Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень у графіку кіраўніка дзяржавы, як і ў жыцці ўсёй краіны, быў вызначальным. У Палацы Незалежансці адбылася найважнейшая палітычная падзея — інаўгурацыя Прэзідэнта. Нягледзячы на ўрачысты характар мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове выказаўся і на актуальныя тэмы, па якіх жыве і будзе жыць краіна. Дарэчы, сваё выступленне ён пісаў сам. А пасля ўрачыстасцяў Прэзідэнт вярнуўся да рабочых пытанняў. Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў, згодна з якімі адбыліся змены ў апараце Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрстве замежных спраў, дыпламатычным корпусе і мясцовай уладзе. Таксама кіраўнік дзяржавы разгледзеў праект указа аб кантрольна-нагляднай дзейнасці.
1.«Калі гаворка ідзе аб справядлівасці і праўдзе, зусім няважна, якога памеру твая краіна на карце свету. Голас Беларусі заўсёды гучыць моцна і ўпэўнена. За гады сваёй незалежнасці мы сталі ўдзельнікамі вялікай палітыкі. І я магу з усёй адказнасцю заявіць, што ў нас, улады і народа, дастаткова вопыту, каб выстаяць на любых вятрах гісторыі.
Але расслабляцца ніяк нельга: моцная, квітнеючая краіна, прыкметная і актыўная на знешнім контуры, патрэбна толькі нам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас інаўгурацыі. Прэзідэнт часта агучвае гэты тэзіс, але з высокай трыбуны, у прысутнасці больш за тысячы чалавек у Палацы Незалежнасці і соцень тысяч чалавек, якія глядзелі трансляцыю цырымоніі, гэта гучыць яшчэ больш узнёсла і ўпэўнена.
2.«Новы перыяд прэзідэнцкіх паўнамоцтваў — гэта заўсёды новыя гістарычныя ўмовы, чаканні і задачы. Нашы прыярытэты нязменныя. Гэта мір, бяспека, дабрабыт роднай Беларусі, годнасць нацыі і дастатак кожнага. Ведаю, што побач са мной сапраўдныя аднадумцы. Людзі, перакананыя ў правільнасці таго, што мы робім. Тыя, хто шчыра любіць Беларусь, і сапраўдныя патрыёты. Ні ў аднаго лідара дзяржавы няма такіх працавітых і надзейных людзей, як вы, беларусы! Таму я — шчаслівы Прэзідэнт, а Беларусь — краіна, у якой хочацца жыць.», — гэтыя словы кіраўніка дзяржавы падчас інаўгурацыі выклікалі апладысменты і, можна не сумнявацца, водгук у сэрцы беларусаў.
3.«Некаторыя тут пачалі вякаць: ну, прыйшлі тут Галоўчанка з Ягоравым — яны тут зараз станок уключаць. Ды ў іх няма станка. Станок у мяне стаіць за кабінетам, ён ужо заржавеў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Аляксандра Ягорава першым намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Па словах Прэзідэнта, Беларусь не тая краіна, каб сёння ўключыць станок і пачаць друкаваць грошы, гэта заўтра момантам выльецца ў інфляцыю. «Таму, ну, зразумела, хочуць узрушыць насельніцтва, што вось заўтра пойдзе інфляцыя, мы тут пачнём абясцэньваць нашу нацыянальную валюту і гэтак далей... Мы самагубствам займацца не збіраемся», — адказаў Прэзідэнт усім, хто любіць паспекуляваць на тэму інфляцыі.
4.«Гэта пяцігодка будзе няпростай. Я хачу, каб гэту пяцігодку вы адпрацавалі», — звярнуўся Прэзідэнт да новапрызначаных. І даў ім параду, як адпрацаваць гэту няпростую пяцігодку. Парада адначасова простая і складаная — трэба варушыцца. І даваць вынік кожны дзень.
5.«Прафілактыка не павінна быць дзяжурнай фразай. І займацца гэтым пытаннем павінны ўсе дзяржаўныя органы — ад Прэзідэнта і да старшыні сельскага савета», — заявіў беларускі лідар на нарадзе, падчас якой разглядаўся праект указа аб кантрольна-нагляднай дзейнасці. Па патрабаванні Прэзідэнта разгядалі гэты дакумент з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых. У выніку ўказ накіраваны на дапрацоўку.
Фота БелТА