На другой сесіі Савета Рэспублікі парламентарыі разгледзелі 9 законапраектаў, абмеркавалі міжпарламенцкую дзейнасць, а таксама азнаёміліся з кнігай «Наш Прэзідэнт».
Сярод законапраектаў, якія разгледзелі сенатары на пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі, — праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». У ім карэктуюцца палажэнні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў Беларусі, Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Карэктывы ўнесены для забеспячэння індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці, узмацнення гуманістычнай накіраванасці крымінальнага закона, забеспячэння збалансаванасці яго нормаў.
Як паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Андрэй Матэльскі, галоўная мэта падрыхтоўкі гэтага законапраекта была вызначана Прэзідэнтам — зрабіць Крымінальны кодэкс больш справядлівым, каб ён дазваляў забяспечыць індывідуальны падыход пры прызначэнні пакарання: «Распрацаваны ў рамках выканання гэтага даручэння, у жніўні мінулага года законапраект быў унесены ў Палату прадстаўнікоў. Падчас работы над гэтым дакументам у парламенце ён быў аб’яднаны з праектам закона „Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі“. Законапраектам ўдасканальваюцца меры крымінальна-прававой адказнасці па шасці ключавых блоках».
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы адзначыў, што праект закона прадугледжвае карэкціроўку названых кодэксаў: «Як ужо казала Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Зв.), у нашай краіне ў грамадзянскай супольнасці вельмі высокі запыт на справядлівасць пакарання, на забеспячэнне індывідуальнага падыходу да кожнага чалавека. Гэты запыт быў пачуты Прэзідэнтам, які з улікам нармалізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў краіне даў даручэнне распрацаваць адпаведны законапраект. І было паралельна дадзена даручэнне шырока абмеркаваць гэты законапраект з насельніцтвам нашай краіны. Усе члены Савета Рэспублікі актыўна ўключыліся ў гэту работу. Абмеркаванне палажэнняў праекта ў працоўных калектывах, на сустрэчах з грамадзянамі паказала, што карэкціроўка кодэксаў пазітыўна ўспрымаецца абсалютнай большасцю грамадзян. Пры гэтым на сустрэчах былі выказаны дадатковыя прапановы, якія старанна прапрацаваны ў Савеце Рэспублікі з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і дэпутацкім корпусам. У заключэнне адзначу, што ў праекце закона комплексна рэалізаваны прынцып індывідуалізацыі адказнасці. У суда з’явіцца вялікая варыятыўнасць выбару пакарання. Праект закона дэталёва быў разгледжаны на пасяджэнні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі і дапрацаваны ў адпаведнасці з заўвагамі экспертаў».
Акрамя таго, сенатары адобрылі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху». Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч, мэтай прыняцця законапраекта з’яўляецца карэкціроўка Закона «Аб дарожным руху» ў частцы прадастаўлення права кіравання энерганасычанымі трактарамі і самаходнымі машынамі асобам, якія дасягнулі сямнаццацігадовага ўзросту. Прыняцце гэтых нормаў дазволіць навучэнцам устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у перыяд вытворчай практыкі (за год да заканчэння вучобы) атрымаць права кіравання названымі трактарамі і самаходнымі машынамі.
У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц акцэнтаваў, што асноўнай задачай гэтага законапраекта з’яўляецца павышэнне ўзроўню забяспечанасці механізатарскімі кадрамі арганізацый аграрнага сектара і іншых галін эканомікі: «Законапраект неаднаразова абмяркоўваўся на пляцоўках палат парламента, па ім маецца станоўчае заключэнне экспертыз. Законапраект накіроўваўся Прэзідэнту Беларусі і быў падтрыманы. Улічваючы важнасць і неабходнасць хутчэйшага прыняцця змяненняў і дапаўненняў у дзеючы Закон „Аб дарожным руху“, члены пастаянна камісіі выказаліся аднагалосна, і рэкамендуюць Савету Рэспублікі адобрыць разгляданы законапраект».
Акрамя таго, Савет Рэспублікі адобрыў законапраект «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы» і праект Закона «Аб змяненні Закона «Аб дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах». Ратыфікаваў: пагадненне Беларусі і КНР аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый; пагадненне Беларусі і Егіпта аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю; пагадненне Беларусі і Нікарагуа аб супрацоўніцтве ў мытных справах; пагадненне Беларусі і Індыі аб супрацоўніцтве ў мытных справах; пратакол да пагаднення Беларусі і Кубы аб узаемных пастаўках.
У тэму
Перад пасяджэннем другой сесіі Савета Рэспублікі для сенатараў была арганізавана прэзентацыі кнігі «Наш Прэзідэнт». Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што кніга «Наш Прэзідэнт» будзе для многіх у краіне настольнай: «26 студзеня ў нашай краіне прайшлі выбары Прэзідэнта Беларусі, і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка атрымаў пераканаўчую перамогу. Мы ў чарговы раз пераканаліся, што стратэгія развіцця нашай дзяржавы, абраная Прэзідэнтам, была правільнай. Гэта стратэгія, якая накіравана, перш за ўсё, на суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны, на тое, каб беларусы жылі шчасліва. І народ у поўнай меры гэта ацаніў».
Спікер Савета Рэспублікі нагадала, што кніга «Наш Прэзідэнт» была прэзентавана напярэдадні выбараў: «Гэта выданне, на мой погляд, для многіх у нашай краіне будзе настольнай кнігай. Таму што гэта прыклад таго, як чалавек сваёй працай, сваім адказным стаўленнем да справы, сваёй любоўю да свайго народа, да кожнага чалавека ў нашай краіне дасягнуў такога ўзроўню ў сваім прафесійным росце, узначаліўшы краіну. Але самае галоўнае, што на працягу ўсяго яго жыцця ён захаваў любоў да сваёй краіны, свайго народа. І гэта вельмі важна. Ён паважае кожнага чалавека ў нашай краіне. Ён ганарыцца сваёй краінай. Я дакладна ведаю, у кнізе абсалютна ўсё правільна напісана: да апошняй кроплі крыві ён аддасць сваё жыццё на карысць свайго народа і сваёй краіны».
Пасля прэзентацыі кнігі сенатары падзяліліся ўражаннямі з журналістамі. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала Смаляк адзначыла: «Кожны жыхар нашай краіны ганарыцца, што ў нас такі Прэзідэнт. Гэту кнігу павінен мець кожны беларус, і пры міжнародных візітах мы будзем дарыць яе калегам». У сваю чаргу, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега заявіла: «Прачытаць гэтую кнігу павінен кожны, бо і выбары паказалі, што Прэзідэнт у нас — народны. Кніга знойдзе свайго чытача — ад школьнікаў да дарослых людзей, якія будавалі гэтую краіну разам з Прэзідэнтам».
Фота БелТА