Top.Mail.Ru

Член Савета Рэспублікі, дырэктар Салігорскай птушкафабрыкі Іна Талкачова ўвайшла ў топ-100 жанчын-гераінь ААН у сферы харчовай бяспекі

Генеральная Асамблея ААН аб’явіла 2026-ы Міжнародным годам жанчын-фермераў, а вядучую ролю ў яго правядзенні адвялі харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН — ФАО. У рымскай штаб-кватэры ў рамках штогадовага Сусветнага харчовага форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Дарэчы, адбор праходзіў з больш чым 600 кандыдатур са 131 краіны свету.


Сусветны харчовы форум прайшоў ужо шосты раз. Гэта адна з найбуйнейшых сусветных пляцовак, дзе абменьваюцца ідэямі стварэння больш эфектыўных харчовых сістэм. Галоўная задача — не дапусціць голаду на планеце.

— У распрацоўцы і прыняцці рашэнняў, накіраваных на барацьбу з міжнародным харчовым крызісам, наша краіна ўдзельнічае больш за два дзесяцігоддзі, — паведаміла Іна Талкачова на палях форуму. — Актывізаваць гэты працэс дазволіла чэрвеньская сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з гендырэктарам Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі. Чарговы крок наперад — Глабальная партнёрская праграма па барацьбе з трансгранічнымі хваробамі жывёл. Беларусь зацікаўлена да яе далучыцца, адпаведнае пісьмо за подпісам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны было перададзена кіраўніцтву ФАО ў Рыме.

Каментуючы ход харчовага форуму, член Савета Рэспублікі дадала, што, нягледзячы на палітычныя і эканамічныя рознагалоссі паміж краінамі, ён стаў дыялогавай пляцоўкай, на якой спрабавалі знайсці агульную мову.

Іна Талкачова прадставіла на форуме дасягненні нашай краіны і прадпрыемства, якое ўзначальвае, у забеспячэнні харчовай бяспекі.

— Гаворка ішла пра тое, што мы пабудавалі ўнікальную перапяліную ферму замкнёнага цыкла на мільён галоў. Плюс яшчэ другая пляцоўка, — падзялілася парламентарый. — Напэўна, вось гэта і стала прычынай выбару. Для нашай краіны гэта ўнікальна ў першую чаргу таму, што яна ў сваім родзе адна такая (узведзеная ферма. — «Зв.»). Асабліва з улікам яе памераў і аб’ёмаў вырабленай прадукцыі.

Каментуючы сваё выступленне на форуме, Іна Талкачова вызначыла тры ключавыя пасылы:

— Асноўная тэма — крызісныя сітуацыі і як жанчына можа паўплываць на іх. Расказала пра тыя прэферэнцыі, якія даюцца беларускай жанчыне сёння, пачынаючы ад мацярынства і заканчваючы бізнесам. Другі пасыл — гэта развіццё рэгіёнаў з улікам таго, што дзяржава актыўна ўдзельнічае ў падтрымцы і развіцці прадпрыемстваў. 

І трэці пасыл — нягледзячы на тое, што ёсць пэўныя выклікі, наша прадпрыемства ў такіх складаных умовах змагло далей развівацца, пабудаваць перапяліную ферму ўсяго толькі за два гады, таму што была аказана падтрымка дзяржавы.

Першыя эмоцыі сенатара пасля атрымання ўзнагароды — гэта гонар за сваю краіну, якая атрымала заслужаны знак увагі і прызнанне ўкладу нашай краіны ў вытворчую бяспеку.

— Упершыню Беларусь ад ФАО і наогул ад ААН атрымала такую ўзнагароду, — адзначыла Іна Талкачова. — Самазабеспячэнне нашымі асноўнымі прадуктамі харчавання складае ў краіне больш за 100 %. Мы маем магчымасць экспартаваць сваю натуральную, смачную, карысную прадукцыю яшчэ ў больш чым 100 краін свету. Таму, безумоўна, гэтая ўзнагарода не асабіста мая. Гэта ўзнагарода краіны, калектыву птушкафабрыкі, якой я кірую. Гэта наша агульная ўзнагарода.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю