Top.Mail.Ru

Аляксандр Турчын расказаў аб падрыхтоўцы да правядзення Еўразійскага эканамічнага савета

«Часу застаецца няшмат»


Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падчас учарашняй нарады па падрыхтоўцы і правядзенні Еўразійскага эканамічнага форуму нацэліў усіх на канструктыўную і аператыўную работу па падрыхтоўцы мерапрыемства.

Ён нагадаў, што 26–27 чэрвеня адбудзецца Еўразійскі эканамічны форум, які прымеркаваны да Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. У пленарных пасяджэннях плануецца ўдзел кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС.

— Найважнейшыя мерапрыемствы. Часу да правядзення застаецца няшмат, таму мы сёння сабраліся, каб абмеркаваць арганізацыйныя пытанні іх правядзення і, калі ёсць праблемы, вырашыць іх, — сказаў Аляксандр Турчын.

Кіраўнік урада нацэліў усіх удзельнікаў нарады на аператыўную і канструктыўную работу па пазначаных пытаннях.

Галоўная тэма маючага адбыцца форуму — «Стратэгія еўразійскай інтэграцыі: вынікі і перспектывы». Мерапрыемства адбудзецца ў рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2025 годзе.

Еўразійскі эканамічны форум — 2025 арыентаваны на ўдзел у ім кіраўнікоў буйнога, сярэдняга і малога бізнесу дзяржаў-членаў і трэціх краін, кіраўнікоў і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады краін ЕАЭС, а таксама кіраўнікоў і членаў урадаў трэціх краін, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, зацікаўленых у развіцці ўзаемадзеяння з ЕАЭС.

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў раскрыў журналістам падрабязнасці правядзення форуму.

Еўразійскі эканамічны форум, які прымеркаваны да Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў 2025 годзе, — вельмі сур’ёзная практыкаарыентаваная падзея, адзначыў ён.

— Калі мы гаворым пра ўдзел на вышэйшым узроўні, то гэта, натуральна, «пяцёрка» плюс дзяржавы-назіральніцы, якія, як мы спадзяёмся, будуць падпісваць пагадненне аб свабодным гандлі з ЕАЭС. У ім таксама возьмуць удзел краіны, якія схільныя да больш сур’ёзнага развіцця адносін з нашым саюзам. Акрамя гэтага, будуць удзельнічаць прадстаўнікі бізнес-колаў, грамадскіх аб’яднанняў, бізнес-асацыяцый. 

Усе яны збяруцца 26–27 чэрвеня ў нашым новым выставачным комплексе, каб абмеркаваць практычныя крокі па выбудоўванні больш цеснай інтэграцыі паміж нашымі краінамі, абапіраючыся на тыя рашэнні, якія прымаюць кіраўнікі дзяржаў, — адзначыў міністр.

Акрамя гэтага, у рамках форуму запланавана абмеркаванне пытанняў па розных кірунках — ад фінансавых і эканамічных да грамадскіх.

— Адбудзецца 35 сесій у рамках чатырох асноўных магістральных панэльных кірункаў. Каля 1,2 тысячы ўдзельнікаў будуць прадстаўляць сярэдні і буйны бізнес нашых краін на форуме. У адным толькі пленарным пасяджэнні плануецца ўдзел 600 чалавек, найбольш падрыхтаваных спецыялістаў. Гэта будуць не толькі бізнесмены, а ў цэлым людзі з навуковым складам розуму, якія займаюцца праблемамі развіцця эканомікі, фінансавымі пытаннямі падтрымкі эканамічных сувязяў паміж дзяржавамі. Мы лічым, што гэта вельмі сур’ёзны мазгавы штурм, каб узмацніць узаемадзеянне паміж нашымі краінамі і даць дадатковы зарад супрацоўніцтву, гандлёваму абароту, рэалізацыі сумесных ініцыятыў, імпартазамяшчэнню, інавацыйнаму развіццю, — звярнуў увагу ён.

Таксама ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры будзе размяшчацца выстаўка, прысвечаная 80-годдзю Перамогі.

— Мы чакаем, што гэта будзе таксама цэнтр прыцягнення для нашых гасцей. Усе краіны падзяляюць з намі агульныя падыходы да гісторыі Другой сусветнай вайны. Для іх гэта будзе вельмі важны элемент азнаямлення з вынікамі вайны, нашай гістарычнай памяццю. У цэнтры прадставяць выстаўку дасягненняў беларускай эканомікі, прамысловасці. Госці змогуць літаральна памацаць усё, што вырабляе сёння Беларусь, — заўважыў міністр.

Беларусь, як заўсёды, робіць галоўныя акцэнты на інавацыйным развіцці, развіцці ў галіне біятэхналогій, на пытаннях імпартазамяшчэння і стварэння стабільных празрыстых механізмаў фінансавання і суправаджэння гандлёва-эканамічных адносін, што сёння вельмі важна з улікам абмежаванняў.

— Акрамя таго, з сур’ёзных тэм — гэта міжнароднае пазіцыянаванне арганізацыі, — сказаў кіраўнік МЗС.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што калі Беларусь старшынствуе сёлета, значыць «трэба добра паказаць сябе».

— Таму такая ўвага кіраўніка дзяржавы засяроджана на правядзенні гэтага мерапрыемства. 

Усё павінна прайсці на высокім узроўні, без заўваг. Госці павінны паехаць адсюль цалкам упэўненымі, што ўсе іх задачы дасягнуты, ну а мы павінны разумець, што зрабілі максімум, — падкрэсліў ён.

Як стала вядома, дэлегацыя высокага ўзроўню Кубы плануе ўзяць удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Мінску. Пра гэта паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант’яга Перэс Бенітэс.

— Будзе Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет і павінна прыехаць дэлегацыя вельмі высокага ўзроўню з боку Кубы, — расказаў Сант’яга Перэс Бенітэс.

Для Кубы Мінск — вельмі важная пляцоўка.

— У рамках ЕАЭС усе для Кубы дружалюбныя краіны, але Беларусь — адна з брацкіх краін, — адзначыў пасол. — У нашых прэзідэнтаў вельмі цудоўныя адносіны, яны ведаюць адзін аднаго, на ўсіх пляцоўках сустракаюцца. Напрыканцы адзначым, што Куба з’яўляецца дзяржавай—назіральніцай у ЕАЭС.

Па матэрыялах БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю