Top.Mail.Ru
111

Чорная ружа — эмблема журбы...

Мужчынская вернасць... У юнацтве мы, дзяўчаты, не сумняваемся ў яе існаванні, бо ўпэўнены, што наш абраннік будзе якраз такім. Аднак з гадамі бачым, што «прайсці праз вернасць» — гэта і сапраўды ці не самае складанае.



...У санаторыі абавязковы элемент аздараўленчай праграмы (нароўні з лячэбнымі працэдурамі) — вячэрняя дыскатэка. На пачатку адной з іх да мяне падышоў немалады, але досыць прывабны мужчына. «Міхаіл», — прадставіўся, запрасіўшы на танец, потым спытаў, як завуць мяне, а калі музыка сціхла, ветліва прапанаваў выпіць па кубачку кавы ў санаторным бары.

— Ведаеце, раней я заўсёды з жонкай сюды прыязджаў, — уздыхнуў мой новы знаёмец, як толькі занялі свабодны столік.

— Чаму ж цяпер адзін? — міжволі вырвалася ў мяне.

— Ды ўжо сем гадоў, як я удавец, — прызнаўся мужчына і, «не пачуўшы» маіх прабачэнняў, стаў расказваць пра сябе.

Калі коратка, ён з тутэйшых і родам з вёскі. Некалі скончыў мараходнае вучылішча ў Калінінградзе, пабываў у многіх краінах, разам з сям’ёй нейкі час жыў на Поўначы, у Мурманску, меў там досыць паспяховы бізнес, але ўрэшце вярнуўся дамоў у Беларусь, каб разам з жонкай і дочкамі пасяліцца ў прыгожым прасторным доме, набытым у адным з райцэнтраў...

Праўда, шчасце на роднай зямлі было зусім нядоўгім: жонка, якая заўсёды дзяліла з ім і радасць, і нягоды, цяжка захварэла. І што толькі муж ні рабіў — паказваў розным урачам, набываў лекі і пуцёўкі, вазіў на лячэнне за межы краіны — усё аказалася марным: «Тані, якой жыць бы ды жыць», аднойчы не стала...

Як ён справіўся з гэткім горам, Міхаіл не расказваў. Мяркую, што ратавалі клопаты і думкі пра дзяцей і ўнукаў. Бацька і дзед не без гонару паказаў іх фатаграфіі, сказаў, што дочкі ўдала выйшлі замуж і што сам ён ужо прывык да адзіноты, што забываецца на яе хіба летам, калі дом запаўняецца галасамі «трох бесклапотных птушак» — яго з Таццянай унучак. «Такое каханне, як у нас з ёй, на чалавечым веку толькі раз здараецца», — прызнаўся Міхаіл і тым самым як бы патлумачыў, чаму ўсе гэтыя гады жыве адзін.

Мне ж, уражанай чужым прызнаннем, заставалася хіба здагадвацца, дзе яны маглі пазнаёміцца, якой, напэўна, цудоўнай жонкай і маці была Таццяна, як гэтыя двое на суровай Поўначы бераглі сваё пачуццё ад «холаду» будзённасці, як не згубілі яго, вярнуўшыся на радзіму...

На развітанне мы з Міхаілам абмяняліся нумарамі тэлефонаў, хоць разумелі, што падтрымліваць сувязь наўрад ці будзем.

І сапраўды, за два гады, якія прайшлі, выпадковы знаёмы нагадаў пра сябе толькі аднойчы. Мінулым летам ён даслаў некалькі здымкаў: адкрыўшы іх на тэлефоне, я ўбачыла, што з экрана мне «ўсміхаюцца»... ружы — белыя, жоўтыя, чорна-чырвоныя... Проста бездакорныя ў сваім харастве! «Любімыя Таніны кветкі», — паведаміў Міхаіл.

І я зразумела, што песціць ён гэту прыгажосць не проста як памяць пра жонку. Ружы для яго — увасабленне кахання і вернасці з пачуццяў, непадуладных смерці.

Ірына МАТУСЕВІЧ,

Дзяржынскі раён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю