Top.Mail.Ru

Чайная індустрыя Кітая пашыраецца да шматфарматнай галіны эканомікі

Чайная індустрыя Кітая выйшла на новы ўзровень: у мінулым годзе яе аб’ём перавысіў адзнаку ў трыльён юаняў. Гэта традыцыйная галіна ўпэўнена рухаецца ад простай вытворчасці да шматфарматнай галіны эканомікі, аб’ядноўваючы разумныя тэхналогіі, культурны турызм і маладзёжныя трэнды, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Разумнае вырошчванне 

Досвіткам у павеце Цымэнь, што ў правінцыі Аньхой (Усходні Кітай), наглядчык чайнай плантацыі Хуан Юнган ужо выходзіць на абход: датчыкі вільготнасці глебы, разумныя камеры відэаназірання і мабільны дадатак з данымі аб тэмпературы, асветленасці і ўзроўні pH — усё гэта прыйшло на змену шматгадоваму досведу і інтуіцыі. «Раней чай вырошчвалі па досведзе, зараз — па даных», — кажа ён. 

У мясцовым чайным прадпрыемстве «Чорны чай Цымэнь» дзейнічае 5G-лінія поўнага цыклу: ад свежага ліста да гатовага прадукту — завяльванне, скручванне, ферментацыя і сушка — усе працэсы аўтаматызаваны. Кіраўнік вытворчага цэха Дай Куй паведаміў, што сутачная магутнасць перапрацоўкі свежага чайнага ліста перавышае 10 тон. У параўнанні з традыцыйнымі метадамі эфектыўнасць вытворчасці значна ўзрасла, а якасць чаю стала больш стабільнай і кантраляванай. 

Акрамя таго, кожная партыя чаю забяспечана лічбавым пашпартам: пакупнік можа адсканаваць QR-код і адсачыць увесь шлях ліста — ад градкі да прылаўка. У 2025 годзе сукупны кошт прадукцыі чайнай галіны павета Цымэнь перавысіў 7,5 млрд юаняў. 

Тэматычны турызм 

У пасёлку Дайцунь горада Ханчжоу, што ў правінцыі Чжэцзян (Паўднёва-Усходні Кітай) 233 га чайных плантацый. Тут сфарміраваўся паўнацэнны турыстычны маршрут: любаванне чайнымі краявідамі, збор лісця, майстар-класы па вытворчасці чаю і яго дэгустацыя. Старажытная чайная культура стала больш жывой і даступнай. Турыстычныя кластары папоўніліся паркам актыўнага адпачынку і пляцоўкай для палётаў на параплане — усё гэта прываблівае сем’і з дзецьмі і моладзь. 

Як адзначыла сакратар парткама пасёлка Чэнь Хундань, чайны турызм зрабіў мясцовы брэнд больш вядомым, пашырыў рынкі збыту і павысіў даходы сельскіх жыхароў. 

Маладзёжны трэнд 

У Гуяне, што ў правінцыі Гуйчжоу (Паўднёва-Заходні Кітай), канцэптуальная кавярня-кандытарская сеткі «Гуйчай» прапануе больш за 30 відаў прадукцыі на аснове чаю матча — ад напояў і печыва да тартоў і марожанага. Асноўную аўдыторыю ўстановы складае моладзь ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў. У турыстычны сезон продажы падвойваюцца. 

У Гуйчжоу прынята трохгадовая праграма развіцця індустрыі матчы: да 2028 года плануецца стварыць больш за 13 тысяч гектараў плантацый і давесці сукупны кошт галіны да 8 млрд юаняў. Прадукцыя экспартуецца ўжо ў 54 краіны і рэгіёны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю