Напярэдадні свята Вялікай Перамогі, недалёка ад вёскі Сітніцкі двор, жыхароў якой фашысты знішчылі ў лістападзе 1942 года, адбылася знакавая падзея для Лунінецкага раёна — адкрыццё партызанскай вёскі.
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі, недалёка ад вёскі Сітніцкі двор, жыхароў якой фашысты знішчылі ў лістападзе 1942 года, адбылася знакавая падзея для Лунінецкага раёна — адкрыццё партызанскай вёскі.
Тут, у самай гушчы палескіх лясоў і балот, у гады Вялікай Айчыннай вайны дыслацыравалася партызанская брыгада імя С. М. Кірава. Сёння, дзякуючы сумесным намаганням неабыякавых людзей, гэтае месца цалкам перадае атмасферу ваеннага часу, дазваляе на свае вочы ўбачыць побыт партызан, адчуць гісторыю, спусціўшыся ў бліндаж або сапраўдную зямлянку, у якой жылі партызаны, і медсанчасць, дзе ратавалі параненых. Аб часах ваеннага ліхалецця і подзвігах партызан брыгады пачулі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лунінецкага райвыканкама Сяргея МОЛЧАНА.

«Гэтае месца сапраўды знакавае, святое. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся штаб партызанскай брыгады імя С. М. Кірава, падпольныя райкамы партыі і камсамола, — расказвае гісторыю комплексу Сяргей Молчан. — Дзякуючы сумесным намаганням неабыякавых грамадзян мы змаглі аднавіць партызанскую вёску. Воінскія часці, арганізацыі і прадпрыемствы раёна дапамаглі ўзнавіць унікальную кампазіцыю, якая дае ўяўленне пра рэйкавую вайну і побыт партызан».
Сёння, акрамя кампазіцыі, тут знаходзяцца і партызанскія магілы, дзе пахаваныя 24 чалавекі. «Усяго ў брыгадзе імя Кірава налічвалася 1 265 партызан, з іх 110 — жанчыны. Яны ажыццяўлялі дыверсіі на чыгуначных участках Мікашэвічы — Пінск, Лунінец — Малькавічы і шасейных дарогах. Пусцілі пад адхон больш за 20 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага. Знішчылі 38 кіламетраў тэлефонна-тэлеграфных ліній, 90 аўтамашын, патапілі восем барж, паромаў, катэраў. Падарвалі 23 чыгуначныя масты, разграмілі гарнізоны ворага ў вёсках Лунін, Бастынь, Парахонск, Ленін. На чыгуначнай станцыі Сінкевічы знішчылі станцыйную гаспадарку і эшалон з боепрыпасамі. Тады рух спыніўся на тры тыдні», — паведаміў Сяргей Молчан.

У студзені — сакавіку 1943 года партызаны вялі баі з карнікамі і выратавалі ад гібелі жыхароў вёсак Рэдзігерава, Флярова, Манасеева, Чарабасава Лунінецкага раёна. У красавіку — ліпені 1944 года правялі засадныя баі каля вёсак Сошна, Малькавічы, Задуб’е, Бастынь, Бакінічы, Мелясніца, Хрысцінава (цяпер аграгарадок Палескі) і іншых.
«А яшчэ брыгада імя С. М. Кірава мініравала шляхі адступлення варожых частак, прымала актыўны ўдзел у аперацыі „Рэйкавая вайна“. У ліпені 1944 года ва ўзаемадзеянні з Чырвонай Арміяй партызаны вялі баі на чыгуначным участку Бастынь — Дзятлавічы. Актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні Лунінецкага раёна», — расказаў начальнік аддзела.
Займацца рэканструкцыяй такіх месцаў, на думку Сяргея Молчана, сёння асабліва важна: «У першую чаргу, для нашай моладзі. Гэта наша агульная памяць. Пакаленне, што падрастае, павінна ведаць і памятаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ж з вамі выдатна ведаем, наколькі сёння нашы апаненты з-за мяжы імкнуцца перавярнуць гістарычную праўду. Заходнія краіны ўсё часцей заяўляюць аб тым, што гэта яны перамаглі ў вайне, што гэта яны зламалі хрыбет фашызму. І вось дзякуючы такім знакавым месцам, нашы дзеці будуць ведаць гістарычную праўду, цаніць незалежнасць і мірнае неба над галавой, здабытае нашымі гераічнымі продкамі», — рэзюмаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, дадаўшы, што ў планах на будучыню — пашырацца, рабіць экспазіцыю яшчэ лепшай і цікавейшай.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД