26 дзяўчат-кіроўцаў прадэманструюць смеласць, эрудыцыю, навыкі кіравання аўтамабілем і творчыя здольнасці. Імя ўладальніцы ганаровага тытула «Аўталэдзі Беларусі» назавуць 14 мая.
У рэспубліканскім фармаце спаборніцтвы па вадзіцельскім майстэрстве «Аўталэдзі-2026» пройдуць у нашай краіне ўпершыню, а прымеркаваны яны да Года беларускай жанчыны. Пра гэта расказаў старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч.
— У дзейнасць ДТСААФ значны ўнёсак робяць жанчыны, — адзначыў Андрэй Некрашэвіч. — Гэта выкладчыцы, майстры вытворчага навучання, спартсменкі і іншыя спецыялісты. Таму Цэнтральны савет ДТСААФ не мог застацца ўбаку. Зыходзячы з таго, што боль-
шасць спецыялістаў, якіх рыхтуе ДТСААФ, — гэта кіроўцы (у тым ліку вадзіцелі-жанчыны), мы прынялі рашэнне аб правядзенні на рэспубліканскім узроўні конкурсу «Аўталэдзі-2026». Гэта даніна павагі і любові да прыгожай паловы нашага грамадства.
Няважна, хто пераможа ў спаборніцтве, падкрэсліў старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ. Галоўнае — паказаць, што нашы беларускія жанчыны здольныя дасягнуць поспеху ў любой справе, у тым ліку ў кіраванні аўтамабілем, што з’яўляецца значным укладам у забеспячэнне бяспекі на нашых дарогах.
Роўныя ўмовы
Конкурс «Аўталэдзі-2026» адбудзецца на базе Спецыялізаванай дзіцячай-юнацкай спартыўнатэхнічнай школе па аўтамотаспорце ў Мінскім раёне (вёска Прылессе, стадыён «Зара»).
— Гэта вядучая ў Беларусі спецыялізаваная школа. Яна была створана ў 1967 годзе і мае багатыя традыцыі падрыхтоўкі і вадзіцеляў, і спартсменаў, — распавёў Андрэй Некрашэвіч. — База лічыцца адной з найлепшых у Еўропе. Установа спецыялізуецца на выхаванні моладзі ў тэхнічных відах спорту — картынг, мотакрос, кальцавыя гонкі.
Кіраўнік ДТСААФ расказаў, што напярэдадні «Аўталэдзі» падобнае спаборніцтва было праведзена ў маштабе ДТСААФ.
— Нашы дзяўчаты кожны год выступаюць у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, маюць багаты вопыт кіравання і высокую падрыхтоўку, — растлумачыў ён. — Гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія пастаянна ўдасканальваюць навыкі. І менавіта таму Цэнтральным саветам ДТСААФ прынята рашэнне, што яны не будуць удзельнічаць у
«Аўталэдзі-2026» у якасці канкурсантаў — для забеспячэння ўдзельніцам конкурсу роўных умоў.
А свае ўменні і навыкі пераможцы конкурсу ДТСААФ прадэманструюць гледачам на паказальных выступленнях. У самім жа конкурсе яны прымуць удзел у якасці інструктараў і тэхнічных работнікаў.
Не проста тэст на хуткасць
У рэспубліканскіх спаборніцтвах «Аўталэдзі-2026» удзел прымуць 24 каманды ад міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый нашай краіны, а таксама дзве каманды з Расійскай Федэрацыі, расказаў кіраўнік ДТСААФ. У складзе кожнай каманды — 3 прадстаўнікі: старшы каманды, непасрэдна ўдзельніца спаборніцтваў і тэхнічны работнік.
— Да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускаюцца жанчыны, якія маюць дзейнае пасведчанне кіроўцы на права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі катэгорыі B, — сказаў Андрэй Некрашэвіч. — Усе яны перад спаборніцтвам пройдуць медыцынскі кантроль і інструктаж па ахове працы.
У ходзе спаборніцтваў у дзяўчат будзе магчымасць праявіць сябе ў пяці конкурсах, што ўключаюць як прафесійна-тэхнічны, так і творчы складнікі. Рэспубліканскія спаборніцтвы па вадзіцельскім майстэрстве «Аўталэдзі-2026», прымеркаваныя да Года беларускай жанчыны, — не проста тэст на хуткасць, падкрэсліў старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ. Для перамогі будуць важныя і культура кіравання аўтамабілем, і ўменне працаваць у камандзе.
У рэспубліканскіх спаборніцтвах «Аўталедзі-2026» удзел прымуць 24 каманды ад міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый нашай краіны, а таксама дзве каманды з Расійскай Федэрацыі
Першым этапам стане «Візітная картка»: удзельніцы прадэманструюць гледачам і судзейскай камісіі кароткі відэаролік пра свой калектыў, захапленні, прадставяць карпаратыўны дрэс-код. Другі этап — праверка ведаў ПДР, а вынікі ацэніць камп’ютар. Трэці конкурс — кіраванне на аўтатрэнажорах. І, нарэшце, самая відовішчная частка спаборніцтваў — практычнае кіраванне аўтамабілем: жанчыны прадэманструюць свае навыкі на аўтадромнай пляцоўцы, перад трыбунамі гледачоў.
— На фінальным этапе прадугледжана дадатковая намінацыя — «Аўталэдзі-мадэльер», — рэзюмаваў Андрэй Некрашэвіч. — Гэта творчы конкурс на найлепшыя ўпрыгажэнне і дызайн аўтамабіля. Пры гэтым ўпрыгожваць свае аўтамабілі ўдзельніцы будуць непасрэдна перад трыбунай гледачоў. Ацэньвацца намінацыя будзе па-за конкурсу: на агульны вынік яна ўплываць не будзе.
Што яшчэ ўбачаць госці
Не толькі спаборніцкі запал, адрэналін і драйв чакаюць гасцей свята. Атмасферу яркага шоу падтрымае выступленне спартсменаў ДТСААФ.
— Гледачам і ўдзельнікам спаборніцтва будуць прадэманстраваны нашы магчымасці ў авія-, аўта- і мотаспорце, — адзначыў Андрэй Некрашэвіч. — Нашы спартсмены пакажуць майстэрства ў кіраванні дронамі, падрыхтавалі авіяцыйнае шоу, тэматычныя выстаўкі, вальс на аўтамабілях.
За першае месца найлепшай камандзе будзе ўручаны Кубак старшыні Цэнтральнага савета ДТСААФ. Пераможцы атрымаюць медалі, дыпломы і памятныя падарункі.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота з архіва ДТСААФ