Адказныя інстанцыі Літвы не выключаюць версіі сабатажу ў сувязі з дзвюма чыгуначнымі аварыямі, якія здарыліся ў краіне на працягу двух дзён. Аб гэтым заявіў кіраўнік Мінтранса Юрас Тамінскас, перадае БелТА.
Адказваючы на пытанне аб верагоднасці акта сабатажу, Юрас Тамінскас падкрэсліў: «Абедзве аварыйныя сітуацыі, якія мелі месца ў пятніцу і суботу, расследуюцца. Ацэньваем іх з усіх ракурсаў».
Паводле яго слоў, у ходзе расследаванняў трэба атрымаць адказ на пытанне, як гэта здарылася. «На сённяшні дзень складана сцвярджаць, што гэта не звязана з інфраструктурай ці іншымі абставінамі», — удакладніў кіраўнік ведамства.
Расследаванне аварый праводзяць аддзел вывучэння пытанняў бяспекі Мінюста, дзяржаўная кампанія «Летувас гележынкеляй» («Чыгунка Літвы») і дэпартамент паліцыі. Паліцыя гаворыць аб версіі тэхнічных непаладак. Паводле інфармацыі дэпартамента, прыкмет злачыннай дзейнасці пакуль не ўстаноўлена.
Першая аварыя адбылася ў пятніцу на станцыі Гуджунай у Кедайнскім раёне. З рэек сышлі тры платформы са шчэбнем. У суботу ў Каўнаскім раёне сышлі з рэек лакаматыў і некалькі таварных вагонаў, якія перавозілі метанол. У абодвух выпадках ніхто не пацярпеў. Уцечкі метанолу (метылавага спірту) не адбылося. Як паведамлялася, з-за аварыі ў Каўнаскім раёне быў спынены рух і па суседніх пуцях, што закранула звыш 20 пасажырскіх паяздоў.