Аб чым дбаюць маладыя
Абласны агляд-конкурс маладзёжных ініцыятыў «Праектуй будучыню» прыжыўся на Віцебшчыне. Летась ён праводзіўся ўпершыню і арганізатары — асацыяцыя мясцовых Саветаў і Маладзёжны савет пры аблсавеце — заўважылі вялікую актыўнасць маладых людзей. Таму было прынята рашэнне працягваць распачатае.
Смелыя прапановы
— Наша мэта заключаецца ў тым, каб падтрымаць пачынанні маладых людзей ва ўзросце да 31 года, якія пражываюць у нашай вобласці, — патлумачвае выканаўчы дырэктар асацыяцыі Кацярына Лазоўская. — Мы хочам, каб яны смялей удзельнічалі ў сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах, садзейнічалі развіццю мясцовага самакіравання.
Сёлета заяўкі прымалі з 1 чэрвеня на працягу двух месяцаў. Жадаючых унесці свой уклад у развіццё населеных пунктаў роднага краю з дапамогай увасаблення ў жыццё аўтарскіх праектаў хапае. Так, сёлета на конкурс паступіла больш за 40 праектаў. І ў кожным — цікавая ідэя. Урэшце вынікі падведзены. Планавалася, што фінансаванне па 10 тысяч рублёў з фонду абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў атрымаюць тры праекты, але грошы выдзелены на ўвасабленне чатырох ініцыятыў.
Атрымалі грашовыя сертыфікаты
Праект «Родныя прасторы» (аг. Шайтарава Верхнядзвінскага раёна) стаў пераможцам падчас абласнога форуму актывістаў Маладзёжных саветаў пры мясцовых Саветах. Ён мае экалагічную накіраванасць, а яго мерапрыемствы заключаюцца ў акультурванні сажалкі ў аграгарадку і стварэнні ўмоў для арніталагічных назіранняў.
Самымі абгрунтаванымі і рацыянальнымі, маючымі сацыяльную значнасць, конкурсная камісія прызнала ініцыятывы, аб якіх варта расказаць. «Зялёнае сэрца Гарадоччыны» прадугледжвае добраўпарадкаванне тэрыторыі батанічнага помніка прыроды «Волат» і крынічкі пад ім паблізу ад папулярнага турысцка-аздараўленчага комплексу «Лосвіда». «Конны двор» дазволіць палепшыць умовы ўтрымання жывёлін у конна-спартыўным клубе «Ніва», што ў в. Загараддзе Талачынскага раёна, а таксама стварыць больш зручную і ўтульную прастору для зносін наведвальнікаў з коньмі.
— Наша Друя — гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам, — запэўнівае куратар праекта «Арт-прастора «Друя: тэрыторыя маладых сэнсаў», старшыня савета працуючай моладзі, загадчык Друеўскага пасялковага Дома культуры Аляксандр Плыгаўка. — Гасцей вабяць сюды такія архітэктурныя славутасці, як Траецкі касцёл і манастыр бернардынцаў, Благавешчанская царква і гістарычны мост праз Друйку, іншыя цікавыя аб’екты. Аграгарадок паспяхова развіваецца як месца падзейнага турызму. Тут атрымалі пастаянную прапіску майскі фестываль «Друя ў сэрцы», Янаў дзень, прымеркаваны да дня летняга сонцастаяння, іншыя культурныя падзеі, звязаныя не толькі са знакамітымі «Браслаўскімі зарніцамі» і Vіva Braslav.
Група актывістаў з ліку мясцовай моладзі змагла знайсці добраахвотных памочнікаў з усіх куткоў Беларусі. Разам яны пачалі ўдасканальваць прастору ў Друі. Так, на перакрыжаваннях вуліц размясцілі ўказальнікі і інфармацыйныя стэнды, а сёлета адолелі будаўніцтва імправізаванай эстрады для правядзення канцэртаў і творчых сустрэч з тутэйшымі і гастраліруючымі артыстамі на беразе Заходняй Дзвіны.
— Для таго каб прымаць масавыя калектывы і забяспечваць якаснае агучванне буйнейшых мерапрыемстваў, нам не хапае магчымасцяў гукаўзмацняльнай апаратуры мясцовага Дома культуры, — тлумачыць Аляксандр Плыгаўка. — Гэта мы і аргументавалі ў сваім конкурсным праекце. Як вынік, нам уручылі сертыфікат на 10 тысяч рублёў. Не церпіцца купіць новыя калонкі і сабвуфер — тады мы зможам заявіць аб маленькай, але цікавай Друі на ўвесь голас.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц