Як адбіліся студзеньскія маразы на навучальным працэсе і чаму ўрокі не адмянялі, пракаменціраваў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БелТА.
Паводле слоў намесніка міністра, у Беларусі як прававой дзяржаве ўсё рэгулюецца нарматыўнымі прававымі актамі. «У прыватнасці, калі казаць аб нарматыўна-прававых актах, якія абмяжоўваюць знаходжанне дзяцей падчас адукацыйнага працэсу на прагулках, на свежым паветры альбо ў цэлым наведванне ўстаноў адукацыі, то яны ўстаноўлены адпаведнымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі Міністэрства аховы здароўя. Гэтыя нормы плаўна перацяклі з практыкі Савецкага Саюза. Там пазначаныя і дакладныя тэмпературныя дыяпазоны, і нават хуткасць ветру», — удакладніў ён.
Акрамя таго, прапісана, хто мае права прыпыняць дзейнасць тых ці іншых устаноў адукацыі. «Як правіла, гэта непасрэдна заснавальнікі — райвыканкамы на месцах альбо адпаведныя адміністрацыі ў Мінску. Яны праводзяць маніторынг сітуацыі і маюць права пры нізкіх тэмпературных умовах і ўмовах надвор’я прыпыніць дзейнасць той ці іншай установы адукацыі», — дадаў Аляксандр Кадлубай.
Сітуацыя з улікам тэмпературнага рэжыму застаецца на кантролі. «Праводзім маніторынг па ўсіх рэгіёнах: Віцебск, Магілёў і Гомель, дзе ў мінулую пятніцу выпала крыху больш снегу, чым звычайна нашай беларускай зімой. У прынцыпе, у гэтых сітуацыях па шэрагу раёнаў было прынята рашэнне аб прыпыненні падвозу дзяцей. Прапрацаваны пытанні з сем’ямі, каб не падвяргаць дзяцей залішняй рызыцы пры перавозцы транспартам. Але да суботы ўсё гэта было адноўлена», — расказаў намеснік міністра.
«Функцыянуе падвоз, няма парушэнняў тэмпературнага рэжыму ва ўстановах адукацыі. І тэмпература паветра яшчэ не адпавядае таму дыяпазону, калі неабходна разглядаць пытанне аб прыпыненні дзейнасці ўстаноў адукацыі», — растлумачыў Аляксандр Кадлубай.
У ведамстве запэўнілі, што на пастаяннай аснове праводзіцца маніторынг сітуацыі.