Top.Mail.Ru

«Чапяла», «стрыхоўка», «кужаль»: на выставе ў Лідзе ажываюць забытыя словы і прадметы продкаў

Да Дня беларускага пісьменства, што пройдзе 6 і 7 верасня ў Лідзе, на пляцоўцы перад Лідскім гісторыка-мастацкім музеем разгарнуўся праект «Слоўца за слоўцам». Аб гэтым паведамляе БелТА.



Музейшчыкі выставілі на плошчы перад будынкам вялікія стэнды з выявамі прадметаў побыту, культуры нашых продкаў-землякоў розных стагоддзяў. Іх выгляд, прызначэнне і назвы ўжо не знаёмы сённяшнім беларусам. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства арганізатары выставы вырашылі прыадкрыць акно ў гісторыю роднага краю — расказаць пра даўнія прадметы з сакавітымі назвамі, якімі карысталіся прадзеды і прапрадзеды, і паказаць тое, што захавалася ў фондах музея.

«Праект быў створаны ў выніку паглыбленага даследавання гісторыі экспанатаў з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея, — расказалі арганізатары. — На базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні „Час. Традыцыі. Вобразы“ ў нас рэалізуецца культурна-адукацыйная праграма „Рэха продкаў“, якая з’яўляецца ўнікальным даведнікам па этнаграфіі рэгіёна, важным інфармацыйным і выхаваўчым рэсурсам. Асноўная мэта праекта — захаванне і папулярызацыя мясцовых традыцый, побыту, духоўных каштоўнасцей Лідчыны».

Прадметы, што экспануюцца ў музеі, дапамагаюць зразумець, якім быў уклад жыцця землякоў мінулых пакаленняў. На пляцоўцы перад музеем жыхары і госці горада могуць даведацца, што такое, напрыклад, «чапяла», як карысталіся «стрыхоўкай» і навошта «кужаль» скручвалі ў «палойкі». Каб даведацца больш аб праекце, можна перайсці на сайт музея, скарыстаўшыся QR-кодам, размешчаным на выставе.

Культурна-адукацыйная праграма «Рэха продкаў» Лідскага гісторыка-мастацкага музея была адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі «За лепшую культурна-адукацыйную праграму» на VI Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі».

Сёння пляцоўка з гістарычнымі экспанатамі стала інтэрактыўнай. Тут арганізавалі рэтрагульні 1960-1970-х гадоў для дзяцей і дарослых. Кожны можа акунуцца ў атмасферу старых добрых гульняў: жвавых, інтэлектуальных, індывідуальных і групавых.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю