Top.Mail.Ru

Чым адметны месяц гісторыка-культурнага турызму?

Першы летні месяц прысвечаны гісторыка-культурнаму турызму. Замкі, палацы, музеі, сядзібы рыхтуюць шэраг праектаў і праграм для наведвальнікаў. Дарэчы, па выніках мінулага года ў топ-3 па наведвальнасці ўвайшлі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Тэма патрыятычнага выхавання, 80-годдзя Вялікай Перамогі захоўвае лідарскія пазіцыі і сёлета. У першым квартале таксама найбольш запатрабаванымі для наведвання былі музеі ваеннай тэматыкі.


Драйвер развіцця...

Гісторыка-культурны турызм, які дынамічна развіваецца, вельмі важны для кожнай краіны кірунак. Помнікі архітэктуры, цікавыя музейныя экспазіцыі дапамагаюць паспяхова папулярызаваць турыстычны патэнцыял рэгіёнаў.

— Гісторыка-культурны турызм — драйвер развіцця эканомікі. Турысты, якія імкнуцца наведаць нашы замкі, палацы, радавыя сядзібы, старажытныя цэрквы, музеі, карыстаюцца дадатковымі паслугамі па пражыванні, харчаванні, набываюць сувеніры, — адзначыла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Дар’я Шыбека.

Чэрвень насычаны падзеямі. Да 8 чэрвеня праходзіць маштабная рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». З кожным годам колькасць яе ўдзельнікаў павялічваецца. Сёлета прадстаўлены звыш 1,4 тысячы турыстычных аб’ектаў, якія прымуць турыстаў і экскурсантаў. Хтосьці дае зніжкі на паслугі, хтосьці — магчымасць бясплатнага наведвання. Праводзяцца майстар-класы, дэгустацыі, віктарыны і тэматычныя мерапрыемствы.

Адметна, што большасць удзельнікаў акцыі (звыш 460) — аб’екты гісторыка-культурнага турызму. Сярод іх — Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, Лошыцкая сядзіба, Гальшанскі замак, дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, музейны комплекс у Жылічах, Нацыянальны гістарычны музей, Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Нацыянальнае агенцтва па турызме таксама плануе сёння правесці выязны семінар для прадстаўнікоў турбізнесу па Пастаўскім раёне ў рамках фестывалю «Вытокі». Яго ўдзельнікі пазнаёмяцца з гісторыка-культурнай спадчынай гэтага рэгіёна, наведаюць некалькі аграсядзіб, абмяняюцца вопытам падчас круглага стала. Яшчэ адна знакавая падзея — маштабныя мерапрыемствы ў Полацку, прымеркаваныя да 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.

Зрэшты, фестывалі, квэсты, гульні, анімацыйныя праграмы арганізоўваюць усе музеі нашай краіны. Напрыклад, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» з 6 да 8 чэрвеня правядзе «Вечары музычнага тэатра „Пецярбургская аперэта“ ў замку Радзівілаў»; 14 чэрвеня ў цэнтральным двары Палацавага ансамбля прагучаць легендарныя хіты з фільмаў знакамітых кампазітараў, а ў летні вечар 15-га — кампазіцыі найлепшых сусветных аўтараў і вакалістаў у выкананні Камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі; з 20 да 22-га — будуць арганізаваны традыцыйныя «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў».

... І цэнтр камунікацыі

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Надзея Аўдзей, лідзіруюць па наведвальнасці музеі ваеннай тэматыкі. З аб’ектаў палацава-паркавай спадчыны ўзначальвае рэйтынг Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», замкавы комплекс «Мір» і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Надзея Аўдзей назвала гісторыка-культурны турызм не толькі адным з вектараў развіцця дзейнасці, але і брэндам прасоўвання гісторыка-культурнай спадчыны. Да праграмы далучаюцца, акрамя музейных устаноў, крэпасці, храмы, мемарыяльныя месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю знакамітых людзей.

f665c876d89821592f43c55b282e5bb5.jpg

— Патрэба ў музеях у турыстаў расце. Музей сёння, акрамя таго, што дае магчымасць пазнаёміцца з гістарычным і культурным мінулым краіны, даведацца шмат цікавага аб асобах, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё краіны, становіцца цэнтрам камунікацыі. У рамках экспазіцыйных прастор можна не толькі ўбачыць прадмет, але і паўдзельнічаць у розных культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, гульнях, квэстах, анімацыйных праграмах, а гэта яшчэ больш паглыбляе наведвальнікаў у тыя ці іншыя вехі нашай гісторыі, — рэзюмавала Надзея Аўдзей.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю