У TіkTok новая хваля абмеркаванняў звязана са штрафамі за чужароднае пустазелле на ўласным участку. І не малымі. Мы разабраліся, за што караюць рублём і чаму выдаленне непажаданых зялёных гасцей — не проста патрабаванне закона, а рэальная неабходнасць для бяспекі людзей і захавання біяразнастайнасці. Гаворка пра інвазіўныя віды, якія наносяць вялікую шкоду. Найбольш небяспечныя з іх — баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі.
Агрэсіўныя і небяспечныя
Праблема, справакаваная гэтымі фларыстычнымі агрэсарамі, сапраўды сур’ёзная і цяжкавырашальная. Калі з імі не змагацца, яны запалоняць усю прастору і татальна зжывуць абарыгенныя віды. Хтосьці скажа: ну і няхай гэтым актыўна займаюцца эколагі і іншыя прыродаахоўныя службы. Яны, безумоўна, займаюцца. Аднак гэта якраз той самы выпадак, калі трэба ўзяцца ўсім разам — і спецыялістам, і простым дачнікам-агароднікам, якія, дарэчы, у свой час у немалой ступені пасадзейнічалі распаўсюджванню таго ж сумніка канадскага — масава высаджвалі яго на сваіх участках. І калі ў барацьбу з нахабнымі іншаземцамі не ўключацца ўсе землеўладальнікі, разлічваць на перамогу нельга.
Час заклікаў, здаецца, скончыўся. Настаў час асабістай адказнасці. Дарэчы, прыцягненне да яе — не навіна. Летась толькі за адзін перыяд (чэрвень-жнівень) было складзена 1234 прадпісанні за сумнік канадскі, а штрафныя санкцыі перавысілі 6700 рублёў. І гэта толькі па адным відзе раслін.
Барацьба з інвазіўнымі раслінамі з’яўляецца агульным абавязкам не толькі спецыяльных суб’ектаў і структур, але і радавых грамадзян, якія валодаюць зямельнымі ўчасткамі ў населеных пунктах і садаводчых таварыствах, тлумачыць адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Аляксандр СЯНЬКО:
— Заканадаўствам устаноўлены абавязкі па рэгуляванні распаўсюджання і колькасці баршчэўніка Сасноўскага і іншых відаў інвазіўных раслін, у тым ліку па іх выдаленні, а таксама па своечасовым скошванні і выдаленні пустазельных раслін. Гэтыя абавязкі распаўсюджваюцца і на землекарыстальнікаў, якім участак дадзены для абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме, для вядзення калектыўнага садаводства.
Нагадваем, што з 19 чэрвеня 2026 года ўступаюць у законную сілу змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Артыкулам 16.46 уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за невыкананне карыстальнікамі зямельных участкаў або водных аб’ектаў работ па рэгуляванні распаўсюджання і колькасці відаў пэўных раслін, у тым ліку інвазіўных. Для фізічных асоб прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічынь (зараз гэта — 450 рублёў), для юрыдычных — значна большы.
Як змагацца?
Баршчэўнік Сасноўскага небяспечны перш за ўсё тым, што вылучае ядавіты сок, які ўтрымлівае фуранакумарыны. Калі гэтыя рэчывы трапляюць на скуру, пад уздзеяннем сонечнага святла ўзнікаюць моцныя апёкі. Да таго ж расліна актыўна выцясняе абарыгенную флору, і барацьбе з ёй надаецца важнае значэнне, гаворыць загадчыца сектара экалагічнай фізіялогіі фітаінвазій Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Алена КАРАСЁВА:
— Метады барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага дзеляцца на тры групы. Па-першае, гэта прафілактыка. Праводзіцца тлумачальная работа з насельніцтвам, распаўсюджваюцца буклеты, арганізуюцца семінары і выступленні ў СМІ. Па-другое, прадугледжваецца ацэнка засмечанасці глебы насеннем баршчэўніка Сасноўскага яшчэ на стадыі праектавання будаўнічых аб’ектаў, каб не дапусціць з’яўлення яго новых ачагоў. Па-трэцяе — вынішчальныя мерапрыемствы.
Уладальнікам зямельных участкаў пры невялікай колькасці раслін Алена Карасёва раіць выкарыстоўваць выдаленне сцеблакораня:
— Гэта працаёмкі, але эфектыўны спосаб. Расліна знішчаецца ўжо пасля адной аперацыі. Але трэба памятаць, што эфектыўнасць моцна зніжаецца, калі ў глебе ўжо ёсць запас насення, якое захоўвае жыццяздольнасць да 10–15 гадоў!
Яшчэ адзін просты метад — выдаленне верхняй часткі сцеблакораня: рыдлёўкай пад вуглом 45 градусаў зразаецца кропка росту. Для вялікіх папуляцый падыходзіць узворванне, асабліва ў спалучэнні з гербіцыдамі. А вось скошванне, па словах Алены Карасёвай, — гэта толькі метад абмежавання распаўсюджвання баршчэўніка, а не поўнага яго знішчэння. Скошваць расліны рэкамендуецца два-тры разы за вегетацыю на працягу некалькіх гадоў, і нельга дапускаць асемянення.

Калі ўжываць «хімію»?
Для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага прымяняюцца гербіцыды суцэльнага дзеяння (на аснове гліфасатаў, якія знішчаюць усю расліннасць) і выбіральнага дзеяння (вытворныя сульфанілмачавіны, якія знішчаюць двухдольныя расліны, захоўваючы злакавы покрыў). Апошнія дазваляюць сфарміраваць шчыльную дзярніну, тлумачыць Алена Карасёва. Асаблівую ўвагу яна звяртае на фазу развіцця расліны:
— Самая высокая эфектыўнасць апрацоўкі гербіцыдамі (95–100 %) дасягаецца ў фазе разеткі ў канцы красавіка — пачатку мая, калі вышыня расліны не перавышае 20 см. У гэты час дастаткова мінімальных доз прэпарата, што экалагічна і эканамічна выгадна. У ліпені-жніўні, калі расліна ўваходзіць у фазу глыбокага фізіялагічнага спакою, эфектыўнасць апрацоўкі рэзка падае.
Да асноўных прычын нізкай эфектыўнасці барацьбы з баршчэўнікам спецыяліст адносіць адсутнасць планаў дзеянняў, апрацоўку гербіцыдамі ў не рэкамендаваныя тэрміны, няправільны падбор прэпаратаў, распаўсюджванне насення з глебай і грунтамі, адсутнасць узгодненасці дзеянняў паміж землекарыстальнікамі і несвоечасовае правядзенне тэндараў.
— Калі тэндары праводзяцца ў ліпені — гэта ўжо неэфектыўна, — папярэджвае Алена Карасёва. — Яны павінны праводзіцца загадзя.
Калі вы прыехалі на лецішча ў самы разгар лета, а на ўчастку ўжо ва ўсю буяюць баршчэўнік і сумнік, спецыяліст раіць не адчайвацца. Для невялікіх папуляцый або адзінкавых раслін падыдзе скошванне ў спалучэнні з хімічнай апрацоўкай. Гербіцыды выбіральнага дзеяння, напрыклад «Магнум», ёсць у вольным продажы.
Не сумуйце па сумніку
Асобна Алена Карасёва спынілася на сумніку канадскім. Гэта расліна, якая здаецца прыгожай, на самай справе запаўняе сабой усю прастору і выцясняе абарыгенную флору. У барацьбе з ёй працуюць тыя ж метады: кашэнне і хімічная апрацоўка (да 30 см вышыні — кропкавая апрацоўка гербіцыдамі выбіральнага дзеяння).
Спецыялісты рэкамендуюць не чакаць, калі выпішуць штраф, і ўзяцца за справу — тым больш што цяпер вы ведаеце, як гэта зрабіць найбольш эфектыўна.
Надзея ЗУЕВА