Сёлета ў Беларусі пачалі работу каля 60 тысяч маладых спецыялістаў. Падтрымку на першых працоўных месцах ім аказваюць і сенатары.
Член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін сустрэўся з маладымі спецыялістамі Магілёўскага аддзялення БЧ у Кантакт-цэнтры.
Падчас дыялогу паразмаўлялі аб жыццёвых арыенцірах, аб службе ў арміі, дзяржаўнай падтрымцы маладых спецыялістаў, патрыятызме, выбары прафесіі.
Аляксандр Гарошкін падкрэсліў, што вельмі важна заставацца ў жыцці Чалавекам, любіць сваю Радзіму, ніколі не страчваць упэўненасці ў сабе і абавязкова рухацца наперад да сваіх мэт.
Асаблівым момантам сустрэчы стала ўручэнне членскіх білетаў РГА «Белая Русь» тым, хто прыняў рашэнне ўступіць у рады грамадскага аб’яднання. Аляксандр Рыгоравіч асабіста павіншаваў новых сяброў арганізацыі і пажадаў ім актыўнай грамадзянскай пазіцыі і прафесійных поспехаў:
— Наша агульная задача — каб кожны малады спецыяліст адчуваў сябе не часовым работнікам, а часткай вялікай каманды, дзе чуюць яго голас, вырашаюць яго праблемы і бачаць яго патэнцыял. Упэўнены, што такія сустрэчы ўмацоўваюць сувязь пакаленняў і робяць галіну наймацнейшай.
Маладыя супрацоўнікі змаглі задаць сенатару хвалюючыя іх пытанні, падзяліцца меркаваннямі, расказаць пра першыя працоўныя будні і свае ўражанні.
Член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч уручыў ключы ад кватэр маладым спецыялістам прадпрыемства.
У гэтым годзе на «Граніт» працаваць па размеркаванні прыйшлі 25 маладых спецыялістаў. Эдуард Гаўрылковіч абмеркаваў з імі прафесійны і кар’ерны рост, расказаў аб тым, якія магчымасці адкрываюцца перад моладдзю. Асаблівы момант сустрэчы — уручэнне парламентарыем ключоў ад арэндных кватэр 4 маладым спецыялістам. Як адзначыў дырэктар РУВП «Граніт», важную ролю ў працэсе прыцягнення на прадпрыемства моладзі адыгрываюць указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 38 і № 344 — яны сталі дзейснай мерай падтрымкі маладых кадраў і іх замацавання на месцах. Ільготнае крэдытаванне жылля, дадатковыя сацыяльныя гарантыі, стымулы для наймальнікаў — усё гэта працуе на адну мэту: каб таленавіты спецыяліст абраў жыццё і кар’еру ў сваім рэгіёне, а не шукаў магчымасці ўдалечыні ад дома.
«Моладзь — гэта апора сёння. І наша агульная задача — ствараць умовы, у якіх хочацца будаваць кар’еру, сям’ю і будучыню менавіта тут, у рэгіёнах. Прыемна, што ўсе ўдзельнікі размаўлялі шчыра, задавалі хвалюючыя іх пытанні, дзяліліся сваёй энергіяй».
Член Савета Рэспублікі, дырэктар ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» Аляксандр Багель павіншаваў з пачаткам працоўнай дзейнасці маладых спецыялістаў свайго сельгаспрадпрыемства.
Кіраўнік праслаўленай гаспадаркі пажадаў новым работнікам вернасці выбранай прафесіі і пастаяннага жадання павышаць сваё прафесійнае майстэрства, абмеркаваў пытанні падтрымкі маладых спецыялістаў. Удзельнікі сустрэчы таксама наведалі музей Працоўнай Славы ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага».
«Безумоўна, пачатак працоўнай дзейнасці для маладых хлопцаў — гэта няпросты і хвалюючы момант, — адзначыў сенатар. — З мэтай паспяховай адаптацыі і праводзяцца падобныя сустрэчы. Задача для кіраўніка — раскрыць талент маладога спецыяліста і дапамагчы адаптавацца ў калектыве. А яшчэ мы павінны паказаць моладзі, што іх меркаванне важнае, і дзяржава робіць усё магчымае для іх прафесійнага развіцця».