Top.Mail.Ru

Чаму прафілактыка не павінна заканчвацца на размовах, асабліва калі гаворка заходзіць аб бяспецы дзяцей

Па інфармацыі МНС, колькасць ахвяр сярод насельніцтва, дасведчанага і навучанага правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях, памяншаецца на 35–40 %. 
А значыць, і адпрацоўваць гэтыя навыкі не проста карысна, а часам жыццёва неабходна, тым больш у канікулярны перыяд. Пра тое, якая работа вядзецца ратавальным ведамствам у прафілактыцы наступстваў дзіцячых свавольстваў, даведалася карэспандэнт «Звязды».


Небяспечныя гульні

Намеснік начальніка Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ падкрэслівае: задача ратавальнікаў — даходліва тлумачыць дзецям наступствы небяспечных гульняў, а не забараняць іх. Бо, як вядома, забаронены плод салодкі, а дзіцячая цікаўнасць часам прыводзіць да трагічных наступстваў.

Улетку асноўную ўвагу супрацоўнікі ратавальнага ведамства ўдзяляюць бяспецы на вадзе, зімой — на тонкім лёдзе і галалёдзе. А напярэдадні свят, як цяпер, — небяспекам, звязаным з піратэхнікай і гірляндамі. Па ўсёй краіне ўжо стартавала інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Бяспечны Новы год!». У рамках акцыі МНС і Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных праводзяць розныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі краіны. Тэматычныя віктарыны, конкурсы, латарэі і нават Дзед Мароз-ратавальнік — для школьнікаў падрыхтавана шмат чаго цікавага. Таксама супрацоўнікі МНС выйдуць у самыя наведвальныя месцы — магазіны, ёлачныя кірмашы, лядовыя каткі, каб нагадаць аб бяспецы ў побыце і на вуліцы.

Навучаць, як вядома, больш эфектыўна на практыцы. Для гэтага ва ўсіх рэгіёнах Беларусі існуюць розныя адукацыйныя пляцоўкі і цэнтры (іх разам з рэспубліканскім у краіне ўжо 11), дзе з дапамогай сучасных тэхналогій і рэалістычных трэнажораў можна змадэляваць розныя надзвычайныя сітуацыі. Асабліва запатрабаваны такія пляцоўкі сярод дзяцей: гуляючы, яны шматразова адпрацоўваюць парадак дзеянняў, каб у выпадку бяды не паддацца паніцы. Красамоўны прыклад: калі некалькі гадоў таму ў адной з устаноў адукацыі Барысаўскага раёна адбыўся пажар, расказвае Анастасія Швайбовіч, дзеці, якія апынуліся ў будынку, не разгубіліся і дакладна ведалі, як сябе паводзіць. Бо напярэдадні наведалі мясцовы цэнтр бяспекі, дзе адпрацавалі алгарытм дзеянняў у такіх надзвычайных сітуацыях.

Мы пабывалі ў Рэспубліканскім цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС, дзе на плошчы больш за 10 тысяч м2 ёсць 38 лакацый з імерсіўнымі тэхналогіямі, лічбавым асяроддзем, дапоўненай і віртуальнай рэальнасцямі. Пры будаўніцтве і аснашчэнні экспазіцый быў улічаны найлепшы сусветны вопыт, а таксама вопыт стварэння і функцыянавання тэрытарыяльных цэнтраў бяспекі. Аналагаў, дарэчы, у краінах СНД і Еўропы проста не існуе.

Унікальнасць і тэхналагічнасць

Наведвальнікі могуць прайсці лабірынт задымлення, адпрацаваць дзеянні пры землетрасенні і нават даведацца аб наступствах ужывання і гандлю наркотыкамі на спецыяльнай пляцоўцы, створанай сумесна з ГУУС Мінгарвыканкама. «Наша мэта — максімальна змадэляваць для чалавека асяроддзе для таго, каб ён засвоіў веды не толькі тэарэтычна, але і практычна, — адзначае начальнік цэнтра Святлана Маршына. — І, вядома, запомніў: у надзвычайнай сітуацыі ні ў якім разе нельга панікаваць».

Аб тым, што такія цэнтры запатрабаваныя, сведчыць іх наведвальнасць. За гады свайго існавання навучанне ў адукацыйных цэнтрах МНС прайшлі больш за мільён чалавек, з іх каля 800 тысяч — дзеці. І трапіць у Рэспубліканскі цэнтр бяспекі на занятак імкнуцца многія: нездарма графік распісаны на месяцы наперад. На бясплатнай аснове займаюцца мінскія школьнікі ў рамках навучальнай дысцыпліны «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», а таксама выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. Прыязджаюць і з-за мяжы — грамадзяне Расіі, Казахстана, Туркменістана ўсё часцей становяцца гасцямі цэнтра: «Перад пачаткам кожнага занятку мы абавязкова пытаемся ў наведвальнікаў, ці былі яны ўжо ў нас, ці праходзілі навучанне. І, па статыстыцы, многія вяртаюцца, з рэгіёнаў у тым ліку», — дзеліцца начальнік цэнтра.

Рэспубліканскі цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС пастаянна развіваецца. У найбліжэйшых планах — мадэрнізаваць асобныя лакацыі. Дарэчы, вопыт беларускіх спецыялістаў пераймаюць калегі з Расіі і Казахстана. «Ёсць новыя выклікі, новыя пагрозы, мы павінны пра гэта казаць і ісці ў нагу з часам, — адзначае Святлана Маршына. — Не пабаюся гэтага слова, мы ўнікальныя на постсавецкай прасторы і павінны далей падтрымліваць гэты імідж».

Аміна НАЗАРАВА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю