Што сказаць, умеюць здзівіць нашы заходнія суседзі... Цяперашнія прэзідэнцкія выбары інакш як займальным серыялам з выкрыццямі, абвінавачваннямі і дэталёвым вывучэннем бруднай бялізны і не назавеш. То кватэрныя аферы, то ўжыванне нейкіх псіхатропных рэчываў у прамым эфіры падчас правядзення тэледэбатаў, а цяпер вось абвінавачванне ў садзейнічанні прастытуцыі.
«Вуліцы разбітых ліхтароў» няйначай. Усё выглядала б вельмі займальна, калі б не было так сумна — гаворка ідзе пра кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
Чым бліжэй другі тур прэзідэнцкіх выбараў, які прызначаны на 1 чэрвеня, тым больш гучныя скандалы скалынаюць інфармацыйную прастору краіны-суседкі. На гэты раз разгарэўся скандал у сувязі з абвінавачваннямі кандыдата ў прэзідэнты, якога падтрымлівае апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС), Караля Наўроцкага ў садзейнічанні прастытуцыі.
Як піша БелТА са спасылкай на польскае выданне Onet, якое апублікавала артыкул пра Караль Наўроцкага, які ў час работы ахоўнікам у 2000-х гадах дапамагаў у прадастаўленні прастытутак гасцям гатэля Grand Hotel у Сопаце. Адзначаецца, што парталу Onet пра гэты факт распавялі двое былых калег Караля Наўроцкага, якія працавалі разам з ім.
У адказ на абвінавачванне Караль Наўроцкі напісаў у сацсетцы Х:
«Сёння ў Польшчы праблема — гэта палітычная прастытуцыя, якая хоча прадаць Польшчу за замежныя грошы. За гэту кучу хлусні і нянавісці я падам на Onet іск у грамадзянскі суд аб абароне асабістых правоў».
Адрэагаваў на рэзанансны артыкул і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Як перадае агенцтва PAP, Дональд Туск заявіў: «Я чакаю, што спадар Караль Наўроцкі на працягу 24 гадзін неадкладна звернецца ў суд з іскам у парадку выбарчай працэдуры супраць рэдакцый, парталаў, асоб, якія кажуць недвухсэнсоўныя рэчы».
На пытанне аб тым, ці не варта было польскім спецслужбам праверыць мінулае кандыдата, якога падтрымлівае «ПіС», Туск адказаў: «Выбары скончацца — праверым. Я не хачу, каб службы былі напрамую ўцягнуты ў кампанію».
Адвакат Пшэмыслаў Расаці, кіраўнік польскай калегіі адвакатаў, у інтэрв’ю Onet сказаў, што рашэнне Караля Наўроцкага падаць грамадзянскі іск, а не звярнуцца ў суд з іскам у парадку выбарчай працэдуры «выклікае здзіўленне». Паводле яго слоў, згодна з правіламі, калі б суды разглядалі гэту справу ў выбарчым парадку, то яны маглі б вынесці рашэнне на працягу максімум некалькіх дзён.
«Няма нічога незвычайнага ў тым, што такія справы вырашаюцца хутка, нават імгненна. Мы, выбаршчыкі, маем права на дакладную інфармацыю, маем права ведаць, ці адпавядаюць гэтыя факты рэчаіснасці. І калі гэта так, то мы маем права зрабіць адпаведныя высновы на галасаванні. Менавіта таму я лічу, што кандыдат павінен выкарыстоўваць выбарчую працэдуру, якая гарантуе хуткае і адназначнае вырашэнне пытання, каб гэта інфармацыя ў публічнай прасторы насіла характар праўды ці няпраўды», — сказаў Пшэмыслаў Расаці.
Старшыня партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі напісаў у сацсетцы X: тое, што адбываецца, — гэта «чарговая агідная атака на Караля Наўроцкага, якая грунтуецца на хлусні». Ён таксама сказаў, што каманда Рафала Тшаскоўскага (другога кандыдата на прэзідэнцкую пасаду) такім чынам хоча адцягнуць увагу ад яго адмовы прайсці тэсты на наркотыкі.
Нагадаем, што ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, які адбыўся ў Польшчы 18 мая, кандыдат ад кіруючай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі набраў 31,36 % галасоў выбаршчыкаў, а кандыдат, які падтрымліваецца апазіцыйнай партыяй «Права і справядлівасць», Караль Наўроцкі — 29,54 % галасоў.
У тэму
Эксперт: «Ужо няважна, хто пераможа»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка ў эфіры «Першага інфармацыйнага» так ахарактарызаваў цяперашнюю электаральную кампанію ў Польшчы:
— Цалкам прадказальныя электаральныя страсці. У першы тур, як мы ведаем, выйшлі 13 кандыдатаў з зусім рознымі праграмамі, якія стварылі ілюзію дэмакратычнасці польскіх выбараў прэзідэнта. Другі тур, які пройдзе 1 чэрвеня, таксама не менш яркі ў тым плане, што ствараецца карцінка псеўдавыбару, калі ў ход ідуць кампраматы. Кандыдаты ў прэзідэнты сочаць адзін за адным, глядзяць, хто што ў рот паклаў, хто ў каго што «адціснуў», хто адкуль якія грошы атрымліваў, хто з кім па тэлефоне пагаварыў. Гэта ўсё электаральны флёр.
На думку эксперта, насамрэч пытанне палітычнага выбару вырашаецца не ў Варшаве:
— За гэтымі працэсамі стаяць людзі, якія знаходзяцца далёка ад Польшчы, ад Еўрасаюза, яны ў Вашынгтоне. І яны не менш, чым мы, уважліва адсочваюць гэты палітычны працэс. Яны праз адпаведныя агенцтвы ўкідваюць у інфармацыйную прастору Польшчы розны матэрыял, які прымушае людзей перажываць, хвалявацца, думаць пра тое, што менавіта яны бяруць удзел у вызначэнні свайго лёсу. Але, у прынцыпе, ужо няважна, хто пераможа. Пераможа Рафал Тшаскоўскі, мэр Варшавы, альбо Караль Наўроцкі — не мае значэння для стратэгічнай знешняй палітыкі, таму што гэта палітыка вызначаецца сёння ў Вашынгтоне.
Намеснік старшыні профільнай камісіі канстатуе той факт, што Польшча мілітарызуецца, на яе тэрыторыі знаходзіцца вельмі буйны вайсковы амерыканскі кантынгент колькасцю больш за 100 тысяч чалавек.
— Рыторыка ў палітыкаў таксама адпаведная, вельмі агрэсіўная ў дачыненні да Саюзнай дзяржавы, да Беларусі і Расіі, у дачыненні да мігрантаў, якія прыехалі з Украіны і ствараюць пэўныя праблемы ў Польшчы (не ўсе мігранты працуюць, не ўсе паводзяць сябе добрапрыстойна).
Эксперт падкрэслівае: Рафал Тшаскоўскі арыентуецца на Еўрасаюз, Наўроцкі — чалавек праамерыканскіх поглядаў.
— Таму выбару, па вялікім рахунку, няма. Тыя нацыяналістычныя сілы, якія таксама набралі дастаткова шмат галасоў, але яны фактычна адхілены ад удзелу ў палітычным працэсе. І іх галасы — гэта своеасаблівы планктон, які будуць паглынаць цяперашнія фаварыты.
Што датычыцца палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі, Алег Дзячэнка выказаў упэўненасць, што ад выбару з двух кандыдатаў яна не зменіцца:
— Думаю, што тая палітыка, якая праводзілася ў Польшчы, у дачыненні да нашай дзяржавы, будзе праводзіцца, пакуль за акіянам не будзе ўнесена істотнае змяненне, карэкціроўка ў цэлым у палітыку ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне.