Top.Mail.Ru

Чаму трэба разлічваць толькі на сябе, у параўнанні з чым жыццё — нішто, і што самае галоўнае для ўсіх сфер

Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.


На мінулым тыдні ўвагі Прэзідэнта хапіла на ўсё і нават больш. Спачатку кіраўнік дзяржавы прымаў гасцей —нашу краіну наведвала дэлегацыя Пензенскай вобласці на чале з губернатарам Алегам Мельнічэнкам. Па добрай традыцыі, абавязковы пункт у графіку гасцей — наведванне Палаца Незалежнасці і сустрэча з беларускім лідарам. Рэгіянальная тэматыка працягнулася і на наступны дзень, толькі ўжо ўнутраная. Прэзідэнт прыняў кадравыя рашэнні, прызначыўшы кіраўнікоў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Сталічны рэгіён узначаліў Аляксей Кушнарэнка, заходні — Юрый Караеў. А яшчэ кіраўнік дзяржавы акрэсліў задачы новаму міністру энергетыкі — Дзянісу Марозу. На пасяджэнні Савета Бяспекі ў Палацы Незалежнасці дэталёва разглядалі кожную з дзевяці сфер нацыянальнай бяспекі. Пад занавес працоўнага тыдня абмяркоўвалі пытанні фінансавання гульнявых відаў спорту. Дарэчы, гульнявыя віды спорту былі ў прэзідэнцкім графіку не толькі на нарадзе. Хакейная каманда Прэзідэнта з удзелам Аляксандра Лукашэнкі правяла два фінальныя матчы ў Рэспубліканскай хакейнай лізе. І пры ўсім гэтым кіраўнік дзяржавы прыняў найважнейшыя для краіны рашэнні: падпісаў указ аб утварэнні Апеляцыйнага эканамічнага суда і падпісаў Дырэктыву № 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны»

1.«У чарговы раз варта сказаць, што ўсё будзе залежаць ад нас. Трэба арыентавацца толькі на свае магчымасці. Але калі нешта прыбудзе звонку, мы будзем толькі рады, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Пензенскай вобласці. — Але трэба з галавой падыходзіць да таго, што прапануюць. Таму што мы ўжо наеліся гэтай беганіны: «Ах, там якасць, інвестыцыі і гэтак далей». Цяпер грошы скралі, арыштавалі і ў Расіі, і ў нас. Дзе тыя інвестары і дзе тая якасць, на якія мы маліліся? Урок атрымалі добры. Трэба арыентавацца на сваё. Мы здольныя шмат зрабіць». У цэлым, кажучы пра супрацоўніцтва з Пензенскай вобласцю, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок гатовы супрацоўнічаць з гэтым расійскім рэгіёнам па ўсіх накірунках. Сімвалічна, што абмяркоўвалася гэта напярэдадні свята 2 красавіка — Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

2.«Мы жыццё павінны аддаць, наша жыццё — нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны і для людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы, прызначаючы новых губернатараў і міністра энергетыкі. Пасыл, агучаны перад трыма чыноўнікамі, зразумела, адрасаваны кожнаму кіраўніку. 

3.«Мы будзем уваходзіць у сітуацыю аграрыяў і іх шкадаваць. Але патрэбен вынік. Гэта ж не справа, што скарачаецца колькасць, валавы збор трэба тры мільёны мець абавязкова. Рост падзяжу буйной рагатай жывёлы — куды ж гэта варта?» — звярнуўся да новага губернатара Міншчыны Аляксандр Лукашэнка. Гаворка можа ісці пра розныя сферы, розныя рэгіёны і нават розныя задачы для розных кіраўнікоў, але патрабаванне Прэзідэнта нязменнае — патрэбен вынік, бо разлічваць сёння можна толькі на сябе. 

4.«Спорт у нашай краіне атрымліваў і будзе атрымліваць неабходную падтрымку. Але пры гэтым, кожны ўкладзены рубель павінен быць апраўданы і даваць аддачу. Вось маё патрабаванне. Не будзе гэтага-не будзе грошай», — канкрэтна і зразумела агучыў формулу ўзаемаедзення спорту і дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Прынамсі, да гэтага варта прыслухацца не толькі спартыўным функцыянерам.

5.«Канцэпцыя — найважнейшы дакумент стратэгічнага планавання, і ён закранае асноўныя інтарэсы людзей, іх жыццёвыя прыярытэты. У першую чаргу — гарантыі міру і бяспекі. І не толькі сёння, а ў будучыні», — падкрэсліў беларускі лідар, гаворачы пра Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. У гэтым дакуменце прапісана ўсё, што тычыцца дзевяці асноўных сфер нацыянальнай бяспекі. Таму Прэзідэнт настройваў удзельнікаў пасяджэння Савета бяспекі на дэталёвы разгляд кожнай сферы — тут дробязяў быць не можа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю