Галоўная мэта Тыдня мабільнасці, які пачынаецца 16 верасня ў сталіцы, — прыцягнуць увагу да праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя. А таксама нагадаць грамадзянам пра магчымасць часам адмаўляцца ад выкарыстання ўласнага аўтатранспарту і перамяшчацца на іншых транспартных сродках. Напрыклад, можна ўзяць на пракат або набыць сродкі персанальнай мабільнасці, веласіпед. Ці проста паездзіць на працу на грамадскім транспарце.
80% забруджванняў паветра — з-за транспарту
Гэта «хвароба» любога вялікага горада, і Мінск — не выключэнне. Для паступальнага паляпшэння экалагічнай абстаноўкі ў мегаполісе арганізуецца шэраг мерапрыемстваў, расказаў старшыня Мінскага гарадскога камітэта па прыродных рэсурсах Андрэй ДРАГУН. У прыватнасці, на 16 верасня запланаваны велапрабег, які стартуе ад гасцініцы «Аква-Мінск» і працягнецца да стэлы «Мінск — горад-герой». Яшчэ адна акцыя — «На працу на веласіпедзе!». Таксама на гэтым тыдні пройдуць лекцыі на тэму веларуху, спаборніцтвы на роварах, майстар-класы па фігурным ваджэнні.
Асноўнае мерапрыемства запланавана на 22 верасня — у Міжнародны дзень без аўтамабіля. Каля Палаца спорту з гэтай нагоды будуць прадстаўлены розныя інтэрактыўныя пляцоўкі і лакацыі. Традыцыйна Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў прынята рашэнне аб бясплатным праездзе ў гэты дзень на грамадскім транспарце пры прад’яўленні пасведчання вадзіцеля і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
380 кіламетраў веладарожак
У сталіцы зацверджана канцэпцыя развіцця веларуху да 2030 года. Яна прадугледжвае ўладкаванне веладарожак працягласцю да 380 кіламетраў. Па дадзеных на 1 верасня бягучага года, 350 кіламетраў ужо добраўпарадкавана, з іх у гэтым годзе — больш за 40. Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік аддзела фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага гарвыканкама Алеся МАСТАВАЯ, такія ўчасткі паступова з’яўляюцца ва ўсіх раёнах горада. Для зручнасці выконваюцца работы па паніжэнні бартавога каменя, устанаўліваюцца спецыяльныя святлафоры, знакі, абнаўляецца разметка, абсталююцца велапаркоўкі.
Спецыяліст падкрэсліла: для гараджан і гасцей у сталіцы дзейнічаюць аўтаматычныя пункты пракату, чый парк налічвае 15 тысяч самакатаў і столькі ж ровараў. Калі ёсць патрэба, пункты пракату таксама функцыянуюць у дзяржаўных установах, фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах.
2/3 пасажырапатоку забяспечвае электратранспарт
Больш за тое, прымаюцца адпаведныя меры па павелічэнні яго долі ў парках «Мінсктранса», заявіў дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый СУПРАНОВІЧ. Акрамя таго, падаўжаюцца лініі метрапалітэна. А яшчэ ў перспектыве з’явіцца буйны транспартна-перасадачны вузел у раёне плошчы Бангалор.
У новым жылым раёне «Паўночны бераг» канцэптуальна прыярытэт аддаецца электратранспарту. Электробусы на пачатковым этапе будуць падвозіць гараджан да станцый метро «Пушкінская» і «Акадэмія навук», а з адкрыццём новых станцый арганізуюць дадатковыя хуткасныя маршруты.
Штодня грамадскі транспарт перавозіць каля 1,7 мільёнаў пасажыраў, каля 750 тысяч прыпадае на сталічную падземку. У цэлым дзве трэці пасажырапатоку забяспечвае электратранспарт. У тым ліку на вуліцах горада сталі часцей выкарыстоўвацца тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам.
Практычна палова рухомага складу, які выкарыстоўваецца ў гарадскіх перавозках, — экалагічна чыстыя віды транспарту. Парк налічвае 708 тралейбусаў, 137 вагонаў трамваяў і 108 электробусаў. І гэтая лічба працягне расці. У цяперашні час электратранспартам абслугоўваюцца 64 тралейбусных маршруту, 13 з іх маюць участкі бескантактавай сеткі. Электробусамі на пастаяннай аснове абслугоўваюцца 12 раней былых аўтобусных маршрутаў.
Яна ВАЛАСАЧ