Top.Mail.Ru

Чаму ўз’яднанне краіны ў 1939 годзе стала падмуркам сучаснага суверэнітэту і як канстытуцыйная ідэнтычнасць абараняе Беларусь

Жыць у міры і згодзе — характэрная рыса нашага народа і фундаментальная аснова дзяржаўнай палітыкі

Каштоўнасць атрымання ўрокаў з мінулага асаблівае значэнне набывае ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі, калі працягваюцца спробы перапісвання гісторыі, у наяўнасці беспрэцэдэнтнае ўмяшанне асобных дзяржаў ва ўнутраныя справы іншых краін, у тым ліку нашай, адвольнае ўстанаўленне ў аднабаковым парадку неправамерных абмежавальных мер (санкцый) з мэтай прымусу да змены ўнутранай і знешняй палітыкі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«На гэтым дадзеным нам Богам кавалачку зямлі — наш адзіны дом. І гэты дом не прадаецца ні за якія грошы. Мы будзем і далей будаваць гарадскія кварталы і вёскі будучыні, дарогі і заводы, станцыі метро і школы... І, самае галоўнае, мы абавязкова захаваем для нашчадкаў мірнае неба над нашымі дамамі!».

(Падчас выступлення на свяце «Марафон адзінства», 24 студзеня 2025 года)

Ад трагедыі падзелу — да аднаўлення гістарычнай справядлівасці

Уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР 17 верасня 1939 года — гэта не проста дата з падручніка, а важная вяха, знакавы сімвал для кожнага, хто ўсім сэрцам любіць і шануе сваю Радзіму. Падзеі, якія адбыліся 87 гадоў таму, вызначылі будучыню нашай нацыі: беларускі народ здабыў магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у межах адзінай рэспублікі.

Падзеі 1939 года аднавілі парушаную гістарычную справядлівасць. Гвалтоўнае ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы на падставе Рыжскага мірнага дагавора 1921 года праходзіла без уліку меркавання беларусаў і амаль на два дзесяцігоддзі завязала вузел нацыянальнай трагедыі. Землі, якія адышлі польскай дзяржаве, дзе звыш 70% насельніцтва складалі беларусы, падвергліся жорсткай каланіяльнай палітыцы. Насуперак міжнародным абавязкам, польскія ўлады імкнуліся знішчыць этнакультурную самабытнасць нашага народа: закрываліся праваслаўныя храмы і беларускія школы (з 400 школ да 1939 года не засталося ні адной), блакаваўся доступ да дзяржаўных пасад, навукі і вышэйшай адукацыі. Фактычна польскія кіруючыя эліты разглядалі ўсходнія ўскраіны як крыніцу сыравіны і таннай працоўнай сілы, рынак збыту для прамысловасці ваяводстваў Цэнтральнай Польшчы. Беларусы лічыліся людзьмі другога гатунку.

Аднак зламаць дух беларускага народа не ўдалося. Нацыянальнай рысай беларусаў заўсёды было імкненне пераадольваць любыя нягоды разам, абапіраючыся на старадаўні народны звычай талакі — згуртаванне ўсім светам дзеля агульнай мэты.

Так адбылося і ў верасні 1939 гады падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі. Адразу пасля ўз’яднання на заходніх землях пачаўся сапраўдны прамысловы, сацыяльны і культурны ўздым: у найкарацейшыя тэрміны было створана каля 430 калгасаў, разгарнулася бясплатная сістэма аховы здароўя (каля 450 бальніц, паліклінік і радзільных дамоў), адкрылася амаль 6 тысяч школ, валавая прамысловая прадукцыя рэгіёна вырасла больш чым у два разы. Мы не можам не ганарыцца і не ўшаноўваць тых, хто абараніў наша права «людзьмi звацца».

Значэнне гэтага гістарычнага павароту ёміста ахарактарызаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: «Калі б не было б гэтага ўз’яднання, не было б у нас ні Дня Перамогі, ні Дня Незалежнасці. Нас не было б. Таму што не было б той зямлі, на якой продкі нашы нарадзіліся і якую сваёй працай апрацоўвалі».

Сёння суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць Рэспублікі Беларусь бясспрэчныя ў міжнародна-прававым плане. Ніхто не мае права дыктаваць нам звонку, як будаваць будучыню нашай краіны.

Народнае адзінства як апора канстытуцыйнага ладу

У сучасных умовах забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу пераўтварылася ў ключавую задачу дзяржавы, грамадства і кожнага грамадзяніна. Гэта выяўляецца ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі, надзейнай абароне суверэнітэту, рэальным увасабленні прынцыпу народаўладдзя, а таксама ў гармоніі паміж правамі грамадзяніна і яго канстытуцыйнымі абавязкамі.

Як падкрэсліў Канстытуцыйны Суд у Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь», прынятым 12 сакавіка 2026 года, залогам непахіснасці канстытуцыйнага ладу з’яўляецца народнае адзінства, якое праяўляецца ў яднанні грамадзян Беларусі ўсіх пакаленняў, нацыянальнасцей, сацыяльных слаёў і рэлігійных канфесій на аснове захавання гістарычнай памяці, цвёрдага прытрымлівання культурных і духоўных традыцый і маральных каштоўнасцей беларускага грамадства.

Сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, грамадзянскай супольнасці і кожнага грамадзяніна Рэспубліка Беларусь паспяхова супрацьстаіць выклікам і пагрозам, якія ўзнікаюць, і ўпэўнена рухаецца па шляху пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Такая калектыўная дзейнасць, накіраваная на забеспячэнне росквіту краіны, з’яўляецца рэальным праяўленнем народнага адзінства.

Канстытуцыйная ідэнтычнасць: шчыт суверэнітэту Беларусі

Асаблівым сэнсам сёння напаўняецца паняцце канстытуцыйнай ідэнтычнасці. Гэта безумоўная каштоўнасць, якая ўвасоблена ў фундаментальных палажэннях Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць неад’емнасць суверэнітэту, непахіснасць канстытуцыйнага ладу, народаўладдзе, прыярытэт правоў і свабод асобы, сацыяльную справядлівасць, роўнасць правоў і магчымасцей, сацыяльную адказнасць, абавязак захавання нацыянальных культурных і духоўных традыцый.

На канстытуцыйную ідэнтычнасць распаўсюджваецца спецыяльны рэжым канстытуцыйна-прававой аховы — гарантыя недатыкальнасці, якая вынікае з палажэнняў Канстытуцыі аб адказнасці народа за сучаснасць і будучыню Беларусі, аб яго неад’емным праве на самавызначэнне. Яе сутнасць простая і фундаментальная: права народа Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця, дэмакратычны, сацыяльны і прававы характар беларускай дзяржавы не можа скасоўвацца ці прымяншацца ні міжнародным правам, ні нацыянальным заканадаўствам.

Няхай актыўнае выкарыстанне сваіх канстытуцыйных правоў у спалучэнні з добрасумленным выкананнем абавязкаў і любоўю да Радзімы дапамагае нам усім разам рабіць нашу Беларусь яшчэ больш моцнай, прыгожай і паспяховай! З Днём народнага адзінства!

Павел ГРЫДЗЮШКА, суддзя Канстытуцыйнага Суда

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю