Унікальная выстаўка «Мая Беларусь» адчыніла дзверы для наведвальнікаў у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Экспазіцыя адлюстроўвае дасягненні незалежнай Беларусі ў розных сферах дзейнасці: касмічнай, навуковай, спартыўнай, харчовай і іншых.
На плошчы звыш 30 тыс. м2 размешчаны экспазіцыі, фуд-корт, зона культурных мерапрыемстваў, а таксама розныя лакацыі «Мая Беларусь — месца сілы», дзе прадстаўлены дасягненні ў культуры і адукацыі, экалогіі і сельскай гаспадарцы і іншых сферах дзейнасці.
— Мы можам з гонарам сказаць, што краіна адбылася як сацыяльна арыентаваная дзяржава і Беларусь інтэлектуальная. Галоўнае багацце, якое ў нас ёсць, — нашы людзі. Усё, што зроблена ў краіне, — зроблена дзякуючы працы і інтэлекту нашых людзей. У рамках выстаўкі мы бачым розныя тэматычныя блокі, якія падкрэсліваюць не толькі гісторыю станаўлення краіны, але і перспектыву будучыні, — адзначыў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
Ён паведаміў, што ў краіне актыўна развіваюцца і навукаёмістыя галіны эканомікі, напрыклад, атамная энергетыка, пачалі рыхтаваць новых спецыялістаў у галіне хімічных, ядзерных і інфармацыйных тэхналогій, матэрыялазнаўства. Да таго ж з’явілася інфраструктура — біятэхналогіі.
— Стварэнне Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі непарыўна звязана не толькі з развіццём аграпрамысловага комплексу — у многім гэта вядомы брэнд на знешнім рынку за межамі нашай краіны, — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Развіццё атрымалі і такія традыцыйныя галіны, як машынабудаванне, бо стварэнне электробусаў, гібрыдаў, электрасамазвалаў, якія, паводле слоў кіраўніка Міністэрства адукацыі, «ужо старонка гісторыі суверэннай Беларусі, якая непарыўна звязана з тэхналогіямі і інтэлектам». Дарэчы, з сучасным электратранспартам і найноўшымі тэхналогіямі, такімі як разумная кватэра, экасістэма «Разумны горад», можна азнаёміцца ў аднайменным тэматычным кластары. Прычым на многіх лакацыях усё прапаноўваецца не толькі пакратаць рукамі, але і паспрабаваць на справе на адмысловым трэнажоры кіраваць камбайнам, напрыклад.
Апрача «Разумнага горада», у рамках выставы прадстаўлены лакацыі «Мы — будучыня», «Прыгожая краіна», «Навука і інтэлект», «Клопат і здароўе», «Спартыўная краіна», «На варце», «Атамная энергія», «Сельская гаспадарка».
Цікавая экспазіцыя прадстаўлена і ў лакацыі Мінпрыроды. Тут можна атрымаць уяўленне аб найбольш перспектыўных вектарах развіцця краіны ў экалогіі і ўстойлівым прыродакарыстанні, сучасных дасягненнях у гэтым кірунку. Напрыклад, можна ўбачыць розныя віды карысных выкапняў нашай краіны (калійная і каменная соль, нафта, торф, пясок, сапрапель і інш.), даведацца аб іх ролі ў будаўнічай і эканамічнай сферы развіцця Беларусі. Прадстаўлены таксама макет буравой устаноўкі для здабычы нафты.
Багаццям нетраў нашай зямлі прысвечана і экспазіцыя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прычым не ўвогуле — напрыклад, можна ўбачыць дробна расфасаваны... торф.
— Найбольш актуальныя сёння для спажыўца не вялікія брыкеты торфа, а менавіта такая фасоўка, — тлумачыць дырэктар інстытута Дзмітрый Грумо.
Вялікая ўвага на выстаўцы ўдзелена і культурнай сферы нашай краіны, яе гістарычнай спадчыне: жывапісу, музыцы, рамёствам. Штодзень на працягу сямі тыдняў тут будуць праходзіць сустрэчы, прэзентацыі, прагляды фільмаў, мультфільмаў і гэтак далей.
— Кожная вобласць прадставіла тыя рамёствы, якія яе вылучаюць. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці — выраб валёнкаў, у Гродзенскай — саломапляценне і выцінaнкa, у Гомельскай — ткацтва. Выстаўка «Мая Беларусь» стала сапраўды ўнікальным мерапрыемствам, бо комплексаў з такім тэхналагічным забеспячэннем у нас яшчэ не было, — з гонарам адзначае міністр культуры Руслан Чарнецкі.
Выкарыстанне сучасных тэхналогій, яркія дэкарацыі і экспанаты, гульнявыя зоны і інтэрактыўныя элементы робяць выстаўку даступнай і цікавай для любога ўзросту.
«Мая Беларусь» — сапраўднае адкрыццё
Ужо ў першыя дні работы выстаўкі тут было даволі шмат наведвальнікаў. Мы пацікавіліся іх уражаннямі
— Я даволі часта наведваю такія мерапрыемствы. Мне падабаецца хадзіць па шматлікіх пляцоўках, разглядаць экспанаты, удзельнічаць у інтэрактывах, які прапаноўваюць тыя ці іншыя кампаніі. Таму мне ёсць з чым параўноўваць. Дык вось «Мая Беларусь» — сапраўднае адкрыццё. Атрымалася не толькі цікава правесці час, але і даведацца шмат новага аб розных сферах дзейнасці нашай краіны, яе поспехах і дасягненнях. Я нават не задумвалася, колькі ўсяго новага і незвычайнага ствараецца ў Беларусі. Штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі лёгкай і цяжкай прамысловасці, дроны і робаты, разнастайныя аб’екты культуры, гісторыі... Бясконцыя залы з найцікавейшымі экспанатамі! Вочы разбягаюцца! І гэта ўсё створана нашым народам! — падзялілася ўражаннямі Марыя Карповіч.
— Выстава вельмі крутая! Такія класныя фотазоны, усялякія спартыўныя трэнажоры, дапоўненая і віртуальная рэальнасці. Мне больш за ўсё спадабаўся стол Пірагова — спецыяльны медыцынскі трэнажор для вывучэння ўнутранай будовы чалавека. Калі стану дарослай, абавязкова вывучуся на ўрача і таксама буду з яго дапамогай лячыць людзей! — падзялілася ўражаннямі Святлана Кузьмічова, якая прыйшла на выстаўку з бабуляй. Надзея Мікалаеўна найбольш уразілася інтэрактывам з водарамі і гукамі.
— Падыходзіш да лакацыі «Водары Беларусі» — і ўдыхаеш водар сенакосу ці роснага ранку. А ў лакацыі «Гукі Беларусі» можна паслухаць, як спяваюць нашы птушкі ці як рыпіць пад нагамі на марозе снег... Нібы ў дзяцінства вяртаешся, у родную вёску... — Ніколі так востра не адчуваў гонар за сваю Радзіму, за яе інтэлектуальную і тэхнічную магутнасць, як сёння на выстаўцы. У кожнай зале — сведчанні паспяховага развіцця нашай краіны, беларускага шляху станаўлення. А як яскрава і ўдала ўсё прадстаўлена: прасторныя пляцоўкі для інтэрактыву, вялізныя экраны і праектары, амаль усё можна ўзяць у рукі, паспрабаваць, як той ці іншы экспанат працуе, даведацца аб яго прызначэнні. На некаторых пляцоўках нават былі акуляры віртуальнай рэальнасці, што дапамагалі завочна пабываць на той ці іншай лакацыі, — дадаў Павел Пятроўскі.
Марыя САМАЛЬ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА