Top.Mail.Ru

Чэхаўскія матывы ў беларускім жывапісе

Для аматараў творчасці Антона Паўлавіча Чэхава ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «Чэхаў. Мастацтва натхнення», прысвечаная 165-годдзю класіка рускай літаратуры. У экспазіцыі — мастацкае пераасэнсаванне знакамітых твораў пісьменніка, партрэты, пейзажныя замалёўкі, графічныя работы беларускіх майстроў.


Нельга пераацаніць уклад Чэхава ў развіццё рускай і сусветнай літаратуры. Творчасць пісьменніка паўплывала на драматургію мінулага і з’яўляецца важнай часткай сучаснага тэатра. Творы Чэхава (больш за 500 апавяданняў, аповесцей, п’ес і г. д.) увайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры, перакладзены на больш чым сто моў свету, а кола чытачоў пашыраецца з кожным годам. Пісьменнік стаў настаўнікам для такіх знакамітых аўтараў, як Максім Горкі, Іван Бунін, Уладзімір Набокаў. Сучаснікі натхняліся яго творчасцю і часта прасілі парады.

Творы Антона Чэхава напоўнены святлом, імкненнем да праўды, таленавітым перапляценнем яркіх чалавечых эмоцый з апісаннем ціхай і пяшчотнай прыроды. На фоне звычайных паўсядзённых клопатаў пісьменнік раскрывае ўнутраны свет супярэчлівых персанажаў. 

Члены Беларускага саюза мастакоў, студэнты, магістранты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў паспрабавалі пераасэнсаваць творы вялікага майстра ў мастацкай форме, адлюстраваць той свет, які адкрыў для нас пісьменнік. Праект «Чэхаў. Мастацтва натхнення» знаёміць з аўтарамі розных пакаленняў і розных творчых кірункаў, з мастакамі з Мінска і іншых гарадоў Беларусі, аб’яднанымі любоўю да творчасці А. П. Чэхава.

У экспазіцыі прадстаўлены шэраг партрэтаў пісьменніка ў інтэрпрэтацыі Таццяны Мядзведзь, Ганны Алёшынай і Аляксандры Кухцінай. Таццяна Мядзведзь перанесла Чэхава ў атмасферу яго ж твора — вішнёвы сад. Пісьменнік сядзіць за сталом, у руках трымае рукапіс, а на заднім плане — раскідзістае дрэва. Мастачка выкарыстоўвае ружова-фіялетавую палітру, і толькі цёмны сілуэт драматурга вылучаецца на «вішнёвым» фоне. Класічны партрэт у выкананні Аляксандры Кухцінай паказвае пісьменніка ў перыяд росквіту яго творчасці. Мастачка выкарыстоўвае пяро і туш, што надае партрэту строгасці.

Пейзажныя замалёўкі беларускіх мастакоў, натхнёныя творамі Чэхава, прысвечаны любімым мясцінам пісьменніка — яго дому, сядзібе Меліхава, Сахаліну і інш. Асаблівай папулярнасцю ў творцаў карыстаюцца жывапісныя краявіды Гурзуфа. Вобраз сядзібы можна ўбачыць амаль ва ўсіх творах, галоўнай мэтай якіх з’яўляецца перадача атмасферы канкрэтнага перыяду творчасці пісьменніка. Пейзажныя замалёўкі такія ж супярэчлівыя, як і яркая асоба Чэхава, — дзесьці мяккія лініі растаюць у атачэнні пастэльных адценняў, адлюстроўваючы ўтульнасць і цеплыню чэхаўскіх апавяданняў, а дзесьці яркія колеры ўступаюць у супрацьстаянне з цемрай, падкрэсліваючы глыбіню чэхаўскага драматызму.

Большую частку экспазіцыі складаюць сцэны з вядомых твораў пісьменніка: «Дама з сабачкам», «Каштанка», «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня», «Чайка», «Палата № 6», «Чорны манах», «Чалавек у футляры», «Душачка» і інш. Мастакі працуюць у розных стылістычных кірунках, спрабуючы падабраць найбольш прыдатную форму для канкрэтнага твора. Так, героі, сядзіба і сам сад у творчасці Андрэя Карпенкава, Алены Баравой, Наталлі Наўроцкай, Іны Дзянішчык, Юліі Бортнік вылучаюцца разнастайнасцю трактовак, захоўваючы агульную рысу — квітнеючы сад, які быццам запрашае гледача ў пяшчотныя абдымкі.

Інтэрпрэтацыя твораў «Чалавек у футляры», «Дом з мезанінам», «Палата № 6» падаецца ў стылі экспрэсіянізму, адлюстроўваючы прыгнятальную атмасферу гісторый.

Выстаўка «Чэхаў. Мастацтва натхнення» падкрэслівае актуальнасць творчасці Антона Паўлавіча Чэхава ў сучасным беларускім мастацтве. Асоба пісьменніка, яго героі і сюжэтныя перапляценні будуць натхняць на новыя ідэі яшчэ не адно пакаленне чытачоў.

Праект працуе да 19 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю