Член Савета Рэспублікі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр Лук’янаў перакананы: уклад беларусак у развіццё краіны ўнікальны. Нашы жанчыны дэманструюць талент і моц ва ўсіх сферах жыцця, спалучаюць у сабе назапашаны пакаленнямі вопыт, з’яўляюцца прыкладам для пераймання, матывуюць на новыя здзяйсненні. Сімвалічна, што 2026-ы быў аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам беларускай жанчыны. Наша краіна адзіная ў свеце надзяліла прадстаўніц прыгожага полу асаблівай увагай. Гэта яшчэ раз падкрэслівае: дзяржава клапоціцца пра жанчын, падтрымлівае іх ва ўсіх пачынаннях.
Заканадаўствам прадугледжаны шэраг ільгот
— Дзяржава сапраўды асаблівую ўвагу ўдзяляе падтрымцы беларусак, — адзначыў падчас размовы Аляксандр Лук’янаў. — Так, напрыклад, заканадаўства на кожным этапе развіцця жанчыны прадугледжвае шэраг ільгот. Напрыклад, беларускі могуць на пяць гадоў раней, чым мужчыны, сыходзіць на пенсію — да 58. У выпадку, калі ў сям’і чацвёра і больш дзетак, гэты ўзрост складае 53 гады. У нашай краіне жанчыны актыўна падтрымліваюцца і ў плане самарэалізацыі. Гэта датычыцца і сферы эканомікі, не бяру ў разлік толькі экстрэмальныя тыпы прамысловасці і сферы абароны і бяспекі. Так і ў культуры, і ў спорце, у іншых сферах. У дзяржаўных органах таксама занята дастатковая колькасць жанчын.
Унёсак беларускай жанчыны ў развіццё краіны сапраўды ўнікальны. На працягу многіх гадоў жанчыны фарміравалі і фарміруюць вобраз нашай краіны — ад знакамітай асветніцы Ефрасінні Полацкай да першай беларускай касманаўткі Марыны Васілеўскай. І нашы знакамітыя спартсменкі — Дар’я Домрачава, ракетка нумар адзін Арына Сабаленка. Гэта ўсё ў скарбонку актыву нашай краіны, у скарбонку гонару і, напэўна, такога своеасаблівага жаночага феномену.
Беларускія жанчыны, якія з’яўляюцца вышэйшымі службовымі асобамі, гарманічна ў сабе спалучаюць назапашаны пакаленнямі вопыт. Нашы гістарычныя персанажы з’яўляюцца сусветнымі аб’ектамі павагі. Не магу не згадаць працаўнікоў вёскі, шматдзетных маці, якія сумяшчаюць працу з актыўным сацыяльным, грамадска-палітычным жыццём краіны. Нашы мамы, жонкі, дочкі — вельмі сур’ёзнае дасягненне.
Наогул, мы адзіная краіна ў свеце, якая прысвяціла год жанчыне. Мудрасць Прэзідэнта нашай краіны заключаецца ў своечасовасці прыняцця такога рашэння. Гэта і час нам, мужчынам, задумацца: а ці ўсё мы зрабілі для таго, каб нашы жанчыны былі шчаслівыя?
Дарэчы, у 2026-м сям’я Лук’янавых папоўнілася — на свет з’явілася мінчанка Валерыя Аляксандраўна. Сімвалічна, што менавіта ў гэты год.
— Хочацца пажадаць кожнай беларускай сям’і зведаць і прымнажаць гэта ні з чым не параўнальнае шчасце! — адзначыў суразмоўца.
Падкрэсліць значную ролю
— У Год беларускай жанчыны Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, актыўная грамадскасць падрыхтавалі цэлую лінейку мерапрыемстваў, каб падкрэсліць і вылучыць значную ролю жанчыны ў грамадстве, — расказвае Аляксандр Сяргеевіч. — Адзін з такіх праектаў — жаночы форум — клуб «Жанчыны сталіцы», які на мінулым тыдні аб’яднаў звыш 140 актыўных, мэтанакіраваных прадстаўніц прыгожага полу. Некаторыя ў чыне і званні дзяржаўных дзеячаў, заслужаных артыстаў, выканаўцаў. А хтосьці проста актыўны на сваім працоўным месцы, жанчыны, якія актыўна рэалізоўваюць сябе.
Такая работа па стварэнні ўмоў праводзіцца для таго, каб жанчыны знаходзілі падтрымку не толькі ў мужчынах, што надзвычай важна, але і ў сяброўках. Прадстаўніцы прыгожага полу могуць адгукнуцца на тыя праблемы, якія часам мы, мужчыны, не заўсёды бачым. І для нас вельмі важна, каб праз тыя ініцыятывы, якія гучаць у гэтым клубе, мы змаглі забяспечыць неабходную падтрымку нашым жанчынам.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота з асабістага архіва героя