Top.Mail.Ru

Чым адметная новая сталічная паліклініка будучыні

«Палац медыцыны» побач з домам

Доўгачаканая падзея адбылася днямі для жыхароў мікрараёна Усходні, ды і бадай усяго сталічнага Уручча. Тут з удзелам кіраўніка дзяржавы адкрылася 42-я паліклініка. Для жыхароў мікрараёна не толькі спрасцілася лагістыка — цяпер медустанова калі не ў пешай даступнасці, то за некалькі прыпынкаў. Але самае галоўнае — мінчане (і не толькі яны) атрымалі ў падарунак самы сучасны будынак з найноўшым абсталяваннем. Цяпер медыцынскую дапамогу яны будуць атрымліваць на новым узроўні, а ўстанову па праве ўжо назвалі паліклінікай будучыні.

«Мы адкрываем самую сучасную, самую прасунутую паліклініку. Так і павінна быць. З кожным разам мы больш сучасныя аб’екты і аховы здароўя, і адукацыі адкрываем».

Аляксандр Лукашэнка пад час адкрыцця паліклінікі ў сталічным мікрараёне Уручча, 3 красавіка 2026 года.

З найноўшым абсталяваннем

Сучасны сяміпавярховы будынак змяшчае кабінеты ўрачоў, лабараторыі і нават дзве аперацыйныя. Усе яны запоўнены новым абсталяваннем, а яно ў сучасных умовах адыгрывае вырашальную ролю, бо, як вядома, дазваляе ўрачу больш дакладна ставіць дыягназ і выяўляць захворванні, у тым ліку анкалагічныя на ранняй стадыі. Напрыклад, рэнтгеналагічнае аддзяленне займае ажно два паверхі.

— Паліклініка разлічана на 850 наведванняў за змену і абслугоўвае звыш 25 тысяч чалавек. У нашай установе маецца флюарограф, два рэнтген-апараты на 2 і 3 рабочыя месцы і мамограф. На сёння штатны расклад зацверджаны: у паліклініцы працуе 220 супрацоўнікаў, — расказвае галоўны ўрач паліклінікі Вольга МУДРАЯ.

Акрамя траўмахірургічнага аддзялення, жаночай кансультацыі, двух аддзяленняў агульнай урачэбнай практыкі, аддзялення прафілактыкі, тут прымаюць неўролаг, эндакрынолаг, отарыналарынголаг, афтальмолаг. Можна зрабіць не толькі звыклыя аналізы і абследаванні, але і больш спецыфічныя — напрыклад, жанчыны змогуць тут прайсці мамаграфію — працэдуру, якая дазваляе выявіць злаякасныя ўтварэнні на ранняй стадыі.

— Правядзенне мамаграфіі выяўляе ўтварэнне да пяці міліметраў, тым самым ратуючы жанчыну ад анкалагічных захворванняў. Калі выявіць на ранніх стадыях, жанчына праходзіць лячэнне і застаецца здаровай, — тлумачыць галоўны ўрач.

Аперацыйныя для паліклінікі — з’ява не распаўсюджаная, асабліва ў аддзяленні жаночай кансультацыі. У 42-й паліклініцы, адзінай у сталіцы, будуць праводзіцца малаінвазійныя аперацыі (гістэраскапіі) у амбулаторных умовах, калі пасля ўмяшання жанчыну назіраюць 2-3 гадзіны, а потым яна адпраўляецца дадому. Іх будзе выконваць загадчык аддзялення жаночай кансультацыі. Дзякуючы гэтаму пацыенткам не трэба будзе ляжаць у стацыянары, адпаведна на гарадскія бальніцы зменшыцца нагрузка, што дазволіць сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Аддзяленне жаночай кансультацыі і аперацыйная абсталяваны сучаснымі і хірургічнымі сталамі, кальпаскопамі, крэсламі, апаратамі УГД. Адзін з іх перасоўны — яго падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця медустанове падарыў Прэзідэнт. Такі апарат вельмі дарэчы пацыенткам, якім выканалі аперацыі, каб весці назіранне за іх станам у палаце.

Не толькі для мінчан

У траўмахірургічным аддзяленні малаінвазійныя аперацыі праводзяцца як урачамі-хірургамі, так і траўматолагамі. Гэта выдаленне спіц металаканструкцый, што звычайна робіцца ва ўмовах прыёмнага аддзялення стацыянара. А таксама хірургічнае выдаленне дабраякасных утварэнняў. Гэта таксама так званая хірургія аднаго дня — пацыента аперыруюць, пасля чаго ён 2-3 гадзіны адпачывае ў палаце і вяртаецца дадому.

Дарэчы, аперацыйнае траўмахірургічнае аддзяленне аказвае кругласутачную траўматалагічную дапамогу, разгружаючы стацыянары горада, — цяпер пацыентам не трэба звяртацца ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу ці Гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Два вялікія паверхі займае і аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Тут можна прайсці такія працэдуры, як УВЧ, ультрагук, азакерыт, механатэрапію, наведаць трэнажорныя залы. Ёсць таксама вялікая ванная зала, дзе ўстаноўлена 5 ваннаў, а таксама гідрамасажная ванна і душ Шарко.

— Водныя працэдуры дазваляюць аднаўляецца пасля інсультаў, траўмаў, артрозаў. Таму пацыенту не трэба ехаць ні ў санаторый, ні ў рэабілітацыйныя стацыянары. У нас можна атрымаць увесь комплекс медыцынскіх рэабілітацыйных паслуг.

Адметна, што такая сучасная паліклініка разлічана не толькі на мінчан, але даступная і жыхарам іншых рэгіёнаў.

— На тэрыторыі нашага абслугоўвання жыве насельніцтва не толькі Мінска, ёсць прымацаванае насельніцтва, якое зарэгістравана ў іншых раёнах нашай краіны. Таму пры звароце па экстранную медыцынскую дапамогу мы аказваем яе бясплатна, як і любую медыцынскую дапамогу ў амбулаторных умовах, — адзначыла Вольга Мудрая.

Аналізы — за хвіліны

Лабараторыя паліклінікі — гэта яе «вочы», якія дазваляюць урачу выявіць схаваныя працэсы ў арганізме, паставіць дакладны дыягназ і прызначыць правільнае лячэнне. Тут маецца сучаснае абсталяванне, у прыватнасці новыя гематалагічныя аналізатары, якія распазнаюць формулу крыві больш падрабязна.

— Таксама на нашай базе выконваюцца гемастазіяграмы для пацыентаў, якія прымаюць прэпараты варфарынавых груп. Выконваецца агульны аналіз мачы — таксама прымяняюцца сучасныя праточныя аналізатары, вызначаецца глюкоза крыві, — расказвае старшы фельчар-лабарант Наталля Мігаль.

Вынік аналізу крыві пацыент можа атрымаць ужо праз 10-15 хвілін, некаторыя метады, напрыклад хуткасць асядання эрытрацытаў, больш працяглыя і займаюць гадзіну. Такі тэрмін стаў магчымы і дзякуючы новаму абсталяванню, аснашчанаму ўсімі кантрольнымі кропкамі, раней жа многія з аперацый па кантролі якасці лабаранты рабілі ўручную.

«Вялікі плюс для нас»

Сярод першых наведвальнікаў новай паліклінікі — пенсіянерка Лідзія Мікалаеўна Бакал. Яна прыйшла на прыём да ўрача агульнай практыкі.

— Гэта вялікі плюс для ўсяго нашага насельніцтва 9-га кіламетра. Раней мы абслугоўваліся ў 28-й паліклініцы. Меліся пэўныя складанасці, бо паліклініка часам была перапоўнена. Цяпер у нас новая, прасторная паліклініка, цудоўнае абсталяванне ўжо новага пакалення. Я ўдзячная кіраўніцтву краіны, што клапоціцца, робіць наша жыццё лягчэйшым. Увогуле, удзячная ўсім, хто стварыў такі палац медыцыны, — падзялілася жанчына.

Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю