У спартыўна-стралковым комплексе імя маршала Цімашэнкі стартаваў чэмпіянат па стральбе сярод кіраўнікоў сілавых структур і дзяржаўных органаў, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
«Сённяшні чэмпіянат — гэта спаборніцтва і, вядома ж, магчымасць сустрэцца нефармальна. Шэсць гадоў таму ўзнікла ідэя праводзіць спаборніцтва напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл сярод кіраўнікоў сілавых ведамстваў, іх намеснікаў. Хачу падкрэсліць, што ўсе падтрымалі гэту ідэю. І гэта ўжо сапраўды становіцца добрай традыцыяй — сабрацца і дэманстраваць сваю вывучку. Дух спаборніцтваў ўсё роўна павінен прысутнічаць. І, як патрабуе наш кіраўнік дзяржавы, кожны мужчына павінен умець страляць, не гаворачы ўжо пра кіраўнікоў», — адзначыў міністр абароны Віктар Хрэнін.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч вітаў удзельнікаў спаборніцтваў. «Для ўсіх нас гэта свята з’яўляецца асаблівым днём, калі мы ўспамінаем тых, хто прысвяціў сваё жыццё абароне міру і спакою нашай Радзімы. Мы ганарымся іх заслугамі і цэнім адданасць справе абароны міру, правапарадку і бяспекі нашых грамадзян. Спаборніцтвы па кулявой стральбе дазваляюць нам прадэманстраваць высокі ўзровень падрыхтоўкі, прафесіяналізму і баявога майстэрства, якім павінен валодаць кожны абаронца Айчыны. Гэта цудоўная магчымасць абмяняцца вопытам, праверыць сябе ва ўмовах, набліжаных да рэальных, і ўмацаваць камандны дух і з’яднанасць нашых калектываў. Гэта яшчэ і магчымасць паказаць усім, што ў нашай краіне ёсць адзіная каманда — адзіная зборная ваенных падраздзяленняў і ваенных арганізацый дзяржавы. Няхай сённяшняя сустрэча стане сапраўдным святам спорту, дружбы і братэрства ўсіх прадстаўнікоў сілавых структур», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.