У інтэрнэце дзве жанчыны абурыліся непрыемнымі знаходкамі (невялікімі камянямі і чарвякамі) у шакаладках ад «Камунаркі».
Карыстальніца Threads выклала фота і відэа шакаладкі, у якой выявіла чарвякоў. Пакупнік сцвярджае, што прадукт быў прыдатны да снежня 2026 года.
«Камунарка адказала, што яны за гэта адказнасць не бяруць, бо шакалад да 12 месяца, яшчэ сказалі што гэта крама няправільна захоўвала (пунктуацыя захаваная. — заўв. аўт.)», — расказала жанчына аб куплі.
На фабрыцы неаднаразова тлумачылі, што заражэнне прадукту адбываецца не на вытворчасці, а часцяком на аб’ектах гандлёвых сетак з-за парушэння ўмоў захоўвання, таварнага суседства (знаходжання побач з ужо заражанымі прадуктамі) або непадыходнага санітарнага рэжыму ў зале.
Прадстаўнікі «Камунаркі» расказалі, што ў канцы кожнай змены ажыццяўляецца санітарная апрацоўка абсталявання, інвентару, тары, штомесяц праводзяцца санітарныя дні з поўным спыненнем вытворчых працэсаў, а таксама прафілактычныя дэзынфекцыйныя мерапрыемствы супраць грызуноў і бытавых насякомых з перыядычнасцю два разы на месяц. Пры гэтым раз на квартал праводзіцца абследаванне для ацэнкі эфектыўнасці работ.
— Усе партыі кандытарскіх вырабаў, накіраваныя на рэалізацыю ў гандлёвыя аб’екты, правераны па арганалептычных, фізіка-хімічных паказчыках і паказчыках бяспекі ў адпаведнасці са схемай і графікам вытворчага кантролю. Якасць і бяспека прадукцыі пацвярджаюцца вынікамі выпрабаванняў вытворча-тэхналагічнай лабараторыі прадпрыемства і незалежных акрэдытаваных лабараторый, — рэзюмавалі спецыялісты «Камунаркі».
Другая скарга да вытворцы датычылася выяўлення ў шакаладцы старонніх прадметаў:
«kommunarka.by а што гэта такое?! Прама ўнутры шакаладкі маленькія каменьчыкі. Ледзь зубы не зламала, адразу падумала, што можа ў мяне адваліўся зуб, але не, усё на месцы непрыемна вядома... (пунктуацыя захавана. — заўв. аўт.)», — падзялілася пакупніца, аднак у далейшым вырашыла выдаліць пост.
На гэта раз у дачыненні да фабрыкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна правёў прафілактычнае мерапрыемства для ўстанаўлення прычын і ўмоў, якія спрыяюць узнікненню парушэння заканадаўства Беларусі ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.
— У ходзе правядзення мерапрыемства ў адрас СААТ «Камунарка» накіравана папярэджанне (перасцярога) пра рызыкі і наступствы здзяйснення парушэння заканадаўства, невыкананне якога можа пацягнуць прымяненне мер адказнасці, — расказалі ўрачы-гігіеністы.