Top.Mail.Ru
216

Чаму важна своечасова выявіць бранхіяльную астму і як яе лячыць

Не пускайце на самацёк

Дыхаць для нас так натуральна, што мы не звяртаем увагі на гэты працэс, пакуль не ўзнікаюць праблемы. І тады жыццё становіцца іншым. Бранхіяльная астма — хранічнае запаленне ў бронхах. Гэта хвароба ў большасці асацыюецца з пакутлівымі прыступамі ўдушша і кардынальнымі зменамі ў звыклым ладзе жыцця. Аб тым, як яна развіваецца і як лячыць, расказалі спецыялісты.

Вінаватыя не толькі алергены

Бранхіяльная астма — разнароднае захворванне, якое характарызуецца хранічным запаленнем у ніжніх дыхальных шляхах і праяўляецца спецыфічнымі сімптомамі. Сярод іх пачашчанае, цяжкае дыханне, кашаль, пачуццё недахопу паветра, свісцячае дыханне, якое часам можна пачуць нават на адлегласці.

— Такія сімптомы праяўляюцца ў чалавека пасля кантакту з прычынным фактарам: алергенамі, фізічнай нагрузкай, эмоцыямі, надвор’ем, у прыватнасці, павышанай вільготнасцю. Увосень гэта можа быць звязана з грыбкамі, якія назапашваюцца ў апалай лістоце, — тлумачыць дацэнт кафедры педыятрыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына НЕНАРТОВІЧ. — Абумоўлены дадзены стан тым, што бронхі ў чалавека, які жыве з бранхіяльнай астмай, маюць павышаную адчувальнасць і рэагуюць звужэннем на тое, што ў іншых людзей не выклікае падобнай рэакцыі. Адпаведна, паветру складана выйсці з лёгкіх і гэта правакуе названыя сімптомы.

У свеце каля 260 мільёнаў чалавек жывуць з бранхіяльнай астмай. І, на жаль, каля 450 тысяч смерцяў штогод звязаны якраз з гэтым захворваннем. Астма істотна ўплывае і на якасць жыцця: абмяжоўвае фізічную актыўнасць, можа ўплываць на адукацыйны і прафесійны выбар. Але большасць смерцяў ад гэтай хваробы сёння можа быць папярэджана, калі чалавек атрымае адэкватнае лячэнне і будзе дакладна выконваць рэкамендацыі ўрача.

На жаль, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, назіраецца рост захворвання на бранхіяльную астму. На сёння лічбы распаўсюджанасці па краіне перавышаюць 70 тысяч насельніцтва на агульную папуляцыю. Кожны год выяўляецца ў сярэднім 3,5-4 тысячы новых выпадкаў захворвання. Што да дзіцячага насельніцтва, то, па стане на 2024 год, на афіцыйным уліку з бранхіяльнай астмай было каля 17,2 тысячы дзяцей.

Што палегчыць дыханне?

Лячэнне астмы прадугледжвае два асноўныя кірункі. Найперш гэта базісная тэрапія, якую трэба прымаць пастаянна, бо яна дазваляе стрымліваць запаленне і трымаць хваробу пад кантролем. Другі важны складнік — сітуацыйная тэрапія, гэта значыць хуткая дапамога, каб купіраваць прыступ. Усё актыўней пры лячэнні ўкараняецца такая методыка, як алергенспецыфічная імунатэрапія.

Прызначаюцца таксама інгаляцыйныя прэпараты. Яны жыццёва неабходныя як для купіравання хваробы, так і для кантролю прыступаў. Гэта лячэнне шляхам удыхання прэпаратаў праз пэўныя сродкі дастаўкі.

— Гэта зручна, бо дае хуткі і добры эфект, паколькі лекі адразу трапляюць у праблемнае месца. Гэта неінвазіўна — не трэба рабіць укол, што важна для дзяцей з такой хваробай, — кажа Ірына Ненартовіч.

— Бранхіяльная астма — шырока распаўсюджанае захворванне, якое характарызуецца неаднароднасцю і вялікай індывідуальнай варыябельнасцю ў кожнага пацыента, — дадае дацэнт кафедры ваенна-палявой тэрапіі Ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ Сяргей МЯЦЕЛЬСКІ. — Не заўсёды астма мае алергічны генез. Ёсць варыянты неалергічнай астмы, асабліва ў людзей сталага ўзросту. Нярэдка назіраем у практыцы выпадкі дэбюту бранхіяльнай астмы ў пажылых.

У Беларусі выбудавана дакладная сістэма аказання медыцынскай дапамогі дарослым і дзецям з бранхіяльнай астмай.

— У красавіку мінулага года прыняты клінічны пратакол па вядзенні дадзенага захворвання ў дарослых, які адпавядае міжнародным патрабаванням, дзе дэталёва распісаны падыходы да дыягностыкі і лячэння захворвання. У цяперашні момант падрыхтаваны праект абноўленых клінічных пратаколаў па дыягностыцы і лячэнні бранхіяльнай астмы ў дзяцей, — кажа Сяргей Мяцельскі. — Наладжана дакладная сістэма выяўлення захворвання і дыспансернага назірання за такімі пацыентамі. Выконваецца рэжым правядзення базіснай тэрапіі, дыспансерызацыі насельніцтва з бранхіяльнай астмай. У яе аснове ляжыць супрацьзапаленчая тэрапія — гэта прэпараты групы інгаляцыйных картыкастэроідаў або іх камбінацыя з прэпаратамі для расшырэння бронхаў. Медыкаменты для лячэння бранхіяльнай астмы як сярод дзяцей, так і сярод дарослых распаўсюджваюцца на бясплатнай аснове, за кошт бюджэтных сродкаў, што з’яўляецца вялікім плюсам для насельніцтва, павышае камплаенс і эфектыўнасць узаемадзеяння паміж урачом і пацыентам.

Сяргей Мяцельскі падкрэсліў, што частка людзей не ведае, што хварэе на бранхіяльную астму. З улікам гэтага павышаная ўвага павінна быць да тых пацыентаў, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу з сімптомамі, падобнымі да праяў гэтай немачы: зацяжны кашаль, свісцячыя хрыпы. У такой сітуацыі доктар абавязаны западозрыць бранхіяльную астму незалежна ад таго, ці ўскладнены ў пацыента алергалагічны анамнез, і накіраваць на неабходныя абследаванні. Сярод іх, акрамя вывучэння анамнезу і скаргаў пацыента, — спіраметрычнае даследаванне і правакацыйныя пробы, якія, як правяла, праводзяцца ў стацыянары.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю