Я хачу падзяліцца ўражаннямі ад паходаў па родным краі, ад сустрэчы з чалавекам, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні. Сёння я ўжо студэнт Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Але ўражанні ад тых сустрэч, якія атрымаў падчас школьных паходаў, упэўнены, пранясу праз усё жыццё.
Адна з такіх краязнаўчых вандровак была ў вёску Бабровічы. Гэта маляўнічыя мясціны. Не паверыце: просты вясковы дом даў начлег 50 школьнікам. А які зарад энергіі, які прыклад
жыццёвай моцы і ўпэўненасці мы атрымалі ад сустрэчы з Надзеяй Фёдараўнай Петруковіч. Мы былі ўражаны яе працавітасцю, трываласцю, жаданнем прыносіць радасць іншым.
Шчыры расказ гаспадыні дома дазволіў нам перанесціся ў мінулае, у 1942 год. Якую мудрасць і прагу да жыцця паказала тады яшчэ юная, 11-гадовая дзяўчынка Надзя, калі ратавала сваіх родных, калі развітвалася з бацькам, які сыходзіў у партызаны і якога не дачакалася. Жанчына да дробязяў памятала ўсё, што адбывалася ў тыя далёкія часы. Нават тое, якія рэчы са старога куфра бабуля апранала на яе, калі яны пакідалі дом. Жанчына памятае тыя даваенныя хаты, у якіх жыло больш за 700 чалавек: 676 з іх былі забітыя і спаленыя акупантамі. Згадваючы родных і аднавяскоўцаў, Надзея Фёдараўна не магла стрымаць слёз. І мы плакалі разам з ёй.
Цудам яна засталася жывой — схавалася паміж градамі, на якіх расла фасоля. Але гэта былі не апошнія выпрабаванні маленькай дзяўчынкі, якая расла без маці (тая памерла, калі Надзі было 2 гады). Надзея Фёдараўна, як пра гэта згадвала, казала: «Вой, дзеткі, калі б хто хоць праз прасціну паказаў маю маці, таму б рукі цалавала». Пасля вайны яна засталася круглай сіратой. Нанялася на службу людзям, якія выдзялялі ёй кут ды плацілі, хто чым мог. Як скончылася вайна, вярнулася разам з іншымі ў сваю вёску, каб аднаўляць яе. Людзі збіраліся, гаварылі пра стварэнне калгаса, абмяркоўвалі планы на будучыню. А ёй тады было ўсяго 14. Але ў калгасе яна працавала нароўні з іншымі. Як стала паўналетняй, завербавалася на будаўніцтва чыгункі ў Растоўскую вобласць. Ды не змагла там пратрымацца доўга — вярнулася ў родную вёску. Выйшла замуж, выгадавала пяцёра дзетак, разам з мужам яны далі ім магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю, дачакаліся 10 унукаў, 16 праўнукаў... З яе слоў мы зразумелі, якая яна шчаслівая, калі бачыць у сваёй хаце родных і блізкіх, сяброў, знаёмых, аднавяскоўцаў. Мы адчулі, што ўсе, хто ўваходзіць у гэты дом — становяцца шаноўнымі гасцямі.
Невыпадкова над уваходнымі дзвярыма вісіць абразок з надпісам: «Божа, блаславі таго, хто заходзіць у гэты дом, абарані і захавай таго, хто выходзіць з яго, і даруй мір таму, хто ў ім застаецца».
У сваёй вёсцы Надзея Фёдараўна працавала паляводам, пасля даяркай. Яе вочы свяціліся, калі яна згадвала, як удзельнічала ў конкурсах мастацкай самадзейнасці, ездзіла на выступленні ў раённыя і абласныя цэнтры, як вяскоўцы збіраліся на вячоркі, пралі, спявалі, танчылі. Як часта, калі ў яе не было магчымасці ісці на рэпетыцыю, бо не было каму
глядзець малых дзяцей, яна несла іх мужу на работу (ён быў рахункаводам, бухгалтарам у калгасе). І ніколі з яго боку не было папрокаў, ён разумеў жонку з паўслова. Разам пражылі амаль 65 гадоў, ён называў яе Зязюлькаю, сваёй Надзенькай, Пявунняй. Якім гонарам напоўніліся вочы бабулі, калі яна дастала завернутае ў паперку пасведчанне маці-гераіні і медаль мацярынства. Тут жа былі яшчэ 5 медалёў «Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва» за розныя гады і медаль «Ветэран працы».
Пасля сустрэчы з Надзеяй Фёдараўнай я пераканаўся, што людзям такога ўзросту патрэбны ўвага і ўпэўненасць у тым, што наша жыццё будзе лягчэйшым. «Няхай будзе шчаслівай жыццёвая дарога кожнага з вас», — такое пажаданне пачулі мы ад гэтай мудрай жанчыны, адной з простых людзей нашага краю. А ў маіх вачах яна стала сапраўдным героем, на плечы якога ляглі цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. Хіба не з такіх трэба браць прыклад?
Калі бабуля выйшла нас праводзіць, напэўна, шаптала свае малітвы, каб наш шлях быў шчаслівым. Дарэчы, адну з іх мы ад яе запісалі «Мы в пути, Господь впереди, Ангелики по боках, мы в Божьих руках. Приступите, помогите и нас в дороге сохраните».
Максім ЮХНІК