Іх тэма — «Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Мерапрыемства прысвечана 30-годдзю з дня ўтварэння Палаты прадстаўнікоў. Акрамя дэпутатаў і работнікаў Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, яго ўдзельнікамі сталі курсанты Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Інстытута пагранічнай службы, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.
Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, у першым скліканні былі выбраныя вядомыя людзі нашай краіны: перадавікі вытворчасці, навукоўцы, педагогі, кіраўнікі раёнаў, ваеннаслужачыя.
— Мірная стваральная праца савецкага народа, у тым ліку дэпутатаў, якія прадстаўлялі народ, была перапыненая Вялікай Айчыннай вайной, — з горыччу нагадаў спікер. — З праведзеных даследаванняў мы ведаем пра тое, што загінула і прапала без вестак 94 дэпутаты першага склікання. Вялікая работа сёння праводзіцца Міністэрствам абароны і грамадскімі структурамі па аднаўленні імёнаў загінулых. Больш за 200 чалавек былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, чацвёра ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Менавіта з дзейнасцю дэпутацкага корпуса першага склікання пачынаецца фарміраванне заканадаўчай базы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Працягваючы тэму, спікер Палаты прадстаўнікоў выказаў упэўненасць, што мерапрыемства выклікала жывую цікавасць ва ўсіх прысутных, асабліва ў прадстаўнікоў маладога пакалення.
У размове з журналістамі Ігар Сергяенка звярнуў асаблівую ўвагу на шанаванне парламентарыямі сваёй гісторыі.
— Імёны ўвекавечаны ў плітах, якія ўстаноўлены перад уваходам у Авальную залу, — падкрэсліў спікер. — Сёння і дэпутаты, і маладыя людзі пачулі цікавую інфармацыю аб тым, як ваявалі, змагаліся, працавалі дэпутаты, як развівалася наша заканадаўства ў гэты, здавалася б, час. Прагучалі даклады аб лёсах асобных дэпутатаў, аб пошукавай рабоце, якую мы праводзім у акругах, устанаўліваючы месцы пахаванняў. Комплекснае вывучэнне тэмы паказвае яшчэ раз, што ў нас гераічнае мінулае, нам ёсць чым ганарыцца. І гэта таксама наш уклад у захаванне гістарычнай памяці.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, чаму на мінулыя парламенцкія чытанні была запрошана і моладзь.
— Трэба гэтыя веды, цікавасць перадаваць моладзі. Многія нашы дэпутаты з’яўляюцца кандыдатамі, дактарамі навук, у тым ліку і па гістарычных дысцыплінах. Хтосьці працуе ў даследчым плане і сёння. Вядома ж, ёсць сэнс у гэтай рабоце і ў тым, што неабходна і далей рухацца ў гэтым кірунку, — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма РУМ, выступаючы на мерапрыемстве, адзначыла, што яго тэма з’яўляецца адной з найважнейшых, але, на жаль, малавывучаных старонак нашай гісторыі.
— Яна закранае лёсы не толькі асобных людзей, але і савецкага народа ў цэлым. Дэпутаты першага склікання Вярхоўнага Савета БССР аказаліся ў надзвычайных умовах. Імклівае наступленне ворага, акупацыя, мерапрыемствы па эвакуацыі сотняў тысяч людзей — усё гэта патрабавала ад іх не толькі палітычнай волі, але і рэальных крокаў па мабілізацыі рэсурсаў, арганізацыі дапамогі, захаванні адзінства грамадства і дзяржавы. Іх рашэнні і дзеянні шмат у чым вызначалі будучыню нашай рэспублікі.
Паводле слоў Рымы Рум, перад удзельнікамі чытанняў у панядзелак стаяла важная задача — усебакова абмеркаваць гістарычныя крыніцы, навуковыя даследаванні і грамадскія ініцыятывы, якія асвятляюць уклад дэпутатаў у арганізацыю тылу, дапамогу партызанскаму руху, работу з эвакуіраваным насельніцтвам, захаванне культурнай спадчыны і аднаўленне эканомікі.
— Гісторыя паказвае, што ў надзвычайных абставінах зладжаная работа дзяржаўных інстытутаў можа выратаваць краіну і жыццё яе грамадзян, — падкрэсліла яна.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ