Ад «ранку» да «дыямента»
Падчас Дня яблыка, які прайшоў у Інстытуце пладаводства, вучоныя расказалі пра сарты, якія прыжыліся ў беларускіх садах, асаблівасці іх агратэхнікі, арганізавалі дэгустацыю.
«Паланэз» у садзе
У калекцыі Інстытута пладаводства, якая мае статус нацыянальнага здабытку, каля 1500 яблынь, з іх 700 сартоў. Падчас Дня яблыка вучоныя вырашылі паказаць самыя папулярныя сарты для асенняга і зімняга спажывання, айчынныя і замежныя. Напрыклад, у Беларусі раянаваны яблыні амерыканскай, канадскай, італьянскай, польскай, чэшскай, нямецкай селекцыі. Яны могуць даваць добрыя ўраджаі, але існуе багата нюансаў, якія трэба ўлічваць садаводам. Часта заморскія прыгажуні могуць быць няўстойлівымі да хвароб, патрабаваць інтэнсіўнага догляду.
Беларускія селекцыянеры шмат увагі ў сваёй рабоце ўдзяляюць на вывядзенне трывалых сартоў, якія будуць радаваць ураджаем і пры мінімальных апрацоўках (3-4 за сезон). Таму садаводам, якія хочуць сэканоміць на абароне раслін, варта прыгледзецца да айчынных сартоў, тым больш, што дзякуючы рабоце вучоных сёння можна наладзіць вітамінны канвеер і спажываць беларускія яблыкі на працягу ўсяго года. Адным з першых у садах паспявае «Ранак», ён радуе шчодрым ураджаем кісла-салодкіх яблык. Аматарам салодкіх пладоў варта звярнуць увагу на «Алену», але, каб плады гэтага сорту хоць бы месяц паляжалі, важна іх своечасова сабраць. А яшчэ «Алена» патрабуе прарэджвання, абрэзкі, тады яна дасць плады сярэднім памерам у 120 грам, у лянівага садавода пасля буйнага цвіцення дасць шмат дробных яблычкаў.
У жніўні выспявае «Аксаміт» — салодкі, сакавіты, з ружова-чырвоным размытым румянцам. Сорт добра перажывае халодныя зімы, устойлівы да хвароб. Плады захоўваюцца каля 2 месяцаў.
Сярод асенніх сартоў, на якія вучоныя раяць звярнуць увагу, — «Паланэз». Ён выведзены ў 2015 годзе, гэта адзін з першых падарункаў для садаводаў, якім былі патрэбны «цукровыя», хрусткія яблыкі. Нягледзячы на тое, што з’явілася ўжо многа новых салодкіх сартоў, «Паланэз» і сёння запатрабаваны. Садаводы яго любяць за высокую зімастойкасць, ураджайнасць (да 30 т/га) і хуткаплоднасць — на клонавым падвоі ўраджай пурпурна-чырвоных яблык з лёгкім мармуровым малюнкам спее ўжо на другі год.
Да студзеня могуць паляжаць плады «Крапача». Калі зняць іх у аптымальныя тэрміны, яны будуць жоўта-чырвонымі, даць павісець на дрэве — пачырванеюць цалкам. Яблыкі гэтага сорту буйныя, часам пад 200 грамаў. Назву для сорту селекцыянер Зоя Казлоўская прыгледзела ў Брэсцкай вобласці, там у вёсцы Крапачы, кажуць, жывуць моцныя людзі.
Сярод зімовых сартоў адзін з самых папулярных — «Дыямент», буйныя прыгожыя яблыкі якога могуць захоўвацца да сакавіка.
Навошта садаводам «люголь»
Тэрміны прыдатнасці яблык моцна залежаць не толькі ад умоў захоўвання, але і часу збору. Спознішся з ім на адзін дзень — і яны ўжо на два тыдні менш ляжаць. Калі сабраць яблыкі раней — яны не набяруць карысных рэчываў, не раскрыюць смаку, у час захоўвання могуць моршчыцца, на іх часта праяўляецца горкая ямачнасць. Ператрымаеш ураджай — хутчэй будуць развівацца фізіялагічныя працэсы, плады раней пачнуць псавацца. Важна паспець сабраць яблыкі, калі ў іх крухмал толькі пачынае распадацца.
Вучоныя расказалі, што вызначыць аптымальныя тэрміны (а кожны год яны розняцца) для збору пладоў дазваляе ёдава-крухмальная проба. Садаводы могуць выкарыстоўваць звычайны аптэчны ёд, рабіць 1 % раствор і мачаць у яго разрэзаны яблык. Крухмал у такім растворы афарбоўваецца ў цёмна-фіялетавы колер. Калі ён ужо распаўся, мякаць плода колер не мяняе. Тэст падкажа аптымальны тэрмін для збору — калі сарцавінка яблыка белая, а па краях фіялетавая з белымі плямамі. Фермеры расказалі вучоным, што знайшлі больш зручны спосаб — яны пырскаюць на яблык аптэчным «люголем».
Вопытныя садаводы могуць вызначыць тэрміны нават па знешнім выглядзе яблык — кожны сорт мае свае памеры і афарбоўку. Прырода таксама падкінула шэраг падказак — семка ў гатовым да ўборкі плодзе павінна быць карычневай. Такія яблыкі лёгка адрываюцца ад дрэва, іх не трэба з сілай цягнуць. Першыя апады — таксама сведчаць пра тое, што ўжо час збіраць ураджай.
Дарэчы, вучоныя заўважылі, што год выдаўся выдатным для таго, каб плады добра захоўваліся.
Калі садавод пры выбары сартоў найперш думае пра лёгкасць агратэхнікі, яму варта звярнуць увагу на тыя, што правераны часам. Сярод такіх — «Весяліна» і «Алеся», яны цешаць стабільным ураджаем, плады могуць захоўвацца да вясны. З летніх сартоў добра паказала сябе «Мара». Пры мінімальнай абароне радуе ўраджаямі «Імант», калі яго плады не ператрымаць на дрэве, яны могуць даляжаць да новага ўраджаю. Вучоныя працягваюць работу над вывядзеннем лёжкіх сартоў. Адна з задач, якую яны цяпер вырашаюць, — вывядзенне айчыннага зялёнаплоднага сорта, падобнага на знакаміты «Голдэн дэлішэс».
«Калядная» супраць «канферэнцыі»
У калекцыі Інстытута пладаводства — каля 600 узораў грушы. Ёсць тут і сарты, якія гатовы замяніць на прылаўках заморскія. Адна з такіх распрацовак вучоных — «Завея». Яе плады доўга захоўваюцца, радуе сорт і смакавымі якасцямі. Цяпер вучоныя стараюцца падабраць пад гэты сорт падвой, на якім будзе лепш праяўляцца ўраджайнасць. Дарэчы, і смак, і асаблівасці росту, і нават умовы догляду што яблынь, што груш моцна залежаць ад таго, на што прышчэплены сорт.
Гонар беларускіх селекцыянераў — «Калядная», гэтыя грушы могуць ляжаць да снежня- студзеня — адсюль яе назва. Вялікі плюс сорту — хуткаплоднасць, на падвоі ўжо на трэці год яна дасць плады, на ўласным карэнні — на пяты. «Калядная» можа скласці добрую канкурэнцыю знакамітай замежнай «Канферэнцыі». Дарэчы, гэты сорт вырошчваюць і ў Беларусі, але ў розныя гады гэты сорт, як і многія іншыя «іншаземцы», можа паводзіць сябе па-свойму. Напрыклад, сёлета плады выспелі хутчэй, і ў тых, хто не ўлічыў гэты нюанс, яны захоўвацца не будуць.
Пачаткоўцам, аматарам «навінак» вучоныя Інстытута пладаводства заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падказаць, якімі павінны быць тэхналогіі пад кожны сорт — ад аналізу ўчастку пад сад да нюансаў з доглядам і захоўваннем ураджаю.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ