У каталікоў пачаўся Адвэнт. Найбліжэйшыя чатыры тыдні стануць перыядам асаблівай падрыхтоўкі да Нараджэння Хрыстовага. Першая нядзеля Адвэнту распачынае новы літургічны год, паведаміла БелТА.
У каталіцкім касцёле ёсць два найважнейшыя літургічныя перыяды: Адвэнт і Вялікі пост, гаворыцца ў пастырскім пасланні мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла, Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юзафа Станеўскага на Адвэнт 2025 года.
Вялікі пост набліжае да таямніцы Крыжа і Уваскрасення. Ён дазваляе асэнсаваць, што хрысціянская вера з’яўляецца Пасхай у першапачатковым значэнні гэтага слова, гэта значыць пераходам ад стану смерці да стану вечнага жыцця.
«Адвэнт, што азначае «прыйсце», робіць акцэнт на часе зямнога жыцця, паказваючы, што вечны і міласэрны Бог вырашыў увайсці ў рамкі часу, у нашае прамінальнае часовае жыццё дзеля нашага збаўлення. Гэта адбылося, калі Бог паслаў Свайго Сына, каб Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, а пазней стаў вядомы як Езус з Назарэта», — патлумачыў Юзаф Станеўскі.
«Такім чынам, нашае жыццё знаходзіцца паміж двума найважнейшымі падзеямі. Першая з гэтых падзей — сыходжанне Бога ў нашую гісторыю — Уцелаўленне Сына Божага. Другая падзея — Яго абяцанае вяртанне. Хрыстус абвясціў пра Свой другі прыход напрыканцы часоў, калі адкрыецца ўся Божая слава. Дзень і час гэтага другога прыйсця вядомыя толькі Богу», — гаворыцца ў пасланні.
У перыяд Адвэнту вернікі павінны найперш імкнуцца духоўна падрыхтаваць сябе да перажывання гэтай незвычайнай падзеі — Уцелаўлення Сына Божага. Гэты кароткі перыяд, асабліва ў першай яго частцы, таксама закліканы падрыхтаваць да другога прыйсця Хрыста.
Паводле слоў мітрапаліта, Адвэнт заахвочвае зазірнуць у сваё сэрца, у сваю душу, каб перамяніцца і ачысціцца ад грахоў. «Падчас Адвэнту мы павінны вызваліць месца ў сваіх сэрцах для Хрыста, таму нам варта клапаціцца не толькі пра малітоўныя чуванні, але і сачыць за сваім маральным станам», — заклікаў арцыбіскуп Станеўскі.
Ён падкрэсліў, што Адвэнт — гэта час не толькі навяртання, але і час для жыцця Божым Словам, час сведчыць пра сваё навяртанне і веру.