Top.Mail.Ru

Члены Савета Рэспублікі адобрылі шэраг законапраектаў

У ходзе пасяджэння чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі былі разгледжаны законапраекты, якія датычацца розных сфер жыцця. 


«Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж дзяржавамі — членамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва аб Антынаркатычным цэнтры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва» 

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заклікала СМІ больш актыўна асвятляць праблему незаконнага абароту наркотыкаў. «Мы дастаткова эфектыўна працуем (у гэтым кірунку. — „Зв.“) дзякуючы органам унутраных спраў і сілавым структурам, якія займаюцца гэтымі пытаннямі, але гаварыць аб названай праблеме ў сродках масавай інфармацыі трэба», — адзначыла спікер. 

Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ падкрэсліў, што неабходнасць падпісання Пагаднення прадыктавана пашырэннем аб’ёму і каналаў паставак наркотыкаў як з тэрыторыі краін Еўрасаюза, так і з азіяцкага напрамку, выкарыстаннем шэрых схем абароту прэкурсораў у Індыі, Кітаі для паставак на сусветны рынак, сыходам арганізаванай нарказлачыннасці ў віртуальную прастору, ужываннем для ўзаемных разлікаў у сферы наркабізнесу плацежных сродкаў, не звязаных з банкаўскай сістэмай», — патлумачыў ён.

«Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні»

Каб быць упэўненым у якаснай пастаўцы вады для карыстання, дакументам прадугледжаны шэраг навацый, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ. «Напрыклад, будзе створаны рэестр усіх водакарыстальнікаў, — канкрэтызаваў сенатар. — У ім будуць пайменна пазначаныя арганізацыі, якія займаюцца пастаўкай вады для жыллёвага сектара. У тых арганізацыях, дзе няма неабходных спецыялістаў для якаснай падачы вады (напрыклад, у сельскагаспадарчых арганізацыях), такія свідравіны і водаправоды будуць перадавацца камунальным службам, «Водаканалу». І ў цэлым у краіне за гэта будзе адказваць «Водаканал».

«Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін»

Законапраектам прадугледжаны карэкціроўкі, накіраваныя на прывядзенне законаў у адпаведнасць з Кодэксам грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь. Яны таксама датычацца ўдакладнення тэрміналогіі, падсуднасці пэўных катэгорый спраў, дакументаў, якія падаюцца ў суд.

У сувязі з апошнімі зменамі ў Грамадзянскі кодэкс праектам закона ўдасканальваюцца пытанні, якія датычацца дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Аб гэтай навацыі расказаў міністр юстыцыі Яўген КАВАЛЕНКА. «У дадзеным выпадку асноўныя змены заключаюцца ва ўдакладненні парадку рэарганізацыі і ліквідацыі гаспадарчых таварыстваў, у замацаванні магчымасці для таварыстваў з абмежаванай адказнасцю дзейнічаць на падставе тыпавога статута, ва ўрэгуляванні пытанняў дзейнасці філіялаў замежных юрыдычных асоб».

«Аб лізінгавай дзейнасці» 

Лізінг ужо стаў звыклым фінансавым інструментам для фінансавання сваіх спажывецкіх патрэб, адзначыў намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Дзяніс СКАБЯЛКА. «9 верасня 2025 года на нарадзе з Нацыянальным банкам і банкаўскім сектарам кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на захаванні прынцыпу справядлівасці ў эканоміцы і фінансавых адносінах, павышэнні ўзроўню абароны грамадзян, зніжэнні іх фінансавай уразлівасці. Менавіта гэтыя прынцыпы сталі асноватворнымі пры распрацоўцы законапраекта „Аб лізінгавай дзейнасці“, які мае выразную сацыяльную накіраванасць», — дадаў ён.


Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю