У нашай краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца ўшанаванню памяці ахвяр нацысцкага тэрору, увекавечанню подзвігу гераічных продкаў, дзякуючы якім Беларусь сёння — суверэнная і незалежная краіна, дзякуючы якім у прынцыпе Беларусь існуе на карце свету. У той час як у многіх краінах імкнуцца забыць жудасныя старонкі Другой сусветнай, змяшчаюцца акцэнты мінулых падзей, беларускі народ свята шануе сваю гісторыю.
Яе не даюць забыць шматлікія мемарыялы і помнікі, брацкія магілы і памятныя знакі, якімі літаральна ўсыпана наша зямля. Нават сціплыя і самыя аддаленыя з іх заўсёды дагледжаны, бо мы ведаем: забудзем дарогу да помнікаў — трагедыя можа паўтарыцца. Усё гэта — дзякуючы цвёрдай пазіцыі Прэзідэнта, для якога памяць і праўда пра трагічную і гераічную гісторыю народа, пра подзвіг вызваліцеляў заўсёды былі і застаюцца свяшчэннымі.
За гады прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у адкрыцці вялікай колькасці помнікаў і мемарыялаў. Яго словы, якія прагучалі ў гэтых святых месцах, з’яўляюцца маральным арыенцірам для кожнага беларуса. Прыслухаўшыся да іх, разумееш, які крохкі мір і якой вялікай каштоўнасцю з’яўляецца наша памяць — памяць народа-пераможцы.
«Неабходна ўсімі магчымымі сродкамі не дапусціць паўтарэння трагедыі»
29 красавіка 2005 года Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у цырымоніі адкрыцця архітэктурна-скульптурнага знака «Беларусь партызанская», размешчанага ў Мінску на скрыжаванні Партызанскага праспекта з вуліцай Енісейскай (цяпер Варвашэні). Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з ветэранамі, уручыў ім узнагароды. «Сёння, аналізуючы ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, мы робім галоўную выснову — неабходна ўсімі магчымымі сродкамі не дапусціць паўтарэння трагедыі, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Больш за тое, выключыць вайну як сродак вырашэння супярэчнасцяў».
Па словах Прэзідэнта, у ХХІ стагоддзі як ніколі неабходны сумесныя намаганні ўсёй міжнароднай супольнасці для прадухілення ваенных канфліктаў. «На гэта і накіравана знешняя палітыка нашай дзяржавы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы робім усё, каб сумеснымі намаганнямі змагацца з новымі выклікамі і пагрозамі ХХІ стагоддзя. Змагацца за мір, за шчаслівую сучаснасць і будучыню свайго народа і народаў планеты».
У размове з ветэранамі Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што свет так і не зрабіў сур’ёзных высноў з той трагедыі. «Самы галоўны ўрок Вялікай Айчыннай вайны — гэта ні ў якім разе не павінна паўтарыцца, — падкрэсліў ён. — Мы не павінны гэтага дапусціць».
Ветэраны ў сваю чаргу падзякавалі беларускаму кіраўніцтву за тое, што ў нашай краіне быў узведзены манумент у гонар партызан Вялікай Айчыннай вайны. «Мы пастаянна памятаем аб подзвігу тых, хто сваёй доблесцю і гераізмам, сваёй крывёй абаранілі наша права свабодна жыць і працаваць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы зрабілі і робім столькі, колькі не робіць ні адна дзяржава ў свеце, каб нашы дзеці і ўнукі памяталі пра вас, герояў-пераможцаў».
«Мы зробім усё магчымае, каб новыя пакаленні ніколі не аддалі забыццю памяць аб сапраўдных героях»

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне з’явіўся сапраўдны храм памяці. 2 ліпеня 2014 года Аляксандр Лукашэнка разам са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным адкрывалі новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь заўсёды была супраць скажэння праўды аб вайне. Яна стала першай у свеце краінай, якая стварыла Музей Вялікай Айчыннай вайны. «Шчырую пагарду ў нашых людзей выклікае адкрытая хлусня аб вайне, калі розныя псеўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — вызваліцелямі, калі яны бессаромна перакройваюць гісторыю пад канкрэтны палітычны заказ і спрабуюць выкрасці ў нашага народа Вялікую Перамогу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Такім марадзёрам мы давалі і будзем даваць рашучы адпор, адстойваючы гэты найважнейшы гістарычны здабытак».
Звяртаючыся да ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў ім удзячнасць за вялікі подзвіг. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас тых, хто меў дачыненне да стварэння новага музея. «Мы зробім усё магчымае, каб новыя пакаленні ніколі не аддалі забыццю памяць аб сапраўдных героях Вялікай Айчыннай вайны», — запэўніў ён.
«Памяць аб ахвярах нацызму для нашага народа свяшчэнна»
28 сакавіка 2019 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц адкрывалі помнік ахвярам нацызму «Масіў імёнаў» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».
Стварэнне ў Трасцянцы мемарыяла агульнаеўрапейскага значэння — гэта вынік сумесных намаганняў беларускай дзяржавы, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, кіраўніцтва і жыхароў гарадоў Еўропы, сведак тых падзей, якія выжылі. «Гэты помнік — напамін аб тым, як далёка могуць завесці агрэсія, што бярэ верх над здаровым сэнсам, надмерныя палітычныя амбіцыі, антынавуковыя і антычалавечыя тэорыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў, каб гэты каменны сімвал стаў вечным напамінам аб тым, што свет сапраўды вельмі крохкі, а чалавечае жыццё бясцэннае. «Наш святы абавязак — перадаць памяць аб гэтай вайне нашчадкам, перасцерагчы будучыя пакаленні ад паўтарэння фатальных памылак мінулага, зберагчы мір на зямлі», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
«Мы працягнем выхоўваць сваіх дзяцей на каштоўнасцях міру і чалавечага жыцця»
20 чэрвеня 2020 года Прэзідэнт браў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў памяць аб спаленых вёсках Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што свет не атрымаў урокі з тых падзей, а асобныя дзяржавы і ўрады па-ранейшаму, як гэта было напярэдадні Другой сусветнай, не заўважаюць, а часам заахвочваюць праявы радыкалізму ў грамадстве, часам адкрытага тэрарызму. «Скажу прама: фашызм, нянавісць пад сцягамі дэмакратыі беларусы на сваёй зямлі не прапусцяць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы працягнем выхоўваць сваіх дзяцей на каштоўнасцях міру і чалавечага жыцця».

Прэзідэнт выказаў перакананне, што дзіця, якое ў свядомым узросце хоць бы раз у жыцці наведае адзін з беларускіх мемарыялаў з падобнай гісторыяй, ніколі не дапусціць нават думкі аб тым, што на зямлі ёсць людзі, якія не заслужылі жыць і быць свабоднымі. «Беларусь будзе памятаць, каб і іншыя краіны не забывалі, хто заплаціў за Вялікую Перамогу самую вялікую цану, вызваліў заваяваныя гітлераўскай Германіяй землі і выратаваў народы ад генацыду», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі забудзем дарогу ў Хатынь — усё паўторыцца»
22 сакавіка 2023 года Прэзідэнт удзельнічаў у мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» толькі адкрыўся пасля рэканструкцыі. Быў пабудаваны музей, з экспазіцыяй якога азнаёміўся і кіраўнік дзяржавы.

«Да гэтага часу мы стараліся не абцяжарваць пачуццём віны дзяцей і ўнукаў катаў, якія прыйшлі на нашу зямлю, каб канчаткова вырашыць пытанне з намі, са славянамі, усходнімі славянамі, — канстатаваў ён. — Мы раней не падкрэслівалі, што большасць краін Заходняй Еўропы ўсталі пад сцягі гітлераўскай Германіі, і сусветны капітал аплаціў гэты паход. Яны супраць нас сёння санкцыі ўводзяць, развязалі эканамічную і інфармацыйную войны».
Па словах Прэзідэнта, мы бачым, як прачынаюцца інстынкты продкаў — украінскіх, латышскіх, літоўскіх і польскіх карнікаў, якія кідалі ў агонь нашых дзяцей, старых і жанчын. «Таму мы абавязаны і зробім усё, каб захаваць у гісторыі подзвіг пакалення савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Каб Хатынь стала месцам сілы беларускага народа. Гэта наш з вамі абавязак».
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што няма ніякіх апраўданняў палітыцы генацыду, няма нічога найважнейшага за чалавечае жыццё. «Яшчэ раз хачу паўтарыць усім вам і тым, хто мяне пачуе: прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей — сваіх, суседзяў, іншых, — папрасіў беларускі лідар. — Калі забудзем дарогу ў Хатынь — усё паўторыцца».
«Кожны дзень мы павінны рыхтавацца да гэтай вайны, каб яна не здарылася зноў на нашай зямлі»
5 ліпеня 2025 года беларускі лідар удзельнічаў у адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны, пабудаваным на легендарным Буйніцкім полі.
«Цяпер ідзе барацьба за галовы, за мазгі нашых людзей, — гаворачы аб важнасці захавання гістарычнай праўды, адзначыў Прэзідэнт. — Прайграем гэту барацьбу — час наш будзе палічаны. Таму мы ўчапіліся ў гэту гістарычную памяць. Увогуле, подзвіг нашага савецкага народа, у тым ліку на беларускай зямлі, — гэта гонар для любога народа».

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба памятаць і аб праліках, дапушчаных у пачатку вайны. «Я вельмі прасіў бы ўсіх вас, асабліва супрацоўнікаў музея: нам патрэбна праўда, нам патрэбна цяпер справядлівасць, — акцэнтаваў увагу ён. — Не трэба нічога хаваць».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з гэтых урокаў мінулага трэба рабіць высновы і заўсёды быць гатовымі абараніць краіну. «Так, мы ні на каго не нападаем, — заўважыў Прэзідэнт. — Але кожны дзень мы павінны рыхтавацца да гэтай вайны, каб яна не здарылася зноў на нашай зямлі».
Вераніка КАНЮТА