Top.Mail.Ru

Чаму школьнікі з-пад Мінска зацікавіліся вырошчваннем рапсу, і чым ім дапамагаюць у гэтым кітайскія партнёры

Удзел у міжнародных канферэнцыях, наведванне профільных і тэматычных выставак — не дзяжурныя мерапрыемствы, а падстава для пашырэння і наладжвання сувязяў. Падчас такіх стасункаў нараджаюцца новыя перспектыўныя праекты. Напрыклад Сеніцкая сярэдняя школа № 2 пры падтрымцы ААТ «Гастэлаўскае» пачала развіваць супрацоўніцтва з установамі адукацыі кітайскіх мегаполісаў у аграрнай сферы. Аднак і ў гэтага праекта ёсць свая прадгісторыя.


Стаўка на якасную адукацыю

Нядаўна дэлегацыя Мінскай вобласці на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем КУШНАРЭНКАМ наведала КНР. У прыватнасці яна пабывала у горадзе Чунцын, дзе прыняла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтве гарадоў-пабрацімаў. Перад насычанай сустрэчай беларуская дэлегацыя зазірнула ў Народную школу горада — адну з самых вядомых і паважаных навучальных устаноў Кітая.

Аляксей Кушнарэнка падчас наведвання гэтай установы адукацыі адзначыў, што краіна развіваецца імкліва, і гэта шмат у чым адбываецца дзякуючы якаснай адукацыі. Цікавасць да Кітая ў Беларусі расце. Ужо сёння ў Мінскай вобласці 80 настаўнікаў выкладаюць кітайскую мову, а больш за 2,5 тысячы вучняў вывучаюць кітайскую мову як асноўную.


Істотным прасоўваннем беларускага-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі стала падпісанне ў ходзе рабочай паездкі Мемарандума аб пабрацімстве паміж Сеніцкай сярэдняй школай № 2, што ў Мінскім раёне, і Народнай школай Чунцына. Гэта і паклала пачатак развіццю шэрагу сумесных ініцыятыў.

Дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы № 2 Алена БУЦЭНКА расказала, што яшчэ да афіцыйнага падпісання дагавора аб супрацоўніцтве пачалася шчыльная работа:

— Нашы сумесныя праекты носяць не фармальны, а практычны і даследчы характар.

Расліна будучыні

Першым і самым значным кірункам узаемадзеяння паміж школамі стаў сумесны навукова-даследчы праект, прысвечаны вырошчванню яравога рапсу. У красавіку беларускія вучні высадзілі насенне на невялікай градцы на прышкольнай тэрыторыі — тут яны ўжо больш за месяц вядуць сістэматычныя назіранні, робяць запісы, афармляюць дзённікі. Працягваць гэта рабіць яны будуць і летам. Нягледзячы на тое што вучэбны год у школьнікаў завяршыўся, яны з радасцю будуць наведваць школу, каб паназіраць, ці ідуць іх расліны ў рост.

Паралельна з гэтым у ААТ «Гастэлаўскае» на бязвыплатнай аснове пад яравы рапс было адведзена 0,3 гектара зямлі — таксама для назіранняў, але ў больш прыстасаваных і звыклых для гэтага ўмовах. Школа эфектыўна супрацоўнічае з гаспадаркай, ёй нават адведзена адна з музейных экспазіцый ва ўстанове адукацыі, а таксама людзям Мінскага раёна, які ўнеслі значны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы.


— Сама ідэя адначасовых назіранняў вырошчвання культуры ў абедзвюх краінах прыйшла кітайцам. Яны выступілі з такой цікавай прапановай, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана АЛЕКСАНДРОВІЧ. — Нам гаспадарка адправіла тэхналагічную карту па пасеве рапсу. Працуем з кітайскімі калегамі напрамую — дзелімся з імі інфармацыяй, якая задзейнічана тэхніка, на якіх плошчах, чым апрацоўваем. У сваю чаргу іх Акадэмія навук гэтыя даныя параўноўвае са сваімі.

Чацвёртакласнікі з цікавасцю ўключыліся ў працу на сваёй градцы, адзначылі ў школе.

— Паліваюць, займаюцца праполкай, — расказала дырэктар. — Мы плануем працягваць назіранні аж да збору ўраджаю, пасля чаго будзе падрыхтаваная выніковая справаздача. Гэты праект дазваляе нашым дзецям не толькі вывучаць аграрныя асаблівасці дзвюх краін, але і адчуваць сябе сапраўднымі даследчыкамі, аб’яднанымі агульнай задачай.

Аказваецца, у Кітаі нядаўна быў выведзены каляровы сорт яравога рапсу. У час перагавораў у Чунцыне ішла размова, што консульства іх даставіць у Беларусь у рамках узаемнага супрацоўніцтва.

— Будзем саджаць! — заявілі ва ўстанове адукацыі.

Гэты беларуска-кітайскі праект накіраваны яшчэ і на эстэтычнае выхаванне школьнікаў. У працяг тэмы паміж беларусамі і кітайцамі быў таксама праведзены сумесны конкурс малюнкаў, прысвечаны рапсу.

Перспектывы відавочныя

Сеніцкая сярэдняя школа № 2 была адкрыта не так даўно — усяго тры гады таму. Але ўжо зарэкамендавала сябе як установа адукацыі, нацэленая выхаваць усебакова развітую асобу.
Тут навучаецца 1083 чалавекі. Школа працуе ў двухзменным рэжыме. Пачаткоўцам прапанаваныя класы музычнай, харэаграфічнай і іншай накіраванасці. Старэйшыя класы падзяляюцца на інжынерны, ваенна-патрыятычны, педагагічны кірункі і напрамак «юны пракурор». 10—11-класнікі, якія навучаюцца на базавым узроўні, дадаткова атрымліваюць спецыяльнасць «Кандытар». У дзяцей, вядома, ёсць магчымасць паглыблена дадаткова вывучаць замежныя мовы — англійскую або кітайскую. Апошняя з часам стала вельмі запатрабаванай.

Школа да таго ж з’яўляецца раённым Рэсурсным цэнтрам па вывучэнні кітайскай мовы і культуры кітайскай мовы. КНР ва ўстанове адукацыі таксама прысвечана асобная лакацыя.


— Усяго 118 дзяцей у нас вывучаюць кітайскую мову і ў рамках вучэбных заняткаў, і ў рамках факультатыўных, — удакладніла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — У першым і другім класах бацькі адпраўляюць дзетак факультатыўна вывучаць кітайскую мову два разы на тыдзень, а ўжо да пачатку трэцяга класа трэба зрабіць выбар на карысць аднаго з абавязковых вучэбных прадметаў — англійскай ці кітайскай мовы. Нас радуе, што законныя прадстаўнікі выбіраюць кітайскую мову для вывучэння свядома, разумеюць перспектывы гэтых ведаў у дзяцей. А кадрамі для выкладання мы забяспечаны.

Настаўніца кітайскай мовы Анастасія СЕМЯНЮК — малады спецыяліст, яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў:

— Сама я ў свой час зрабіла выбар на карысць вывучэння менавіта кітайскай мовы, таму што яна складаная, вывучаць яе бяруцца не ўсе, — але яна вельмі запатрабаваная. У нас у школе шмат метадаў выкладання: выкарыстоўваем і карткі, і інтэрактыўныя дошкі, і настольныя гульні. Я сама ствараю цікавыя дадатковыя заданні. Для навучання мовы ў ход ідуць многія інструменты. Дзеці на ўроках дзеляцца, што англійскую мову таксама вывучаюць, але дадаткова, а кітайскую мову выбралі ў якасці навучальнага прадмета, таму што многім з іх цікавая зусім іншая культура, кагосьці з школьнікаў бацькі адправілі, а хтосьці з дзяцей ужо нават пабываў у Кітаі, таму выбар уласна зрабіў на яе карысць.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю