Top.Mail.Ru

Чвэрць стагоддзя працуе Іван Дульдзер на машыне вясковай медыцынскай дапамогі

З жылкай гаспадара


Кажуць, што мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць сына. Дык вось гэта пра яго, Івана Дульдзера з вёскі Камароўка Брэсцкага раёна. Дом для сям’і ён пабудаваў, пасадзіў шмат дрэў не толькі на ўласнай сядзібе, але і ў роднай вёсцы, разам з жонкай Любоўю Дзмітрыеўнай яны выгадавалі двух сыноў і дачку. Як сапраўдны вясковы чалавек заўсёды жыў з мазаля: паспяваў і на рабоце, і ў хатняй гаспадарцы.

Вось ужо чвэрць стагоддзя ён працуе кіроўцам Тамашоўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Кіраўнік вясковай медустановы Юрый Мурашка сцвярджае, што такога працаўніка яшчэ трэба пашукаць, яго гаспадарская жылка адчуваецца ва ўсім. 

Машына ў Івана Лявонцьевіча заўсёды дагледжана. Тэхніку ён любіць, часу на прафілактыку не шкадуе, таму аўтамабіль заўжды ў поўным парадку і гатовы выехаць у любы населены пункт, дзе патрэбна дапамога чалавеку. 

Літаральна днямі амбулаторыя атрымала новую машыну, значыць, медыцынская дапамога становіцца яшчэ больш мабільнай. А за беражлівае стаўленне да новай тэхнікі тут не перажываюць.

Іван Дульдзер пералічвае населеныя пункты, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання амбулаторыі, — гэта Тамашоўка, Камароўка, Орхава, Прыбарава, Рыцец, Селяхі, Харсы. Здавалася б, кіроўца, аднак ведае ўсіх патэнцыяльных пацыентаў, тых, каму часцей патрэбная дапамога. Напрыклад, у Рытцы, які размешчаны на самай граніцы з Украінай, засталося тры жыхары — усе пажылыя, да іх нярэдка заязджаюць. А Селяхі — самая аддаленая вёска, туды даводзіцца вельмі спяшацца, калі паступае выклік. У Прыбараве ёсць ФАП, куды таксама машына ідзе фактычна кожны тыдзень, своечасова трэба даставіць медыкаменты, падвезці доктара.

— Тамашоўка цяпер самая «касмічная» вёска нашай краіны, вядомасць ёй прынёс наш зямляк Пётр Клімук, ну і музей, абсталяваны з яго дапамогай, — расказвае Іван Лявонцьевіч. — А для мяне гэта малая радзіма. 

Я нарадзіўся і вырас у суседняй Камароўцы, адсюль і мая жонка. І хоць у маладыя гады папрацаваў на прасторах былой вялікай краіны, ніколі не разглядаў іншага месца для жыцця акрамя роднай вёскі. 

У нас, як падаецца, самыя прыгожыя мясціны, самыя добрыя людзі. А цяпер ёсць усе ўмовы, і зусім яны не горшыя за гарадскія — праведзены газ, дамы з выгодамі. У вёсцы маецца ўся неабходная інфраструктура: школа — адна з найлепшых у раёне, дзіцячы садок з басейнам, медыцынская дапамога — побач, гандаль наладжаны, дарогі добрыя. Ёсць магчымасць займацца фермерствам, развіваць падсобную гаспадарку. Адным словам, жыві і прымнажай свой дабрабыт.

Пра Івана Дульдзера расказваюць, што ён чалавек неабыякавы да ўсяго, што адбываецца ў роднай вёсцы. І калі доктар па абавязку службы наведвае нядбайных гаспадароў, тых, хто ўласным ладам жыцця падрывае сваё здароўе, то Іван не саромеецца паўшчуваць такога чалавека. Ён жа ведае ўсіх тут з дзяцінства. П’яніцу нагадае, якімі працавітымі былі бацькі, а вось сын сваімі паводзінамі прыніжае памяць пра іх. І бывала, што ўздзейнічала, задумваліся тыя асобы, што стаялі на мяжы асацыяльных паводзін. Відаць, таму і выбралі Івана Дульдзера старастам Камароўкі. Цяпер ён ужо па сваім грамадскім абавязку наведвае тых, хто патрабуе асаблівай увагі, склікае аднавяскоўцаў на суботнікі, каб разам навесці парадак, пасадзіць дрэвы і ўпрыгожыць родную мясціну. Землякі, несумненна, аказалі давер Івану Лявонцьевічу, калі выбралі яго летась дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. А нядаўна на абласным мерапрыемстве яго адзначылі за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод вясковых стараст.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю