Прыкладны графік падрыхтоўкі пытанняў для разгляду на чацвёртай сесіі, а таксама бягучую дзейнасць дэпутацкага корпуса краіны разгледзелі падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, была заслухана інфармацыя дэпутатаў па выніках замежных камандзіровак, а таксама аб рабоце ў выбарчых акругах.
Падчас трэцяй сесіі прынята 78 законапраектаў
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання адкрыецца 15 верасня.
Гаворачы аб падрыхтоўцы законапраектаў на чацвёртую сесію, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што ў рабоце знаходзіцца некалькі праектаў законаў, якія ў першую чаргу датычацца эканомікі. Акрамя таго, дэпутаты ўжо працуюць над блокам законапраектаў, звязаных з сельскай гаспадаркай. Будуць разглядацца пытанні крэдытна-фінансавай сферы, прамысловай бяспекі.
«Мы чакаем у бліжэйшы час унясення і іншых праектаў законаў, якія датычацца ліцэнзавання, аховы працы, працоўных адносін, геральдыкі, дзяржаўных узнагарод, — дадаў спікер. — Таксама рыхтуецца шэраг заканадаўчых ініцыятыў у Палаце прадстаўнікоў».
У адпаведнасці з планам, зацверджаным кіраўніком дзяржавы на 2026 год, павінна быць унесена канцэпцыя праекта закона «Аб валанцёрскай дзейнасці».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што падпісаны план работы на другое паўгоддзе, у які ўключана больш за 50 практыка-арыентаваных мерапрыемстваў: семінараў, выязных пасяджэнняў Савета Палаты прадстаўнікоў, выязных пасяджэнняў камісій, круглых сталоў і інш.
«Большасць гэтых мерапрыемстваў звязана з тымі законапраектамі, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да другога чытання, — удакладніў Ігар Сергяенка. — Частка з іх чакаецца ў бліжэйшы час».
Гаворачы аб заканадаўчай дзейнасці, Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што ў перыяд трэцяй сесіі праведзена даволі актыўная, плённая работа. Прынята 78 законапраектаў, значная частка якіх датычыцца пытанняў міжнароднай дзейнасці. Маюцца на ўвазе ратыфікацыі падпісаных пагадненняў па розных кірунках з больш як дзясяткам краін.
Якасная падрыхтоўка да чацвёртай сесіі
У размове з журналістамі спікер адзначыў, што асаблівасцю гэтага перыяду (ліпень—жнівень) з’яўляецца якасная падрыхтоўка да адкрыцця чацвёртай сесіі. Па яго словах, пэўны задзел ёсць: шэраг законапраектаў ужо прыняты ў першым чытанні. Спікер звярнуў увагу на тое, што дэпутаты ўключаюцца ў работу над законапраектамі на ранняй стадыі, яшчэ да іх паступлення ў Палату прадстаўнікоў з урада.
Акрамя таго, як адзначыў Ігар Сергяенка, непасрэдна дэпутатамі фарміруюцца і заканадаўчыя ініцыятывы. У якасці прыкладу ён прывёў канцэпцыю праекта Закона «Аб валанцёрскай дзейнасці». «Ёсць і іншыя ідэі, якія знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, — заўважыў ён. — Але каб заканадаўчая ініцыятыва выспела, ішла ад жыцця, часам трэба правесці вялікую работу».
Па яго словах, працуючы ў выбарчых акругах, сустракаючыся з насельніцтвам, прымаючы грамадзян, выступаючы ў працоўных калектывах, дэпутаты рыхтуюць па выніках інфармацыю, у якой указваюць асобныя прапановы. «Наступны аналіз паказвае, што яны ў тым ці іншым выглядзе ўжо рэалізаваны ў канкрэтным законе або датычацца сферы прымянення пэўнага закона на рэгіянальным узроўні, — удакладніў Ігар Сергяенка. — Таму прапановы, якія паступаюць, не заўсёды могуць вырасці ў заканадаўчую ініцыятыву. Па вялікім рахунку, у нас стабільнае заканадаўства, якое ўжо сфарміравана на працягу гэтых гадоў. І істотнай карэкціроўкі не патрабуецца з кожнай нагоды».
Паводле яго слоў, работа будуецца такім чынам, каб законапраекты, якія паступаюць, прымаліся і ў першым, і ў другім чытанні ў максімальна сціснутыя тэрміны. Аператыўна разглядаюцца і законапраекты, якія ратыфікуюць пагадненні Беларусі з іншымі дзяржавамі.
«Не толькі пракантраляваць, але і давесці да лагічнага канца»
Акрамя таго, падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў увага была ўдзелена кантролю за падрыхтоўкай і прыняццем нарматыўных прававых актаў у адпаведнасці з заключнымі палажэннямі законаў. Спікер нагадаў, што ў бягучым годзе ўступілі ў сілу змяненні ў Закон «Аб нарматыўных прававых актах», у адпаведнасці з якімі Палата прадстаўнікоў мае паўнамоцтвы па кантролі за рэалізацыяй заключных палажэнняў законаў. Таксама вызначана і іншая кантралюючая структура — Апарат Савета Міністраў.
«Мы сёння разглядалі пытанне, як нам арганізаваць гэту работу разам з урадам, выпрацаваць алгарытм, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Ён прапісаны ў законе, але на практыцы трэба яго дашліфаваць, каб не ператварыць гэта ў перапіску без прыняцця канкрэтных рашэнняў. Задача — не толькі пракантраляваць, калі будзе прынята, але і давесці да лагічнага канца, калі запрацуе».
Гаворачы аб міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Ігар Сергяенка праанансаваў маючы адбыцца з 19 па 22 ліпеня візіт у Беларусь дэлегацыі Арабскага парламента,
у ходзе якога плануецца падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Арабскім парламентам. «Гэта салідная структура, заканадаўчы орган Лігі арабскіх дзяржаў, у які ўваходзяць 22 краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, — патлумачыў ён. — Кантакты з ім былі ўстаноўлены ў ходзе нашай паездкі ў маі мінулага года ў Егіпет».
Падпісанне мемарандума, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, дасць магчымасць беларускім парламентарыям прысутнічаць на пляцоўцы гэтай арганізацыі. «Голас наш загучыць і адтуль, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — І адпаведна, павялічыцца колькасць калі не сяброў, то саюзнікаў. Тым больш яны прадстаўляюць цікавы для нас рэгіён, там знаходзяцца дружалюбныя нам краіны». Спікер дадаў, што размова ідзе аб развіцці палітычнага дыялогу, а ў перспектыве — і выхадзе на фарміраванне ідэй эканамічнага характару.
Паводле БелТА