У падлеткаў вялікі выбар заняткаў на лета. Пра гэта клапоцяцца як бацькі, так і дзяржава. Адна з формаў, якая на працягу некалькіх гадоў не страчвае актуальнасці, — падпрацоўка. Пра тое, як гэта арганізавана на Гродзеншчыне, уласнаму карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль.
Працоўную дзейнасць школьнік можа пачынаць з 14 гадоў, але, пакуль яму не споўніцца 16, у пераліку неабходных дакументаў для працаўладкавання павінен быць пісьмовы дазвол аднаго з бацькоў. Першая падпрацоўка для падлетка становіцца вялікай падзеяй і цікавым досведам. Ён атрымлівае працоўную кніжку, праходзіць медкамісію, знаёміцца з новай дзейнасцю. Амаль як дарослы. Хтосьці можа падумаць: маўляў, гэта дзеці, няхай бы даўжэй імі заставаліся. Але, як паказвае практыка, хлопцы і дзяўчаты не супраць падзарабіць.
— Штогод у Гродзенскай вобласці арганізоўваюцца спецыялізаваныя кірмашы. Адзін з іх праходзіў з 21 да 25 красавіка. Больш за 300 арганізацый рэгіёна прынялі ў ім удзел і прапанавалі звыш 8700 вакансій. Лета — час адпачынкаў, таму работадаўцы вельмі зацікаўлены ў дадатковых руках. Праца школьнікаў арганізавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021–2025 гады». Фінансаванне ідзе са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Пакуль у планах працаўладкаваць больш за 6000 чалавек, але, як паказвае практыка, лічба атрымліваецца заўсёды большая. Летась яна перавысіла 7000.
Магчымасці ёсць усюды
Для арганізацыі летняй занятасці школьнікаў на Гродзеншчыне выдзелена больш за два мільёны рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на заработную плату, а таксама на арганізацыю працы, напрыклад на закупку неабходнага інвентару.
Як правіла, цэнтрамі прыцяжэння такой формы занятасці становяцца школы, бібліятэкі, установы сацыяльнай абароны. Ахвотна бяруць на работу і ў ЖКГ — школьнікі ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку.
- — Напрыклад, з 16 да 27 чэрвеня на базе сярэдняй школы № 5 горада Смаргоні была сфарміравана група з дзесяці дзяўчынак ва ўзросце ад 14 да 15 гадоў. За два тыдні яны вырабілі 45 камплектаў пасцельнай бялізны.
15 камплектаў перададзены ў карыстанне школы для патрэб групы падоўжанага дня. Астатнія 30 былі бязвыплатна накіраваны ва ўстанову «Цёплы дом», што аказвае паслугі па доглядзе пажылых людзей, якія атрымалі прытулак у доме сумеснага самастойнага пражывання ў філіяле ў вёсцы Лылойцы.
У цэлым са студзеня да чэрвеня ў вобласці працаўладкавана больш за 3800 школьнікаў. Сродкі фінансавання размяркоўваем раўнамерна, каб на працягу ўсяго лета дзеці мелі магчымасць падзарабіць.
Яшчэ прыклад. З пачатку года ўжо трэцяя група школьнікаў (39 хлопчыкаў і дзяўчынак) з Вялікабераставіцкай СШ узялася за паляпшэнне тэрыторыі сваёй установы, расказаў Аляксандр Собаль. За дзесяць дзён пад кіраўніцтвам настаўнікаў дзеці паспелі шмат што зрабіць. Яны прыбраліся ў класах, падрыхтавалі іх да рамонту, прапалолі клумбы, ачысцілі бардзюры ад пустазелля, прывялі ў парадак металічную агароджу, адрамантавалі мэблю і аднавілі кнігі са школьнай бібліятэкі
— Праца арганізавана па ўсёй вобласці. Напрыклад, у Воранаўскім раёне ў пяці школах з 1 да 12 ліпеня будуць працаваць амаль 50 дзяцей. Але школьнікі могуць уладкавацца на работу не толькі за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны. Арганізацыі вобласці прапануюць больш за 1800 рабочых месцаў для непаўналетніх. Вакансіі самыя розныя, з імі можна азнаёміцца на сайце gsz.gov.by.
Уласныя грошы змяняюць светапогляд
Дарэчы, да нядаўняга часу браць на работу школьнікаў за кошт фінансавання сацыяльнай абароны мелі права толькі бюджэтныя арганізацыі. Цяпер жа любая ўстанова можа падаць заяўку і скласці каштарыс выдаткаў. Робіцца гэта па месцы жыхарства. Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне разглядае заяўку, правярае ўсе дакументы і ўмовы працы.
— Дзеці вельмі радуюцца першаму заробку. Для іх гэта вялікая падзея! Работа арганізавана згодна з усімі нормамі. Ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў школьнікі працуюць не больш за 23 гадзіны на тыдзень і 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, а працоўная змена доўжыцца 10 дзён. Гэта аптымальны варыянт. Калі дзіця хоча, яно можа папрацаваць за лета некалькі разоў. На рукі за гэтыя 10 працоўных дзён можна атрымаць каля 400 рублёў.
Аляксандр Собаль звяртае ўвагу на тое, што працоўнае лета — гэта прафілактыка правапарушэнняў і траўміравання дзяцей. Яны знаходзяцца пад наглядам, вучацца адказнасці і іншаму, больш даросламу светапогляду.
З кожным годам расце колькасць маладых людзей, якія зарабляюць уласныя грошы. Тут шмат залежыць ад работадаўцаў, паколькі яны ствараюць спецыяльныя месцы са спрошчанымі абавязкамі. На такія пазіцыі запрашаюць моладзь, якая хоча працаваць у вольны час. Спрыяе дадзенаму працэсу і дзяржаўнае фінансаванне.
Фота з адкрытых крыніц і носіць ілюстрацыйны характар