Як да роднай бабулі
«Жывём як Міхайлаўна!» Так гавораць суседкі пра 85-гадовую Зінаіду Давыдзенка з Рэчыцы. Бачаць, як жанчына, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, імкнецца ўсё, што па яе сілах, рабіць сама па дому, даглядае агарод. Жыццёвая актыўнасць і пазітыў пенсіянеркі сапраўды натхнілі і валанцёраў БРСМ, якія прыехалі да яе падчас рэспубліканскага марафону «Дабро. бел». Навучэнцы Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа — валанцёры руху «Добрае Сэрца» — дапамаглі ёй навесці парадак на тэрыторыі каля дома.

«Чакала як вялікіх гасцей!»
Зінаіда Міхайлаўна жыве адна. Амаль 16 гадоў таму не стала мужа, дачка і ўнукі — у іншых гарадах. З усімі бытавымі справамі дапамагае сацыяльны работнік Ірына, якая прыходзіць да падапечнай кожны дзень.
— Але мне важна і самой варушыцца, не сядзець на месцы. Суседкі так і кажуць: «Ты праз гэта і жывеш». І жыўчыкам завуць, — усміхаецца Зінаіда Давыдзенка.
У жанчыны — група інваліднасці па агульных захворваннях ды і вельмі сур’ёзныя праблемы са зрокам. Нягледзячы на фізічныя абмежаванні, яна стараецца рабіць пасільныя хатнія справы, даглядаць прысядзібны ўчастак, засявае агарод і збірае багаты ўраджай.

— Чакала вас як вялікіх гасцей! — вітае валанцёраў Зінаіда Міхайлаўна. — Па хаце ўсё ў асноўным ужо зроблена, а вось дапамагчы скласці дровы, згрэбці смецце на агародзе і ў двары — гэта будзе мне вялікая дапамога.
Ацаніўшы фронт работ, дзяўчаты ўзяліся прыбіраць лісце і рэшткі ўраджаю, а юнакі — складваць дровы. Дарэчы, звязку добрых паленцаў валанцёры прывезлі Зінаідзе Міхайлаўне ў падарунак. Дапамаглі скласці рэшткі спілаваных дрэў, абрэзкі старога плота — драўняныя запасы, якія да халадоў нарыхтавала гаспадыня. Сама і паказвае, дзе лепш скласці дровы, каб зручна было іх браць зімой:
— Дом у мяне старажытны, пабудаваны ў 1929 годзе. Чатыры пакоі, столі высачэзныя, пад чатыры метры. Паспрабуйце такую хату апаліць. Добра, што газ правялі, а грубку я таксама пакінула, таму палю патрошкі.

За размовамі з Зінаідай Міхайлаўнай, як пераконваюць валанцёры, працуецца толькі больш шпарка. Гаспадыня падзялілася і ўласнай гісторыяй:
— Больш за 40 гадоў прапрацавала швачкай. І муж у мяне ўсё жыццё шыў. Мы былі самымі лепшымі краўцамі Рэчыцы! Муж шыў скураныя курткі і кажухі. У яго кліенты былі — урачы, кіраўнікі. Бывала, ідзеш па горадзе, а яму ўсе кланяюцца, вітаюцца.
Дарэчы, яна не першы раз прымае ў памагатыя рэчыцкіх маладых актывістаў. Мінулай зімой, калі так моцна заснежыла, яе падворак літаральна выратавалі ад снежнага палону валанцёры БРСМ.
— Ведаю, што працуюць як мае быць. Шчыра! — заахвочвае Зінаіда Міхайлаўна і прызнаецца, што і цяпер за размовамі ўжо паспела ацаніць, як юнакі і дзяўчаты старанна выконвалі работу.
Дзяўчаты паспелі яшчэ і вымыць вокны з вуліцы і ў сенцах, за што гаспадыня была асабліва ўдзячна.

«Добрыя справы прыносяць задавальненне»
Карыстаючыся выпадкам, спытала ў юных памочнікаў, чаму яны далучыліся да марафону «Дабро. бел» і ўвогуле да валанцёрскага руху.
— Валанцёрствам займаюся яшчэ са школы. Вельмі падабаецца дапамагаць людзям. Ужо не першы год удзельнічаю ў валанцёрскіх акцыях, — расказвае навучэнец Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Уладзіслаў ПРЫКОТА. — Добрыя справы прыносяць задавальненне. Стараюся як мага больш дзяліцца інфармацыяй аб валанцёрскім руху са сваімі аднагрупнікамі, з іншымі юнакамі і дзяўчатамі, калі выязджаем на маладзёжныя зборы.
— Хочацца быць патрэбнай, рэальна карыснай, нешта рабіць сваімі рукамі. Калі даведаешся, што пажылыя застаюцца адны, калі ўсе іх сваякі далёка, неяк сумна робіцца. Вельмі хочацца дапамагчы, — гаворыць навучэнка другога курса Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Лаліта ГАТЧЭНЯ, якая толькі пачынае знаёміцца з валанцёрскім рухам.
Яе аднагрупніца, будучы педагог дашкольнай адукацыі Ксенія ДЗЕМІДАВЕЦ, падзялілася, што для яе вельмі важна быць карыснай і патрэбнай людзям:
— Дапамагаць пажылым людзям, лічу, правільна! У іх няма ўжо здароўя і сіл займацца бытавымі справамі, а нам праз такую дапамогу можна ўсяму навучыцца.

— Класна! Я наогул атрымала вялікі эмацыянальны зарад. Прыемна размаўляць з людзьмі старэйшага пакалення, бо ў іх вялікі жыццёвы вопыт і заўсёды можна даведацца пра нешта новае і карыснае, пачуць цікавыя гісторыі, — дзеліцца ўражаннямі ад першага гэтай восенню валанцёрскага задання яшчэ адна навучэнка Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Вераніка ДУБРОВА.
Пакуль моладзь працавала, не заставалася ўбаку і сама Зінаіда Міхайлаўна — падказвала, як і што лепш зрабіць, шчыра радавалася, калі ў юнакоў і дзяўчат усё атрымлівалася. А развітваліся яны з гаспадыняй ужо як з родным чалавекам. Казалі, што не хочуць губляць сувязі з гэтай цудоўнай жанчынай і абавязкова будуць наведваць яе.
Жывая сувязь пакаленняў
Моладзь сёння вельмі ахвотна адгукаецца на такія ініцыятывы, запэўнівае першы сакратар Рэчыцкага раённага камітэта БРСМ Арцём ЛАПАЦІН, які шмат гадоў бярэ самы актыўны ўдзел у валанцёрскім руху і цяпер разам з рабятамі прыехаў папрацаваць:
— Для іх валанцёрства — не толькі канкрэтная дапамога, але і жывая сувязь пакаленняў. Калі мы прыязджаем да бабуль, да адзінокіх дзядуляў, пытаемся: «А вы былі камсамольцамі?» Адказваюць: «Так, вядома. Мы таксама прыходзілі да бабуль і дзядуляў дапамагаць». Уяўляеце, такое ўнутранае пачуццё, калі бабуля ці дзядуля ў маладосці дапамагалі пажылым, а зараз да іх прыйшоў дапамагаць той жа камсамол, толькі цяпер гэта БРСМ. І людзі гэта сапраўды цэняць. Калі юнакі і дзяўчаты прыходзяць дапамагчы пажылым людзям, а потым вяртаюцца ў свае навучальныя ўстановы і расказваюць сваім аднагрупнікам, аднакласнікам пра валанцёрства, то жадаючых дапамагаць становіцца яшчэ больш. Кожны чалавек хоча зрабіць добрую справу. Так мы выхоўваем моладзь, прывучаем яе да працы праз такі фармат дапамогі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Кампетэнтна
«Дапамагаць — гэта проста, важна і жыццёва неабходна»
Сёння ў Рэчыцкім раёне валанцёрскі рух аб’ядноўвае каля ста чалавек. І гэта не толькі школьнікі і студэнты, але і рабочая моладзь.
Агульны працоўны настрой маладых добраахвотнікаў з усіх раёнаў Гомельшчыны перадаў першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Ігар НАЗАРЧУК. Па яго словах, кастрычніцкі этап рэспубліканскага марафону «Дабро. бел» пад дэвізам «Дабро — старэйшым!» стаў для Гомельшчыны часам шчырага клопату і душэўнага цяпла:
— Нашы валанцёры справай даказалі, што дапамагаць — гэта проста, важна і жыццёва неабходна. Дарэчы, толькі ў гэтым месяцы да марафону «Дабро. бел» далучыліся больш за 300 актывістаў БРСМ Гомельскай вобласці. Дзякуючы іх энергіі, клопату і ўвазе рэальную падтрымку атрымалі больш за 100 адзінока пражываючых грамадзян «залатога» ўзросту ў нашым рэгіёне. Для пажылых людзей такая дапамога — гэта не проста вырашаныя бытавыя пытанні, колка дроў або прыборка тэрыторыі каля дома перад зімой. Гэта найперш увага, разуменне таго, што яны не адны, і жывы дыялог пакаленняў.