Top.Mail.Ru

Час «пераабувацца»: галоўныя змены снежня для беларусаў

Аўтар:

Першы зімовы месяц прынясе беларусам адразу некалькі навінак — ад абавязковага «пераабування» аўтамабіляў да змены формулы разліку бюджэту пражытачнага мінімуму. Сабралі галоўнае, што варта ведаць загадзя.



Аўто — на зімовыя шыны

З 1 снежня і да 1 сакавіка ў Беларусі абавязкова ўстанаўліваць зімовыя шыны. Да іх адносяцца пакрышкі з маркіроўкай у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры, а таксама са спалучэннем літар M+S, M&S, M.S або M S. Паметка All seasons падыдзе толькі пры наяўнасці горнай вяршыні са сняжынкай. Астатачная вышыня пратэктара павінна быць не менш за 4 мм на ўсіх колах. За язду на летняй гуме прадугледжаны штраф.


БПМ будуць лічыць па новай формуле

З 1 снежня мяняецца структура разліку бюджэту пражытачнага мінімуму. Цяпер ён складаецца з кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання і ўстаноўленай законам долі выдаткаў на астатнія тавары і паслугі — 83 % ад кошту прадуктаў. Са снежня гэта доля вырасце да 85 %. Аднак сам БПМ, разлічаны па новай формуле, будзе ўстаноўлены толькі 1 лютага наступнага года. Нагадаем, да гэтай велічыні прывязаныя асобныя выплаты сем’ям з дзецьмі, даплаты да пенсій, субсідыі на адкрыццё сваёй справы і іншыя.

Будоўля каля плота — без паблажак

З 1 снежня набываюць сілу новыя правілы размяшчэння пабудоў на ўчастку. Уласнікі больш не змогуць абысці абавязковыя адступленні ад плота нават пры наяўнасці натарыяльна засведчанага дазволу суседа. Жылы дом павінен размяшчацца не бліжэй за 3 метры ад мяжы суседняга ўчастка; лазня, гараж або любая іншая гаспадарчая пабудова — мінімум за два метры. Дыстанцыю будуць вызначаць строга ад цокаля або вонкавых сцен будынка да мяжы ўчастка.


«Белтэлекам» закрывае тарыф

З 1 снежня тарыф «Сямейны 5 LTE» перастане быць даступным абанентам. Замест яго можна перайсці на «Сямейны 5 LTE анлім» за 62 рублі ў месяц альбо «Сямейны LTE 30 ГБ» за 22 рублі. Змяніць тарыф можна ў офісах «Белтэлекама» або праз заяўку на сайце.


ЭЛП — у трох гарадах

На працягу снежня паслугі выдання, падаўжэння і абнаўлення сертыфіката ЭЛП стануць даступныя жыхарам трох гарадоў па папярэднім запісе. У Жлобіне — 2 і 3 снежня (вул. Таварная, 14), у Салігорску — 8 і 9 снежня (вул. К. Заслонава, 63), у Оршы — 15 і 16 снежня (вул. Уладзіміра Леніна, 58А).


Для дачнікаў і ўладальнікаў гаражоў

З 7 снежня садовыя таварыствы, дачныя і гаражныя кааператывы будуць абавязаныя па запыце дзяржорганаў паведамляць, хто з’яўляецца ўласнікам участка і пабудовы, калі яны не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку або рэгістраваць іх не абавязкова. На працягу 10 працоўных дзён трэба будзе прадаставіць адрас і плошчу ўчастка, даныя ўласніка, а таксама інфармацыю пра дачны домік або гараж.


Забарона на ўвоз

З 15 снежня пачне дзейнічаць абноўлены пералік забароненых да ўвозу тавараў з Латвіі. У яго дададуцца рыбныя кансервы, вітамінна-мінеральныя сумесі, мэбля, прадметы дэкору, аўтазапчасткі, электраабсталяванне, тавары для рыбалкі і іншыя. Пад забарону трапляе толькі прадукцыя з пэўнымі кодамі, а не ўсе тавары. Увезенае да 15 снежня прадаваць можна.


Упрыгажэнні можна будзе купляць анлайн

Беларускія ювелірныя магазіны і прадпрымальнікі змогуць пастаянна прадаваць упрыгажэнні праз інтэрнэт. Размова ідзе аб вырабах мясцовай вытворчасці з абавязковай маркіроўкай.

Раней такі гандаль дазвалялі асобнымі распараджэннямі і толькі на пэўны тэрмін.


Стаўкі па крэдытах і ўкладах

Нацбанк Беларусі неўзабаве ўстановіць на снежань значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР), якія будуць прымяняцца з 1 снежня.

Гэты паказчык уплывае на памер працэнтаў па крэдытах і ўкладах у беларускіх рублях: калі ён павышаецца, то і стаўкі ідуць уверх — і наадварот.

Пры гэтым перыядычна рэгулятар падаўжае дзеянне бягучых значэнняў РВСР яшчэ на месяц — такое адбывалася ў лютым, маі і кастрычніку.


Школьнікі ідуць на канікулы

З 25 снежня ў школьнікаў пачынаюцца зімовыя канікулы — адны з самых працяглых. Дзеці будуць адпачываць 17 дзён, да 10 студзеня 2027 года. Трэцяя чвэрць пачнецца 11 студзеня.


Тры выхадныя запар

Каталіцкае Раство 25 снежня ў гэтым годзе прыпадае на пятніцу, таму беларусаў у канцы 2026-га чакаюць адразу тры выхадныя запар. Ніякіх пераносаў працоўных дзён не будзе.

Ягор ЧУРЫК




arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю