Top.Mail.Ru

Чаму варта ўзгадаць жанчыну, якую б сёння маглі назваць уплывовым інфлюэнсерам і менеджарам хатняга побыту?

Шок-кантэнт для гаспадыні

Калі б у ХІХ стагоддзі быў Інстаграм ці ЦікТок, то шляхцянка з-пад Мінска Ганна Цюндзявіцкая мела б багата падпісчыкаў, а яе старонку б «залайкалі» дзякуючы прыгожым карцінкам з апетытнымі стравамі ды парадамі, як захаваць жаночую прывабнасць. Але тады, у 1848 годзе, можна было спадзявацца на папяровае выданне — і яно стала бестселерам, мела некалькі перавыданняў (нават ужо ў ХХІ стагоддзі!). Пра гэта вырашылі нагадаць у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» праз выстаўку «Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая».

Гэтае імя адкрыў сучасным беларусам у ХХ стагоддзі даследчык Адам Мальдзіс, калі аналізаваў: хто б мог скласці адну старадаўнюю ананімную кнігу з вельмі дзіўнай назвай: «Літоўская гаспадыня, ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі, кухоннымі, аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама аб вырошчванні і ўтрыманні жывёлы, птушкі і іншых жывых істот адпаведна спосабам, найбольш выпрабаваным і правераным вопытам, да таго ж самым танным і простым». Гэта больш, чым проста кулінарная кніга, якіх цяпер вельмі шмат. Гэта фактычна гаспадарчая энцыклапедыя, альбо дапаможнік для выжывання ў шляхецкім маёнтку, дзе кожная шаноўная пані мусіла ведаць, як кіраваць арміяй слуг, свіней і гусей, а таксама кантраляваць сітуацыю на кухні, а то яшчэ, пры неабходнасці, і лячыць зёлкамі. І самае галоўнае — гэта «літоўская гаспадыня», то-бок жанчына, што стаяла за стварэннем кнігі, насамрэч нарадзілася і жыла на Міншчыне.

У 1809 годзе ў сям’і Прушынскіх (тых самых, якім належала Лошыцкая сядзіба і Заслаўе) нарадзілася дзяўчынка Ганна. 

У заслаўскім касцёле ў 1826 годзе яна ўзяла шлюб з Юзафам Цюндзявіцкім і пераехала жыць у яго маёнтак, што знаходзіўся пад Барысавам. Мяркуецца, што ў Кішчынай Слабадзе і пісалася кніга — паводле таго, што ведала, умела і рабіла сама гаспадыня. 

І калі кнігу выдалі (у віленскай друкарні Юзафа Завадскага), значыць, у ёй была патрэба, для яе была чытацкая аўдыторыя. Але ж чаму без указання імя аўтара? Даследчыкі тлумачылі тым, што такое было жаданне самой аўтаркі, але ж трэба ўлічваць і тагачасныя сацыяльныя стэрэатыпы.

У той час у грамадстве лічылася, што жанчыне (а асабліва прадстаўніцы заможнага шляхецкага роду, да якога належала Ганна Цюндзявіцкая) «займацца літаратарствам» і публічна друкаваць кнігі было не 

зусім прыстойна. Магчыма, спадарыня Ганна апасалася, што пагалоска аб яе пісьменніцкай дзейнасці можа пашкодзіць яе бездакорнай рэпутацыі ўзорнай маці і гаспадыні. Магчыма, яна была сціплым чалавекам і не шукала публічнай вядомасці, проста хацела зрабіць карысную справу для іншых... Прычым нават пасля смерці Ганны Цюндзявіцкай у 1850 годзе выдавецтва Завадскага працягвала перавыдаваць кнігу без пазнакі аўтарства — гэтую таямніцу захоўвалі ўсе шэсць выданняў ХІХ стагоддзя. А ў ХХ стагоддзі, калі імя раскрылася (Адам Мальдзіс, дарэчы, спасылаўся на артыкул вядомага этнографа Аляксандра Ельскага), кнігу пераклалі з польскай (якой, у асноўным, карысталася шляхта) на беларускую мову. І што вы думаеце — яна зноў стала бестселерам!

Цікавасць зразумелая: так мы больш глыбока разумеем мінулы побыт, як і чым жылі нашы продкі. Але ж цікава ўласнаручна аднавіць рэцэпты і пакаштаваць стравы — цудоўны спосаб уразіць гасцей не проста кулінарнымі здольнасцямі, а кухняй з гісторыяй. Таму падчас выстаўкі ў заслаўскім музеі не толькі распавядаюць пра асобу Ганны 

Цюндзявіцкай, дэманструюць колішнія гаспадарчыя прадметы, але і завабліваюць на адмысловую імпрэзу фотаінсталяцыяй прыгатаваных паводле кнігі страў.

Амаль 450 старонак кнігі ў першым выданні захоўваюць 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў. У час, калі не было інтэрнэту, гэта была грандыёзная дапамога жанчынам. 

А пасля смерці Ганны выйшаў яе ж «Гаспадарчы штодзённік», застаўся ў рукапісе лекавы даведнік. Пры тым падыходзе да жыцця, што мела аўтарка і раскрыла ў кнігах, у добрай гаспадыні не заставалася часу на «дэпрэсію» ці «пошукі сябе», бо паводле «Літоўскай гаспадыні» столькі спраў трэба зрабіць альбо арганізаваць...

Першая: кулінарыя. Не толькі «фірменны» яблычны сыр! Сотні рэцэптаў традыцыйных страў — ад выпечкі хлеба, халаднікоў і штодзённых каш да святочных пірагоў, бабак і мясных далікатэсаў — прычым не толькі са свініны, бо на стале маглі з’явіцца рабчыкі ці бекасы... І нешта да іх — рэцэпты гарэлак, лікёраў, налівак, хатняга віна.

Другая: нарыхтоўкі. Вялікая ўвага надаецца метадам салення, вэнджання мясных вырабаў, сушкі і марынавання грыбоў, агародніны ды садавіны. Ва ўмовах адсутнасці халадзільнікаў аўтарка прапануе прагрэсіўныя для свайго часу спосабы кансервацыі, напрыклад, захоўванне тушак гусей у лёдзе...

Трэцяя: парадак. Найперш — у хаце гаворка пра правілы ўтрымання дома ў чысціні, захаванне адзення, апрацоўку розных матэрыялаў, нават барацьбу з хатнімі шкоднікамі.

Чацвёртая: гаспадарка. Ёсць парады па развядзенні і доглядзе буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, хатняй птушкі (курэй, качак, індычак). Плюс парады па вырошчванні агародніны, садавіны, зеляніны і рацыянальным доглядзе прысядзібнага ўчастка.

Пятая: аптэкарская. Народныя рэцэпты лекаў, зёлак, мазяў, настояў і спосабы першай дапамогі пры розных захворваннях.

Шостая: касметалогія. Цікавы падыход Ганны да жаночай прыгажосці. Яна крытыкавала жанчын, якія марнуюць час на тое, каб зашмат глядзецца ў люстэрка, што ідзе на шкоду гаспадарцы. Аднак раіла мыцца талым сакавіцкім снегам або дажджавой вадой з пятрушкай. Ёсць і парады па захаванні жаночага здароўя і як захаваць псіхічную раўнавагу, — відаць, гэта было актуальна пры такой занятасці.

І галоўнае: ніхто не выключае таго, што сапраўдная гаспадыня таго часу са шляхецкай сям’і павінна была быць жонкай і маці, у той жа Ганны Цюндзявіцкай было шасцёра дзяцей. Адзін з яе сыноў разам з Эдвардам Вайніловічам клапаціўся пра эканамічнае развіццё на беларускіх землях. Напэўна, на яго моцна паўплывала асоба маці...

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю