Завяршыўся адборачны тур ІV Адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць». Арганізатары падвялі прамежкавыя вынікі і апублікавалі спіс удзельнікаў, якія выйдуць на сцэну 5 красавіка ў Канцэртнай зале «Мінск».
Падрыхтоўка да конкурсу ішла цэлы год. Прычым па ўсіх кірунках: ад заснавання прызоў і дыпломаў да адбору і каардынацыі ўдзельнікаў. З больш чым 100 заявак у фінале будзе прадстаўлена 85 нумароў — на 20 выступленняў больш, чым у мінулым годзе. Змагацца за званне найлепшага будуць салісты, ансамблі і танцавальныя калектывы па шасці ўзроставых катэгорыях ад 4 гадоў і старэй. Сёлета сярод удзельнікаў будуць таксама калектывы з Расіі (г. Барнаул, г. Арол) і Кітая.
Праявіць сябе магчыма ў пяці намінацыях: класічны, народны, бальны, сучасны і эстрадны танцы. Самым папулярным, як і раней, застаецца народны танец — у фінале гледачы ўбачаць 34 выступленні. А яшчэ ў конкурсе шырока прадстаўлены эстрадны і сучасны стылі — 18 і 19 нумароў адпаведна.
Паводле слоў дырэктара Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Аляксандра Сідарэнкі, цікавасць удзельнікаў і гледачоў да народнага танца настолькі вялікая, што быў заснаваны спецыяльны прыз за яго захаванне і развіццё. Акрамя таго, сёлета дыплом і прыз уручаць за найлепшае ўвасабленне ў харэаграфіі тэмы 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яшчэ адно новаўвядзенне — прыз за найлепшую балетмайстарскую работу. Арганізатары разглядаюць магчымасць дапоўніць яго грашовай прэміяй, зазначаючы: неабходна матываваць не толькі танцораў, але і іх харэографаў.
Конкурс традыцыйна прадугледжвае і насычаную адукацыйную праграму. У першую чаргу — майстар-класы ад вядучых харэографаў.
У склад журы конкурсу ўвайшлі прафесійныя харэографы і аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі. Цяпер у іх лік таксама ўвойдуць кіраўнікі тых калектываў, якія ў папярэднім сезоне атрымалі Гран-пры — 200 базавых велічынь. Нагадаем, што пераможцам папярэдняга, ІІІ Адкрытага рэспубліканскага конкурсу «Час танцаваць» стаў ансамбль народнага танца «Чабарок».
У гэтым годзе фінальны этап дакладна запомніцца ўсім гледачам: 5 красавіка ў Канцэртнай зале «Мінск» за дзень выступяць амаль
900 удзельнікаў.