся раскол, у выніку якога сфарміравалася Беларуская сялянска-рабочая грамада, — расказвае малады даследчык. — Чатыры левыя дэпутаты — Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла і Павел Валошын — выйшлі са складу БПК. Яны заснавалі ў сейме новую самастойную пасольскую фракцыю пад назвай «Беларуская сялянска-рабочая грамада». Старшынёй фракцыі стаў Браніслаў Тарашкевіч. Першапачаткова будучы толькі часткай парламента, грамада хутка перарасла ў масавую грамадска-палітычную арганізацыю. Штуршком да выбухнога росту паслужыў дзяржаўны пераварот Юзэфа Пілсудскага ў Польшчы ў маі 1926 года, які пачаў праводзіць жорсткую нацыяналістычную палітыку. Сяляне і працоўныя Заходняй Беларусі масава ўступалі ў шэрагі грамады.
Законапраекты і дапамога сялянам
Нягледзячы на арышты і прыгнёт, удзельнікі партыі вялі актыўную дзейнасць. У іх увазе былі як маштабныя заканадаўчыя праекты, так і лакальныя праблемы беларускага насельніцтва. Грамада накіроўвала звароты міністрам, паведамляючы пра штрафы, прымусовую працу і злоўжыванні
з боку памешчыкаў і мясцовых чыноўнікаў. У адным выпадку дэпутаты запатрабавалі расследавання прымусовага высялення сялян. Мой суразмоўца знайшоў справу, дзе ў вёсцы Песлі Гродзенскага павета польскія ўлады незаконна спрабавалі выселіць людзей з іх зямель. Партыя таксама займалася абаронай беларускай школы і старалася выносіць праблемы на сеймавы ўзровень. Напрыклад, сяляне з вёскі Ахонава сабралі 37 дэкларацый на 47 дзяцей, што давала права адкрыць беларускі клас, але ўсё роўна дазвол на гэта не далі. І тады гэта пытанне было ўзнята ў сейме.
— Вывучаючы прэсу тых гадоў, я натрапіў на артыкул у газеце «Беларуская справа», прысвечаны дзейнасці БСРГ. У вёсцы Ярашава Слонімскага павета стараста і пісар запатрабавалі ад гараджаніна заплаціць падатак у 40 злотых. У яго не было грошай, і чыноўнікі вырашылі дзейнічаць сілай. Але гаспадар не мог заплаціць, тады яны сурова пакаралі яго сям’ю: канфіскавалі жывёлу, а мужчыну з дзецьмі арыштавалі па сфабрыкаваным абвінавачанні ў «камуністычнай дзейнасці». Жонка арыштаванага не звярнулася ў паліцыю ці суд, а накіравала скаргу ў БСРГ. Грамада адгукнулася. Дзякуючы гэтаму ўмяшанню гаспадар і яго дзеці былі вызвалены ў лютым 1926 года. Справа прыцягнула ўвагу грамадскасці. Высветлілася, што чыноўнікі бралі падатак звыш меры — 40 злотых замест належных 33, а розніцу прысвойвалі сабе.
У цэнтры ўвагі было аграрнае пытанне. 26 чэрвеня 1925 года БСРГ сумесна з іншымі левымі сіламі сейма — Камуністычнай партыяй Польшчы (КПП) і Незалежнай сялянскай партыяй (НСП) — унеслі на разгляд маршалка сейма законапраект аб канфіскацыі без выкупу буйных прыватных маёнткаў, а таксама царкоўных і дзяржаўных угоддзяў. Гэтыя плошчы меркавалася бясплатна размяркоўваць сярод беднаты і малазямельных сялян праз спецыяльныя сялянскія камітэты.
— Акрамя таго, партыя рэгулярна арганізоўвала мітынгі. 24 студзеня 1926 года такая акцыя прайшла ў Гродне, дзе выступілі Сымон Рак-Міхайлоўскі і Павел Валошын. Спікеры патрабавалі вызвалення палітвязняў і радыкальных палітычных рэформ. Падобныя пратэсты ахапілі таксама Брэст і Беласток.
Міжнародны розгалас
Польскія ўлады хутка зразумелі небяспеку для сябе ў дзейнасці партыі — 15 і 16 студзеня 1927 года адбыліся масавыя арышты, і ўвесь кіруючы склад Беларускай сялянска-рабочай грамады быў узяты пад варту. Пачаўся судовы працэс, які і судом цяжка было назваць. Ён вядомы пад назвай «Працэс 56-ці». Гэта адзін з самых гучных палітычных судовых працэсаў у міжваеннай Польшчы, які праходзіў у Вільні (цяпер Вільнюс) з лютага па май 1928 года. На ім польскія ўлады судзілі кіраўніцтва разгромленай БСРГ. Працэс увайшоў у гісторыю як маштабная расправа над беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам.
Аб гэтым самавольстве гаварылі далёка за межамі Польшчы і Заходняй Беларусі. Актыўную дапамогу аказвала Міжнародная арганізацыя дапамогі змагарам рэвалюцыі (скарочана МАДР). Яе прадстаўнікі працавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі падпольна, а ў іншых краінах легальна. Ішоў збор сродкаў, праводзіліся мітынгі салідарнасці, адзін нават адбыўся ў Чыкага, дзе былі абураны дзеяннямі польскіх улад. Таксама кампанія за амністыю арыштаваных была праведзена нямецкімі навукоўцамі, сярод якіх быў Альберт Эйнштэйн. У БССР быў створаны камітэт абароны БСРГ, яго ўзначальваў Янка Купала.
І нават пад прыгнётам жорсткага рэжыму санацыі беларусы працягвалі змагацца. Афіцыйна БСРГ была забаронена 21 сакавіка 1927 года. І практычна адразу была сфарміравана рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя «Змаганне», якая праіснавала да 1930 года і нават у 1928-м брала ўдзел у парламенцкіх выбарах у сейм.
У выніку ўся дзейнасць па абароне нацыянальнага кода і правоў беларусаў перамясцілася ў падполле. Але людзі не пераставалі змагацца і спадзявацца на вяртанне дадому. Так, партыя не здзейсніла пераварот або рэвалюцыю, але зрабіла вялікі ўплыў на нацыянальную самасвядомасць беларусаў, якія не хацелі мірыцца з прыгнётам.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота прадастаўлена Міхаілам ВАСІЛЬКОЎСКІМ