Top.Mail.Ru
196

Чаму ўзнік штучны інтэлект і якія магчымасці ён дае чалавеку?

У Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук комплексна вывучаюць ключавыя выклікі сучаснасці, уключаючы пытанні этыкі і развіцця штучнага інтэлекту. Навукоўцы расказалі, з якімі выклікамі сутыкаецца грамадства ў эпоху найноўшых тэхналогій і ці можа ШІ калі-небудзь замяніць чалавека.


Дырэктар Інстытута філасофіі Анатоль ЛАЗАРЭВІЧ адзначыў, што ў сучасную эпоху існуе неймаверная хуткасць падзей, якія адбываюцца ў свеце. «У філасофіі мы гэту праблему пазначаем такім паняццем, як новая тэмпаральнасць. Інавацыі вітаюцца, але яны накладваюць свой адбітак на нашы навуковыя і сацыяльна-гуманітарныя прагнозы. Другая характарыстыка эпохі — вельмі высокая ступень інтэграцыі соцыуму і тэхналагічнай сферы. Часам цяжка ў гэтым сінтэзе бачыць, дзе чыста сацыяльнае, гуманітарнае, а дзе тэхнічнае, тэхналагічнае і штучнае. Гэта значыць, штучнасць свету ўзрастае ў процівагу натуральнаму развіццю і ходу рэчаў. Навука, тэхналогіі, новыя матэрыялы дазваляюць капіраваць жывое на тэхнічным, тэхналагічным узроўні», — заўважыў Анатоль Лазарэвіч. 

Чаму ўзнік штучны інтэлект і якія магчымасці ён дае чалавеку?

«Калі раней усе навукова-тэхнічныя рэвалюцыі былі накіраваны на тое, каб узмацніць чалавечую моц у фізічным сэнсе, неяк палегчыць жыццё чалавека, то сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя накіравана на ўмацаванне яго інтэлектуальных магчымасцяў. Таму што індывід, зыходзячы са сваіх фізіялагічных і інтэлектуальных магчымасцяў, не ў стане вызначаць сваё быццё ў новай складанай тэхналагічнай рэальнасці. Адсюль розныя праекты па ўзмацненні кагнітыўных і інтэлектуальных магчымасцяў. Так нарадзілася ідэя штучнага інтэлекту. У яго ёсць станоўчыя бакі, адначасова ён выклікае праблемы», — адзначыў навуковец.

У гэтым выпадку філасофія ў цэлым ставіць тры групы пытанняў. «Першае пытанне датычыцца нашай самасвядомасці. Ніводная іншая навука па сутнасці гэтым не займаецца. Што такое чалавек, якое наша прызначэнне ў гэтым свеце? Гаворым мы і аб штучным інтэлекце. ШІ можа многае, але не адказвае на пытанне, якое датычыцца менавіта самасвядомасці. Цяжка пакуль уявіць, што штучны інтэлект валодае самасвядомасцю. Чалавек гэта робіць на ўзроўні філасофскіх паняццяў», — адзначыў Анатоль Лазарэвіч.

Другім пытаннем выступае свет як прадмет даследавання. «Што такое свет па-за намі, што такое чалавек па-за канкрэтным „я“? Наколькі мы разумеем свет? Ёсць аб’ектыўнае разуменне свету, ёсць суб’ектыўнае. Праблема суадносін аб’ектыўнага і суб’ектыўнага — гэта вялікая філасофская праблема. А трэцяя група пытанняў звязана з сістэмай адносін „чалавек і свет“. Гэта сістэма нашых норм і каштоўнасцяў, як чалавек павінен дзейнічаць у адносінах да грамадства», — лічыць Анатоль Лазарэвіч.

Вядучы навуковы супрацоўнік інстытута філасофіі Ігар ПРЫСЬ лічыць, што існаванне і функцыянаванне сістэм залежыць ад чалавека. А штучны інтэлект можа вырашаць толькі алгарытмізаваныя задачы, але ён не ў стане зразумець кантэкст або паставіць праблему. Чалавек будзе выкарыстоўваць ШІ толькі як інструмент, пашыраючы свае межы пазнання.

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: У Кітаі звыш паўмільярда карыстальнікаў генератыўнага штучнага інтэлекту

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю